21.12.2023 Тэгі: палітвязні, праваабаронцы, рэпрэсіі, салідарнасць, справа Вясны Асобы: Марфа Рабкова У Нямечынне выйшла кніга пра палітзняволеных жанчын Беларусі пад назвай "Калі вы ідзяце праз пекла, не спыняйцеся" ("Wenn du durch die Hölle gehst, dann geh weiter"). У кнігу ўвайшлі сведчанні, інтэрв'ю, выступы ў судзе Марфы РабковайМарыі Калеснікавай, Кацярыны Андрэевай, Наталлі Хершэ, Вольгі Класкоўскай, Насты Лойкі ды іншых жанчын, якія патрапілі пад палітычны пераслед у выніку пратэстаў Беларусі ў 2020 годзе. Кніга выдадзена на нямецкай мове. Яе ўкладальніцай з'яўляецца кінарэжысёрка, прадзюсарка і калумністка Кардэлія Дворак (Cordelia Dvorák). Матэрыял для кнігі збіралі цягам 15 месяцаў пры падтрымцы Праваабарончага цэнтра "Вясна" і ініцыятывы Politzek.me. Праваабаронцы "Вясны", якія ўдзельнічалі ў зборы матэрыялаў для кнігі, распавялі пра яе важнасць.

kniga_salidarnac.jpg
Так выглядае кніга "Wenn du durch die Hölle gehst, dann geh weiter"

"Улетку 2020 года тварам беларускай рэвалюцыі сталі жанчыны. Сёння, сярод жыцця, поўнага пераследу, гвалту і тэрору, паказанні жанчын з турмаў Беларусі – з’яўляюцца прыкметай годнасці і вытрымкі", — гаворыцца ў анатацыі да кнігі.

Праваабаронцы "Вясны" адзначаюць, што лісты за кратамі з'яўляюцца неад'емнай і важнай часткай шляху зняволення палітычных зняволеных. Таму вельмі важна дакументаваць і гэта:

"Амаль усе палітвязні, што выйшлі на свабоду, сцвярджаюць, што лісты — гэта тое, што дае падтрымку за кратамі, надзею і, канешне, такую неабходную сувязь са знешнім светам. Гэта разумеюць і прадстаўнікі таталітарнай улады ў Беларусі. Верагодна таму, насуперак усім нацыянальным і міжнародным нормам, права на перапіску для зняволеных стала жорстка абмежаваным за апошнія два гады. І менавіта таму кніга з лістамі палітзняволеных жанчын, сабраных нямецкай даследвальніцай Кардэліяй Дворак, набывае вялікую значнасць як цяпер, так і для будучыні".

У выданне ўвайшлі лісты палітзняволеных праваабаронцаў Марфы Рабковай з "Вясны" і Насты Лойкі з Human Constanta. Адзін з іх  ліст Марфы да Насты, пакуль тая была яшчэ на свабодзе.

"Я буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, адукоўваць, несці веды і абараняць правы чалавека незалежна ад межаў, часу і месца. Незалежна ад ўсіх абставінаў" пісала Марфа з СІЗА-1.

Праваабаронцы "Вясны" вельмі ўсцешаныя, што словы палітзняволеных жанчын з Беларусі цяпер загучалі ў свеце і на нямецкай мове. Вельмі важна даносіць свету пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. І гэтая кніга — адна з добрых магчымасцяў для гэтага.

Крыніца: "Набывае вялікую значнасць як цяпер, так і для будучыні", — праваабаронцы "Вясны" пра кнігу з пісьмамі палітзняволеных жанчын