65-гадовы жыхар Мінска Мікалай Радзівілаў дамагаецца ўзбуджэння крымінальнай справы супраць міліцыянтаў Талачынскага РАУС, якія яго моцна збілі два з паловай гады таму.
Усё адбылося яшчэ 25 верасня 2015 года, калі Мікалай Радзівілаў знаходзіўся ў вёсцы Маляўка Талачынскага раёна ў сваёй 90-гадовай маці, якую тады даглядаў. У палову 12-й ранку на выхадзе з вясковай крамы ён сустрэў свайго знаёмага з сям’ёй. Паміж імі ўзнік канфлікт, у выніку якога, па словах Радзівілава, яго збілі. Затым знаёмы, які яго збіваў, сам выклікаў міліцыю, сказаўшы, што гэта Радзівілаў быў завадатаем бойкі.
Міліцыянты прыехалі ў вёску каля гадзіны дня і затым, па словах Мікалая, чатыры гадзіны знаходзіліся ў гасцях у таго чалавека, які іх выклікаў. І толькі каля пятай гадзіны яны зайшлі на двор дома маці Радзівілава і надзелі на яго кайданкі.
"Было іх 3 чалавекі, міліцыянтаў. Начапілі кайданкі, сказалі, што я злачынца, пачалі збіваць. Затым пасадзілі ў сваю машыну і павезлі ў Талачын. У машыне працягвалі збіццё. Білі нагамі, рукамі, моцна білі па галаве. Паклалі мяне на задняе сядзенне, адзін з іх сеў на мяне, іншыя два сядзелі спераду, усміхаліся з мяне".
Падчас такой “паездкі” Радзівілаву стала кепска, і міліцыянты былі вымушаныя выклікаць хуткую. Машына хуткай сустрэла міліцэйскую машыну дзесьці па дарозе, урачы параілі міліцыятам адразу везці затрыманага ў лякарню. Аднак тыя праігнаравалі словы ўрачоў і павезлі Мікалая ў Талачынскі РАУС, дзе пакінулі ў кабінеце маёра міліцыі, старэйшага аперупаўнаважанага аддзелу крымінальнага вышуку Руслана Сакалоўскага.
"Я дзесьці тры гадзіны праляжаў на падлозе, складана было ўстаць, бо балелі рэбры. За гэты час на мяне склалі пратакол за дробнае хуліганства, уввесь час пагражалі, што пасадзяць, здзекваліся, казалі, што я п’яны бомж. Я прасіў дапамогі, але людзі, якія заходзілі ў кабінет, толькі глядзелі на мяне і смяяліся, ніхто і не збіраўся дапамагаць".
Затым Радзівілава пасадзілі ў камеру, дзе яму стала яшчэ горш, бо падняўся ціск. У палову дзясятай вечара яму ізноў выклікалі хуткую, якая адвезла яго ў лякарню. Там у Мікалая знайшлі ўдары грудной клеткі, сінякі на запясцях, на руках і на нагах, а таксама пералом дзявятага рэбра.
На наступны дзень, па словах Мікалая, мясцовыя міліцыянты пачалі ціснуць на лекараў, каб тыя змянілі дыягназ. Тады пацярпелы вырашыў больш не заставацца ў лекарні, а зрабіць медыцынскую экспертызу ў Мінску. Там ён зрабіў рэнтген, які паказаў пераломы восьмага і дзявятага рэбраў з левага боку.
І вось ужо два з паловай гады Радзівілаў спрабуе дамагчыся ўзбуджэння крымінальнай справы супраць міліцыянтай, што яго збівалі, але пакуль безвынікова. Усе два гады, пакуль Следчы камітэт Талачынскага раёна праводзіў шматлікія праверкі, следчыя прыходзілі да высновы, што ніякіх удараў і сінякоў у Радзівілава не было, а пераломы рэбраў ён атрымаў не ў 2015 годзе падчас сустрэчы з міліцыянтамі, а на чатыры гады раней.
“Судмедэксперт, які ўвесь гэты час праводзіў праверкі, спасылаецца на дадзеныя, якія яму дала намесніца галоўнага ўрача мінскай паліклінікі №2 Вольга Язневіч. Згодна з імі, я нібыта атрымаў пераломы дзевятага рэбра з левага боку яшчэ ў траўні 2011 года. Справа ў тым, што я сапраўды ў 2011 годзе зламаў два рэбры, аднак з правага боку, а не з левага. А гэта СК ігнаруе. Я прыносіў следчаму медыцынскае заключэнне з бальніцы №9, дзе напісана, што я меў пераломы рэбраў з абодвух бакоў, аднак ён не прыняў дакумент да ўвагі. Кажа, што давярае толькі вынікам судмедэкспертызы”.
З верасня мінулага года разбіральніцтвамі па справе займаецца УСК па Віцебскай обласці, які накіраваў матэрыялы ў Талачынскі СК на дадатковую праверку. Зараз Мікалай Радзівілаў чакае яе вынікаў.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” будзе пільна сачыць за гэтай справай.