27.11.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, экстрэмізм У Гродзенскім абласным судзе 27 лістапада распачынаецца суд над 30-гадовай палітзняволенай Аляксандрай Каско. Яе затрымалі па вяртанні з Польшчы напачатку лютага гэтага года. Цяпер яе абвінавачваюць паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні" і "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Палітзняволенай пагражае да 12 гадоў зняволення. Справу будзе раглядаць суддзя Дзмітрый Бубенчык.
Аляксандру Каско затрымалі 9 лютага 2023 года па вяртанні з Польшчы. На наступны дзень у судзе Ваўкавыскага раёна Мікалай Талашка арыштаваў яе на 10 сутак паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасля "сутак" яна на волю не выйшла — супраць яе ўзбудзілі крымінальныя справы.
Цяпер яе аабвінавачваюць паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці); ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных звестак); ч. 1 і 2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім); ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці); ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку); ч. 1 і 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); арт. 391 (абраза суддзі).
Згодна версіі абвінавачвання, Каско "знаходзячыся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама за яе межамі, яна аказвала садзейнічанне экстрэмісцкім фарміраванням: распаўсюджвала інфармацыю адносна планавання, арганізацыі, падрыхтоўкі і здзяйснення замахаў на асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь. Яна ж, з'яўляючыся адміністратаркай некалькіх дэструктыўных Telegram-каналаў, прызнаных ва ўстаноўленым парадку экстрэмісцкімі фармаваннямі, і фактычна кіруючы імі, наўмысна стварала і размяшчала на названых рэсурсах публікацыі. Пры гэтым звесткі, якія змяшчаліся ў іх, былі накіраваны на распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, публічную абразу прадстаўнікоў улады, суддзяў, незаконны распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных пацярпелых без іх згоды".
Акрамя гэтага, палітзняволенай ставіцца ў віну тое, што ў названых інтэрнэт-супольнасцях яна размясціла публікацыі абразлівага і паклёпніцкага характару ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі.
Яшчэ да суда, 12 верасня 2023 года, КДБ унёс Аляксандру ў "спіс тэрарыстаў". Таксама яе дадалі ў "Спіс экстрэмістаў".
Падтрымайце Аляксандру пасылкамі, лістамі і тэлеграмамі (звяртаем увагу, што грашовыя пераводы ёй забаронены): Турма № 1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Аляксандра Віктараўна Каско
Крыніца: У Гродне пачынаюць судзіць палітзняволеную, якую затрымалі па вяртанні з Польшчы