06.12.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, пераслед, ціск, рэпрэсіі, дыфамацыя Стала вядома, што 8 верасня 2023 году ў судзе Першамайскага раёну Мінска да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму асудзілі 25-гадовага замежнага грамадзяніна Аляксандра Смірнова. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 339 (хуліганства) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага кодэксу.
Прысуд агучыў суддзя Максім Трусевіч. Вядома, што 14 лістапада 2023 году ў Мінскім гарадскім судзе адбылася апеляцыя па справе. Імаверна, прысуд набыў моц.
Згодна з версіяй абвінавачання, Аляксандр знаходзіўся ў нецвярозым стане, калі ноччу 19 чэрвеня 2023 году "прадэманстраваў сваё абразлівае і блюзнерскае стаўленне да дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь". Ён нібыта спачатку сарваў сцяг, замацаваны на сцяне адной з крам: схапіўся за яго рукамі, сарваў з металічным кранштэйнам, зламаў дрэўка і кінуў сцяг на землю. Пасля — зняў яшчэ адзін сцяг з дома ў Мінску паблізу станцыі метро, пасля чаго перадаў яго супрацоўніку метрапалітэну. Пасля гэтага ён нібыта зняў сцяг з фасаду будынка аддзялення РУП «Белпошта» і пакінуў яго каля ўваходу. Напрыканцы дзеянняў мужчына нібыта сарваў палотнішча яшчэ аднаго сцяга, якое кінуў на прыпынку грамадскага транспарту і падпаліў яго. У гэтую ж ноч Аляксандр нібыта падпаліў пластыкавы кантэйнер для адходаў.
Аляксандр Смірноў падчас суду не прызнаў віну. Ён распавёў, што зрываў сцягі, калі быў нецвярозы, бо хацеў пакінуць сабе памяць пра перабыванне ў Беларусі і павесіць іх у сябе дома. Намеру здзеквацца з дзяржаўных сімвалаў ён пры гэтым не меў. Адзін са сцягаў ён падпаліў выпадкова, а на месцы аднаго са здарэнняў наогул адсутнічаў. Аляксандр адзначыў, што наконт гэтага эпізоду ён даў папярэднія сведчанні пад фізічным і эмацыйным ціскам з боку супрацоўнікаў міліцыі. Смірноў распавёў, што сметніцу падпаліў таксама выпадкова, калі кінуў туды непатушаны недакурак цыгарэты. Пасля гэтага ён выклікаў пажарную службу.
Віна Смірнова пацвярджаецца запісамі з камераў відэаназірання, дзе нібыта бачна, як ён павісае на сцягах, нібыта не маючы намеру "захаваць іх цэласнасць". Згодна з пазіцыяй абвінавачання, гэта сведчыць пра наўмысны здзек з дзяржаўных сімвалаў, а на намеры выкарыстаць іх у асабістых мэтах. Акром таго, негатыўнае стаўленне абвінавачанага да дзяржаўных сімвалаў нібыта пацвярджаецца тым, што ён быў падпісаны на "экстрэмісцкія" крыніцы інфармацыі, якія "прапагандуюць зневажальнае стаўленне грамадзянаў да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь".
Такім чынам, паводле арт. 339 Крымінальнага кодэксу Аляксандра асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі, паводле арт. 370 Крымінальнага кодэксу — да 1,5 гадоў пазбаўлення волі. Канчатковае пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму вынесенае шляхам часткована складання прызначаных пакаранняў. Акром гэтага, Смірноў мусіць выплаціць працэсуальныя вытрымкі на карысць дзяржавы ў памеры 938,97 рублёў.
Вядома, што Аляксандр мае судзімасць: у красавіку 2023 году яго асудзілі паводле ч. 1 арт. 205 (крадзеж), ч. 1 арт. 339 (хуліганства) да трох месяцаў арышту. Ён быў вызвалены пасля таго, як адбыў пакаранне.
Крыніца: Замежніка асудзілі да трох гадоў калоніі за сарваныя дзяржаўныя сцягі і падпаленую сметніцу