28.11.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, заявы Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

28 лістапада 2023 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную актыўнасць выкарыстоўваецца ўладамі для ўціску грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.

Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе стала істотна больш жорсткім і дапоўненае новымі складамі злачынстваў, што выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.

МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб'яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, што ёю праводзіцца, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:

  1. Леанід Райчонак асуджаны паводле ч. 2 арт. 361-3 КК за ахвяраванні беларускім добраахвотнікам, што ваююць на баку Украіны, да шасці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  2. Дзмітрый Маставы асуджаны паводле ч. 1 арт. 356 КК паводле надуманага абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве і паводле ч. 1 арт. 361-4 КК за перадачу звестак беларускаму пратэснаму інфармацыйнаму рэсурсу да 10 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  3. Юрый Юрэня асуджаны паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам, абвешчаным уладамі экстрэмісцкімі фармаваннямі, да пяці гадоў калоніі;
  4. Віталь Санько ўтрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары паводле арт. 361-2 і 361-4 КК за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам, абвешчаным уладамі экстрэмісцкімі фармаваннямі;
  5. Уладзімір Фішман утрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары па арт. 361-4 КК за рэгістрацыю ў пратэснай тэлеграм-групе; абвешчанай уладамі экстрэмісцкім фармаваннем;
  6. Анатоль Старасвецкі ўтрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК.

Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • неадкладна вызваліць палітвязняў Леаніда Райчонка, Дзмітрыя Маставога, Юрыя Юрэню, Віталя Санько, Уладзіміра Фішмана, Анатоля Старасвецкага,
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Lawtrend;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Беларускі ПЭН;

Human Constanta.

Крыніца: Заява аб прызнанні шасці новых палітычных зняволеных