20.12.2023 Тэгі: аналітыка, выбары-2024 Экспертная місія па назіранні за выбарамі*2024 арганізаваная Беларускім Хельсінкскім камітэтам і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Місія збірае і аналізуе інфармацыю аб выбарчай кампаніі па адкрытых крыніцах і паведамленнях ад выбаршчыкаў з Беларусі.

Высновы:

  • Фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісій (ТВК) і акруговых выбарчых камісій (АВК), якія з'яўляюцца важным механізмам выбарчага працэсу, пацвердзіла курс на абсалютны кантроль уладамі над усімі этапамі выбараў*2024;
  • назіральнікі ў адпаведнасці з абноўленым заканадаўствам не мелі магчымасць прысутнічаць на пасяджэннях органаў, якія ўтваралі ТВК і АВК;
  • этап вылучэння ў выбарчыя камісіі суправаджаўся ціскам з боку праваахоўных органаў у выглядзе ператрусаў і праверак у дачыненні да людзей, што праяўлялі актыўнасць падчас папярэдніх электаральных кампаній, што толькі ўмацавала атмасферу страху і з'явілася своеасаблівым сігналам для патэнцыйных удзельнікаў выбарчай кампаніі аб магчымых наступствах прыняцця ўдзелу ў дзейнасці камісій;
  • рэзка абмежаванае кола суб'ектаў, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад ТВК і АВК (у выніку рэпрэсій катастрафічна скарацілася колькасць грамадскіх аб'яднанняў; пасля перарэгістрацыі з 16 засталося толькі 4 праўладныя палітычныя партыі );
  • большасць прадстаўнікоў у складзе АВК (74,3%) і значная частка — у складзе ТВК (47,1%) вылучаная праўладнымі грамадскімі аб'яднаннямі; 4 палітычныя партыі вылучылі 2,83% прадстаўнікоў у ТВК і 16,3% у АВК;
  • слабое інфармаванне выбаршчыкаў аб магчымасці ўзяць удзел у фармаванні выбарчых камісій сведчыць аб незацікаўленасці ўладаў і ключавых суб'ектаў у выглядзе палітычных партый ды іншых грамадскіх аб'яднанняў у актыўным удзеле выбаршчыкаў у дзейнасці выбарчых камісій;
  • працэс правядзення пасяджэнняў па фармаванні тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій характарызаваўся нізкай ступенню адкрытасці і празрыстасці, не забяспечваў дастатковую інфармаванасць грамадзян, быў фармальным і праходзіў пад жорсткім адміністрацыйным кантролем уладаў;
  • доля прадстаўнікоў палітычных партый у складзе ТВК і АВК застаецца па-ранейшаму нязначнай (2,9% і 15,6% адпаведна) у параўнанні з доляй прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў (44,5% і 57,8% адпаведна);
  • асноўным рэсурсам выканаўцаў, што забяспечваюць правядзенне выбараў*, як і раней, з'яўляюцца пяць найбуйнейшых грамадскіх аб'яднанняў (БРСМ, "Белая Русь", Саюз жанчын, Саюз ветэранаў, Фонд міру) і прафсаюзы, што ўваходзяць у ФПБ, якія маюць (акрамя Фонду міру) з 2023г. заканадаўча замацаваны асаблівы статус набліжанасці да дзяржавы; працэнт праходнасці вылучаных імі прадстаўнікоў у склад камісій складае 98,7% у ТВК і 99% у АВК;
  • адміністрацыйны кантроль над фармаваннем камісій і наканаванасць рашэнняў аб зацвярджэнні іх складу пацвярджаюцца суадносінамі вылучаных і абраных членаў: 98,4%;
  • ва ўсіх створаных выбарчых камісіях адсутнічаюць прадстаўнікі непраўладных партый і незалежных грамадскіх аб'яднанняў;
  • захоўваецца гендарная дыспрапорцыя: доля жанчын (81,7%) у складзе камісій значна перавышае долю мужчын (18,3%).

Для мэтаў дакументаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тэрмін "выбары*" у дачыненні да выбарчай кампаніі–2024 выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, бо любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцый, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае.

"Праваабаронцы за свбодныя выбары"

Выбары*2024. Аналітычная cправаздача аб фармаванні тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій

Файлы

Крыніца: Выбары*2024. Аналітычная cправаздача аб фармаванні тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій Дакумент