30.11.2023 Тэгі: заканадаўства, пенітэнцыярная сістэма, карная медыцына, псіхалагічная дапамога Грамадская ініцыятыва "Лекары за праўду і справядлівасць" правяла 29 лістапада ў Вільні канферэнцыю "Пенітэнцыярная медыцына і псіхалогія ў Беларусі". Каманда экспертаў арганізацыі, у якую ўвайшлі юрысты, медыкі, былыя адвакаты і пісхолагі, падрыхтавалі серыю дакладаў, у якіх распавялі аб тым, з якімі праблемамі сёння сутыкаюцца зняволеныя, у тым ліку на аснове анкетавання былых асуджаных і іх родных, і абмеркавалі, што трэба змяніць у сістэме. Былі прэзентаваныя вынікі анкетавання былых зняволеных, іх родных і блізкіх, а таксама зборнік артыкулаў і дакументаў па тэме.
“Падрыхтаваны першы этап да распрацоўкі канцэпцыі рэфармавання арганізацыі медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі зняволеным, а сёння мы прадстаўляем шырокае бачанне шматграннай працы ў гэтым накірунку”, – так акрэсліў зробленае за апошні час доктар і былы начальнік медслужбы ДВП МУС Васіль Завадскі.
У апошні час была створаная група экспертаў, вывучаныя і класіфікаваныя існуючая нарматыўна-прававая база і дакументацыя, праведзена анкетаванне, у якім на працягу апошніх двух месяцаў прынялі ўдзел 70 рэспандэнтаў з ліку былых палітзняволеных, вызначаны шэраг першачарговых задач, сярод іх:
- пытанне вызвалення ад адбыцця пакарання па стане здароўя;
- забеспячэнне медыцынскай таямніцы;
- арганізацыя псіхалагічнай і псіхіятрычнай дапамогі;
- выдача лекаў у зняволенні, атрыманне іх з волі, моманты набыцця лекаў за ўласныя сродкі;
- нормы і парадак забеспячэння харчаваннем, у тым ліку для вегетарыянцаў і веганаў;
- сітуацыя з медыцынскім страхаваннем;
- аналіз смяротнасці і летальнасці ў пенітэнцыярных устновах;
- пытанні функцыянавання лячэбна-працоўных прафілакторыяў і іншыя.
Больш падрабязна Васіль Завадскі прааналізаваў, колькі і чаго каштуе медыцына ў месцах пазбаўлення волі.
Эксперты прадставілі свае даклады па канкрэтных накірунках даследвання і гучных кейсах. Так, юрыст і былы супрацоўнік Генпракуратуры Алег Талерчык спыніўся на справе Ігара Пцічкіна, якая выявіла шэраг існуючых праблем. Кейс Пцічкіна – адзін з нешматлікіх выпадкаў, калі за смерць зняволенага быў асуджаны фельчар СІЗА. Выявілася, напрыклад, што рамні фіксацыі, якімі ўтрымлівалі памерлага, не павінны былі выкарыстоўвацца, а фельчар рабіў працу, якую не меў права ажыццяўляць, у ягоныя абавязкі уваходзіла толькі выклікаць дзяжурнага лекара.
Адзін з экспертаў, які пажадаў застацца ананімным, спыніўся на праблеме накіравання хворых з месцаў зняволення ў лякарні. Ён перакананы, што трэба мяняць сістэму падпарадкавання СІЗА і калоній, перадаўшы іх, скажам, Міністэрству юстыцыі. Паколькі зараз большасць кантактаў хворага зняволенага адбываецца праз следчага, хаця ён ніякі не спецыяліст у медыцыне. У гэтым лёгка пераканацца на справе Марыі Калеснікавай, якой выратавалі жыццё практычна ў апошні час, калі яна ўжо не магла перасоўвацца на допыты. А вось палітзняволенаму Алесю Пушкіну з аналагічным дыягназам жыццё ўратаваць не паспелі.
Праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка падзяліўся сваім уласным досведам знаходжання ў месцах несвабоды з цукровым дыябетам, параўнаўшы сітуацыю ў СІЗА і калоніі “Віцьба”, дзе ён адбываў пакаранне. Судаленка адзначыў, што у калоніі існуюць складанасці з прыняццем неабходных лекаў, а само іх атрыманне ў медпункце вымагае шмат часу. І гэта пры тым, штот зняволены мусіць працаваць, а вызваленне ад цяжкай працы не выдаецца. Таксама адсутнічае магчымасць адпачыць днём.
Асобная праблема – вымярэнне ўзроўню цукру ў крыві, што неабходна рэгулярна праводзіць. Для гэтай працэдуры выкарыстоўваецца глюкамер, якім нельга карыстацца ні ў СІЗА, ні ў калоніі. За ўвесць час адбыцця пакаранне ён толькі адзін раз змог скарыстацца такой магчымасцю.
Псіхолаг Вольга Вялічка распавяла аб тым, якімі выходзяць на волю зняволеныя папраўчых устаноў, падкрэсліўшы, што несвабода не выпраўляе, а хутчэй наадварот: адбываецца ўнутраная дэфармацыя асобы. Так, паля трох год зняволення ў чалавека пачынаюцца незваротныя змены, а пасля 5-7 год яны робяцца ўстойлівымі. У выніку чаго кожны трэці з былыз зняволеных здзяйсняе злачынтсва паўторна, так і не паспеўны адаптавацца да змененага за час “адсідкі” асяроддзя.
Доктар і былы начальнік медчасткі СІЗА Павел Перапёлкін спыніўся на тэме “Залежныя за кратамі. Арт. 328 і медычная дапамога ў турме”.
“Наркатычны” 328-мы артыкул Крымінальнага кодэкса звычайна ўжываецца з арт. 108, які прадугледжвае прымусовае лекаванне. Аднак у турме лячэнне залежнасцяў фактычна адсутнічае, проста выключаецца магчымасць ужывання наркотыкаў. У выніку суд прымае рашэнне, што зняволены знаходзіцца ў стане рэмісіі, здымае артыкул 108, а на самой справе нарказалежны не меў магчымасці іх ужываць.
Юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка акцэнтаваў увагу на скаргах, якія падаюць зняволеныя, а скардзяцца яны практычна на ўсё. Тым не меней, значная частка скаргаў паступае менавіта на стан здароўя. А часам і на тое, што разам са здаровымі людзьмі знаходзяцца побач людзі з псіхалагічнымі захворваннямі. Скардзяцца на нізкую якасць медыцыны, на недахоп спецыялістаў.
На аснове іх аналізу можна канстатаваць, што элементы платнай медыцыны не прыжыліся, няма рэабілітацыі, існуе праблема з лекамі і вітамінамі, а прафілактычныя агляды праводзяцца фармальна і іншыя.
Пра стандарты аказання медыцынскай дапамогі асуджаным да смяротнага пакарання, абапіраючыся на свой улвсны вопыт распавяла юрыстка і былая адвакатка Людміла Казак. У яе адвакацкай практыкі былі справы Сяргея Хмялеўскага, Андрэя Жыльнікава і аднаго з братоў Косцевых і таму выступ юрысткі выклікаў вялікую цікавасць і шмат пытанняў ва ўдзельнікаў канферэнцыі.
Праваабаронца і былы палітычны зняволены Алег Граблеўскі падзяліўся сваім вопытам зносін з псіхолагам у СІЗА. Галоўная выснова, што на сёння псіхалагічная дапамога ў зняволенні – гэта не дапамога чалавеку, а дапамога самой пенітэнцыярнай сістэме ўбудаваць яго ў турэмны быт.
“Адзіны момант, калі я зразумеў, што маю гутарку з пісхолагам у СІЗА, было пытанне якое ён мне задаў: “Ну ты ж не збіраешся тут павесіцца?”, – узгадаў Алег. – Сукамернікі перасцерагалі мяне ад размоў “мне цяжка”, ці “я не вытрымаю болей”, бо тады могуць паставіць на ўлік як схільнага да суіцыду."
Напрыканцы канферэнцыі псіхолаг Вольга Вялічка азнаёміла з вынікамі анкетавання былых палітычных зняволеных, а таксама іх родных і блізкіх.
Крыніца: "Медыцына ў турме – чорнае люстэрка, у якое заглянуў кожны з нас"