20.12.2023 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19-20 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі затрымалі дваіх жыхароў Брэста
На "пакаяльным відэа" ад 20 снежня яны "прызнаюцца" ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту ў абласным цэнтры.
У "спіс тэрарыстаў" унеслі яшчэ шэсць беларусаў
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ шасці чалавек.
Сярод іх 61-гадовы Алег Ермаковіч, прадпрымальнік Валянцін Штэрмер, 43-гадовы Аляксандр Піскуноў, 58-гадовы Уладзімір Ворашань, 37-гадовы Аляксандр Яшкін, 32-гадовы Аляксей Кузьмін.
Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1156 чалавек, з іх 397 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1165 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).
Instagram-старонка Лявона Вольскага прызнаная "экстрэмісцкай"
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Брэста 19 снежня. У лістападзе "экстрэмісцкім" быў прызнаны Telegram-канал спевака.
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:
- Telegram-каналы і чаты "Альгердава Хата", "Mikola Dziadok", "Парламентский Канал", "Creative Association of Anti-fascists", "Biełaruś Irredenta", "Полк Калиновського", "Беседка блоговизоров (ЧАТ)", "Беларускія медыкі ў Польшчы";
- Instagram старонкі "belarus2belarus", "ganc_chas.bу", "Першы Рэгiён", "supermovaby";
- Старонкі ва "Укантакце" "ОГП | Сторонники Объединенной гражданской партии", "ГАНЦЕВИЧИ ONLINE";
- Facebook старонкі "Пагоня Гродна", "Путь бульбаша", "Ганцевичский час";
- Старонка ў "Х" "Novy Cas/Новы час";
- Старонкі ў "Аднакласніках" "Николай Масловский", "ПЕРШЫ ПIНСКI";
- TikTok-старонкі "Святы Байструк КОЛА-КОЛЯ", "Свабоду палiтвязням".
ГУБАЗіК затрымаў жыхара Нарачы
На "пакаяльным відэа" ад 20 снежня затрыманы кажа, што распаўсюджваў нацысцкую сімволіку і пакідаў "палітычныя каментары".
У Гродне за месяц як мінімум 13 медыкаў асудзілі за падпіскі на "экстрэмісцкія" рэсурсы
Як мінімум 13 медыкаў з Гродна судзілі ў лістападзе за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рашэнні з’явіліся ў банку судовых рашэнняў, піша Hrodna.life. Сярод аштрафаваных — нейрахірург і неанатолаг.
Як правіла, медыкаў па арт. 19.11 КаАП штрафавалі на 10−30 базавых велічынь (370−1100 рублёў). У некаторых таксама канфіскавалі тэлефоны. Аднаго медыка арыштавалі на 3 сутак з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.
Таксама судзілі трох медсясцёр, лекара, лекара-тэрапеўта, супрацоўніцу БХМД. Судзілі за падпіскі "УКантакце", Facebook і Instagram, рэпосты ў "Аднакласніках", падпіскі на Zerkalo і "Официальная группа Хартыя'97", і захоўванне "візуальнай экстрэмісцкай прадукцыі".
Праваабаронцам стала вядома, што напрыканцы мінулага тыдня ў Бабруйску правялі ператрус у Сяргея Бяляева, які з'ехаў з Беларусі два гады таму
Нагодай для ператруса, пра які стала вядома 20 снежня, верагодна, стала тое, што Бяляеў быў актыўным удзельнікам выбарчай кампаніі 2020-га года і быў назіральнікам за выбарамі.
У 2021 годзе, негледзячы на сур'ёзныя праблемы са здароўем, Сяргея неаднаразова арыштоўвалі на суткі, дзе пазбаўлялі медычнай дапамогі, лекаў, якія жыццёва важная для мужчыны штодня.
Ціханоўская: Святлане Алексіевіч пагражаюць забраць яе мінскую кватэру
"Сусветна вядомая беларуская пісьменніца і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч ужо была вымушаная адправіцца ў выгнанне. Цяпер рэжым пагражае адабраць у яе мінскую кватэру ў якасці чарговага акту помсты. Тую самую кватэру, дзе еўрапейскія дыпламаты сабраліся, каб абараніць яе ў 2020 годзе", — напісала 19 снежня Святлана Ціханоўская ў X (былы Twitter).
У Вярхоўным судзе разгледзелі апеляцыю на прысуд грамадзянцы Украіны Кацярыне Бруханавай
Як паведамляе пракуратура, прысуд пакінуты без зменаў, а апеляцыйная скарга без задавальнення. У кастрычніку Кацярыне прызначылі 2,5 года калоніі паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Гэтым летам Бруханаву затрымалі пры праходжанні беларускай мяжы. Ад яе запатрабавалі даць на праверку тэлефон, яна падала яго супрацоўнікам разам з паролямі. Беларускія сілавікі ўбачылі, што 30 сакавіка 2022 года яна адправіла два відэа ў чат-бот рэдакцыі "Зеркало". На іх было перамяшчэнне расейскай вайсковай тэхнікі пад Мінскам.
Падтрымайце Кацярыну: ПК № 4. 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Кацярыне Андрэеўне Бруханавай
У Гомелі абласную кіраўніцу праўладнага прафсаюза арыштавалі на 15 сутак за "экстрэмізм" у тэлефоне
Як паведаміла "Гомельская Вясна", Таццяна Хацкова працуе старшынёй Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў. У Facebook ад яе імя была размешчана спасылка на інтэрнет-суполку, якую раней унеслі ў «экстрэмісцкі» спіс. За гэта Хацкову затрымала міліцыя і склала пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
На судзе жанчына патлумачыла, што яна гэтую спасылку не размяшчала — сёлета яна губляла свой мабільны тэлефон, і мяркуе, што спасылка магла быць размешчана іншай асобай. Аб страце тэлефона жанчына нікуды не паведамляла, а праз нейкі час тэлефон быў вернуты ёй невядомай асобай.
Суддзя Сяргей Кармановіч палічыў, што "якіх-небудзь дакладных звестак, якія падцвярджаюць выбыццё з валодання Хацковай яе мабільнага тэлефона", не маецца, і арыштаваў яе на 15 сутак.
Чарговы хапун на Гомельшчыне — затрымана як мінімум 4 чалавекі
Сярод іх і адна дзяўчына.
На "пакаяльным відэа" ад 19 снежня людзі "прызнаюцца" ў падпісках на "экстрэмісцкія" каналы — адзін з затрыманых таксама кажа, што пакідаў каментары пра сілавікоў і Лукашэнку.
Сілавікі затрымалі жыхара Віцебска за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, якія 19 снежня апублікавалі інфармацыю пра затрыманне, мужчыну маглі арыштаваць на 15 сутак.
Сілавікі затрымалі швачак фабрыкі "Элема" — на іх працоўным месцы было спалучэнне белага і чырвонага колераў
Прапагандысты назвалі гэта "БЧБ-капішчам".
Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу беларусаў 19-20 снежня Дапоўнена