05.12.2023 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 5 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Былых палітвязняў Анастасію Малашук і Аляксея Кедыша арыштавалі на 5 сутак
Інфармацыя пра гэта з'явілася 5 снежня на Instagram-старонцы брэнда piuceramics.
"Мы з мужам зараз з'яжджаем на 5 сутак арышту ў Акрэсціна (такое рашэнне інспекцыі). У сувязі з гэтым вымушаная адмена заняткаў і наведванняў майстэрні. Вернемся да працы ў панядзелак 11 снежня".
Нагадаем, керамістку і заснавальніцу брэнда piuceramics Анастасію Малашук і яе мужа Аляксея Кедыша абвінавацілі паводле арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і асудзілі да 3 гадоў "хатняй хіміі".
Тэлеграм-канал "Беларускай Рада культуры" прызнаны "экстрэмісцкім"
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 4 снежня.
Таксама "экстрэмісцкі" спіс папоўніла Tiktok-старонка "klimzlobich".
ГУБАЗіК затрымаў айцішніка, які нібыта заклікаў "закідваць сілавікоў фекаліямі"
Інфармацыя пра затрыманне з'явілася 5 снежня ў праўладным тэлеграм-канале.
Таксама сцвярждаецца, што мужчына пасля пачатку вайны ва Украіне пісаў абразлівыя каментары пра расійскіх салдат.
У Глыбоцкім раёне на 8 сутак арыштавалі грамадзянку Расіі за лайкі ў "Аднакласніках"
Па звестках "Витебск, я гуляю", Алена Крыўко паходзіць з Прыморскага края, але даўно жыве ў Беларусі.
На яе старонцы ў "Аднакласніках" нібыта знайшлі БЧБ-сцяг і некалькі лайкаў у «экстрэмісцкіх» суполках. Судовы працэс у дачыненні да 61-гадовай жанчыны 20 лістапада разглядаў суддзя Аляксандр Алексяенка.
Таксама "экстрэмісцкімі фармаваннямі" прызнаныя праекты "6TV Bielarus" і BelPol
У рашэнні КДБ ад 5 снежня, адносна прызнання "6TV Bielarus" "экстрэмісцкім фармаваннем", фігуруюць прозвішчы людзей, нібыта датычных да праекту: Салаўёў Дзмітрый Віктаравіч, Лапцэвіч Уладзімір Пятровіч, Буракоў Аляксандр Уладзіміравіч.
Да арганізацыі BelPol, згодна з рашэннем КДБ, адносяцца: Астаповіч Андрэй Ігаравіч, Жыгар Уладзімір Міхайлавіч, Купрэйчык Мацвей Дзмітрыевіч, Кабанаў Аляксандр Аляксандравіч.
Беларускі спартыўны праект "Tribuna" прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем"
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 5 снежня.
Працягваюцца допыты і затрыманні на мяжы Беларусі з краінамі ЕС
Стала вядома, што днямі сілавікоў зацікавіла частка пасажыраў рэйсавага аўтобуса, які ехаў з краіны ЕС у Беларусь. Некаторых пасажыраў — папярэдне, украінцаў — дапыталі і ўпусцілі ў краіну, а як мінімум двух беларусаў пасля допыту знялі з аўтобуса. Іх далейшы лёс невядомы.
Крыніца: Новыя "экстрэмісцкія фармаванні" і затрыманні: хроніка пераследу 5 снежня