07.12.2023 Тэгі: грамадства, палітвязні, справа Вясны Кампанія #FreeViasna узяла ўдзел у адвэнт-маркеце на пляцоўцы "Беларусь у/і Еўропе", які адбыўся ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце шостага снежня 2023 году. Падчас імпрэзы праваабаронцы прадставілі стэнд, на якім чарговы раз нагадалі грамадскасці пра палітзняволеных калегаў.
На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты, выкладчыкі ЕГУ, экспертная супольнасць Беларусі і Еўропы. Падчас подыумнай дыскусіі «Беларусь у/і Еўропе» з вядомымі еўрапейскімі і беларускіх экспертамі, палітыкамі і акадэмікамі прысутныя абмеркавалі пытанні, звязаныя з беларуска-еўрапейскім супрацоўніцтвам і падзяліліся сваім досведам.
На адвэнт-маркеце, зладжаным пасля дыскусіі, былі прадстаўленыя дзясятак вядомых прадпрыемстваў, НДА, амбасадаў, праваабарончых і адукацыйных ініцыятываў і іншыя.
«Мы палічылі гэта добрай магчымасцю яшчэ раз нагадаць пра нашых калегаў з “Вясны”, якія знаходзяцца за кратамі, – распавяла праваабаронца “Вясны” Марына Кастылянчанка. – Тут мы мелі магчымасць распавесці пра гэта як ужо знаёмай з тэмай аўдыторыі, так і новым людзям, прадстаўнікам розных групаў – студэнтам, выкладчыкам, дыпламатам, парламентарыям, якія ўдзельнічалі ў дыскусіі і завіталі на адвэнт-маркет. Людзі падыходзілі і задавалі пытанні, бралі на нашыя раздаткі – улёткі, паштоўкі і налепкі. Мы частавалі гасцей прысмакамі, якія нам дапамаглі зрабіць нашыя валанцёры».
Марына адзначыла, што мерапрыемствы падобнага кшталту накіраваныя на прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцей, у якіх непрымальныя рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека, якія цяпер набылі жудасны масштаб у Беларусі. Таму вельмі важна, каб гэта асэнсоўвала моладзь, якая будзе штурхавіком да зменаў у будучай дэмакратычнай Беларусі. Менавіта таму ўдзел у імпрэзах такога кшталту важны ў тым ліку і для праваабаронцаў, каб падвысіць бачнасць крызісу правоў чалавека, які існуе сёння ў Беларусі.
Справа "Вясны" — некалькі крымінальных спраў, распачатых у дачыненні да кіраўніцтва і сябраў арганізацыі за праваабарончую дзейнасць і дапамогу людзям у адстойванні іх правоў і інтарэсаў.
На гэты момант пяць вясноўцаў застаюцца за кратамі: старшыня Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк.
Крыніца: #FreeViasna ўзяла ўдзел у адвэнт-маркеце мерапрыемства "Беларусь у/і Еўропе"