29.11.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, экстрэмізм Гомельскі абласны суд 24 кастрычніка асудзіў жыхара Светлагорска Андрэя Ігнатовіча, абвінаваціўшы яго ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Казлоў.
Да суда 34-гадовы Ігнатовіч знаходзіўся пад вартай у СІЗА №3 Гомеля.
Па матэрыялах абвінавачання Ігнатовіч у 2020 годзе неаднаразова размяшчаў у адкрытай групе ў Тэлеграм каментары, якія змяшчаюць негатыўную ацэнку групы асоб, аб'яднаных па прыкмеце дзейнасці: сябры выбарчых камісій, у тым ліку старшыні ЦВК, супрацоўнікі міліцыі (у тым ліку – атрада міліцыі асаблівага прызначэння) і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Таксама Ігнатовіч наўмысна размясціў у тэлеграм тэкставыя паведамленні з заклікамі да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, схіляў і заклікаў іх для ўдзелу ў групавыхдзеяннях, а менавіта да аб'яднання і збору людзей, выхаду іх на вуліцы, парушэнне нармальнай працы арганізацый і прадпрыемстваў, органаў дзяржаўнай улады, а таксама праваахоўных органаў:
“Размешчаныя каментары ўтрымліваюць словы і выразы, якія паказваюць на відавочны падзел грамадства па нацыянальных і сацыяльных прыкметах, а таксама на заклік да фармавання варожага і негатыўнага стаўлення да асобных сацыяльных груп”.
Суд не знайшоў падстаў і абвінавачанне ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК) было знятае.
У судзе Ігнатовіч прызнаў віну часткова.
Суд прызначыў яму на падставе ч. 1 арт. 130 КК пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады, а на падставе ч. 1 арт. 342 КК (у рэдакцыі Закона ад 5 студзеня 2015 года №241-З) прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў. Канчаткова прызначана пазбаўленне волі на тэрмін два гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Прозвішча Ігнатовіча МУС Беларусі ўнёс у “Спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”.
Крыніца: Светлагорскага "экстрэміста" асудзілі на два гады калоніі па пратэсных артыкулах