Актывісты прафсаюза РЭП з Гомеля Андрэй і Яўгенія Стрыжак 13 сакавіка былі затрыманыя на беларускай-літоўскай мяжы на памежным пераходзе "Каменны Лог". Пра гэта ў сацыяльных сетках паведамляе Андрэй Стрыжак:
Зайшлі на пагранпераход у 20.45 і выйшлі ў 23.50, ніхто не патлумачыў прычыны, па якіх нас знялі з рэйсу. Наладзілі асабісты дагляд (распранулі да трусоў і дагледзелі ўвесь багаж). Канфіскавалі тры кактусы, якія мы везлі на падарунак… (фітасантарны кантроль строга ахоўвае дзяржаўны суверэнітэт), а яшчэ нам забілі гэтую ноч, за якую трэба яшчэ нейкім чынам дабрацца да Гомеля. Увогуле, прыгоды цалкам годныя 13-га чысла, але бывае і горш. Дзеянні намесніка начальніка Гродзенскай мытні Сазонава В.П., які санкцыянаваў дагляд, будуць абскарджаны. Дзякуй усім, хто непакоіўся за наш лёс. Мы ўжо на шляху ў Мінск.
Намеснік старшыні Гомельскага прафкама РЭП Андрэй Стрыжак і рэдактар сайта praca-by.info Яўгенія Стрыжак вярталіся вечарам рэйсавым аўтобусам з Літвы. Вядома, што актывістаў выклікалі для паглыбленага надгляду, але прычыну не паведамілі.
Некалькі дзён таму, 7 сакавіка, 7 сакавіка падчас памежнага і мытнага кантролю на станцыі Гудагай былі знятыя з цягніка для асабістага дагляду намесніца старшыні прафсаюза Зінаіда Міхнюк і адна з каардынатараў моладзевай сеткі РЭП Ганна Дусь, якія ехалі з Вільні ў Мінск.
Крыніца: Чарговы дагляд актывістаў прафсаюза РЭП на літоўскай мяжы