07.12.2023 Тэгі: палітвязні, пераслед, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма Палітзняволены маладзечанец Павел Кучынскі мае першую групу інваліднасці — у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. Нягледзячы на анказахворванне, яго ўтрымліваюць у зняволенні амаль два гады. У чэрвені мінулага года яго асудзілі да пяці гадоў калоніі, а па выніках апеляцыі зменшылі прысуд толькі на тры месяцы. Замест калоніі Паўла накіравалі ў рэспубліканскую лякарню, дзе палітвязень цяпер праходзіць курс хіміятэрапіі. Але лячэнне не дапамагае, таму хвароба прагрэсуе. З лекарамі праводзілася кансультацыя наконт перасадкі касцявога мозга, але гэта немагчыма зрабіць ва ўмовах зняволення.
Павел — каталіцкі вернік, скончыў факультэт радыётэхнікі і нанатэхналогій БДУІРа, працаваў на "Інтэграле" ў Мінску.
Дыягназ палітвязню паставілі ў сакавіку 2021 года, але прыкметы хваробы з'явіліся яшчэ восенню 2020 года. Лекары дыягнаставалі ў Паўла лімфому Ходжкіна чацвёртай стадыі.
Паўла затрымалі 26 студзеня 2022 года. Спачатку родным казалі, што Павел затрыманы на трое сутак, а пасля высветлілася, што яго будуць трымаць пад вартай да суда. Родныя ездзілі у Бараўляны за паперамі, што яму неабходна лячэнне, пастаянныя абследаванні і яго нельга трымаць у такіх умовах, пісалі ў пракуратуру і Адміністрацыю Лукашэнкі — але нічога не дапамагло.
Сваякам удалося дамагчыся, каб Кучынскага звазілі ў Бараўляны на абследаванні, па выніках якога бачна, што стан здароўя Паўла пагоршыўся, пачаўся запаленчы працэс. Калі маці прывезла вынікі абследавання следчай з просьбай аказаць дапамогу, тая сказала, што ён нібыта не скардзіцца і што родныя "гэтымі дзеяннямі затрымліваюць працэс".
У выніку Паўла абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса за каментары ў інтэрнэце. Працэс над ім у закрытым рэжыме распачаўся 2 чэрвеня 2022-га ў судзе Вілейскага раёна. Суддзя Канстанцін Калядаў асудзіў Кучынскага да пяці гадоў пазбаўлення волі.2 верасня ў Мінскім абласным судзе была разгледжана апеляцыйная скарга Кучынскага. У выніку яму скарацілі тэрмін на тры месяцы — з пяці гадоў зняволення да чатырох гадоў і дзевяці месяцаў. Але пры гэтым дадалі штраф у памеры 120 базавых велічыняў (3 840 рублёў).
Вынесены суровы прысуд жыхару Маладэчна з анкалагічным захворваннем чацвёртай стадыі
Палітвязня мусілі накіраваць у папраўчую калонію ва ўмовах узмоцненага рэжыму, але праз анкалагічнае захворванне змясцілі ў рэспубліканскую лякарню ў Калядзічах. Там яго ўтрымліваць да правядзення ПЭТ/КТ — дыягностыкі для анкахворых. У гэтай лякарні хворыя знаходзяцца не ў палатах, а ў звычайных камерах, якія перабудавалі для медыцынскіх патрэб.
Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", курсы хіміятэрапіі не дапамагаюць і хвароба прагрэсуе. Пасля абследаванняў курс лячэння змяняюць, але Паўлу не становіцца лепш. Таксама ў яго была кансультацыя з лекарамі наконт перасадкі касцявога мозга, але праз зняволенне і ўмовы ўтрымання зрабіць гэта немагчыма.
Вядома, што Павел праз калонію спрабаваў перадаць прашэнне на памілаванне на імя Лукашэнкі. Палітвязня нават перавялі дзеля гэтага ў калонію на некалькі дзён, але ў выніку, калі яго ўжо перавозілі ў лякарню, хлопцу вярнулі паперу з прашэннем.
Падтрымайце Паўла лістамі і паштоўкамі:
АРБ ТА, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, палата № 7
Павел Андрэевіч Кучынскі
Крыніца: У анкахворага палітвязня прагрэсуе хвароба. Ён праходзіць курсы хіміятэрапіі ў турэмнай лякарні