У судзе Пінскага раёна і горада Пінска 12 сакавіка адбыўся разгляд адміністрацыйных спраў заведзеных на папулярных блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава. Іх абвінавацілі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ па ч.2 арт. 22.9 КаАП. Прычынай пераследу блогераў стаў інцыдэнт з юрысконсультам завода акумулятараў Exide, размешчаным у Пінску, Аляксандрам Юнкевічам. Блогеры прыехалі ў Пінск 19 студзеня і хацелі распавесці пра гэтае прадпрыемства ў сацыяльных сетках.
Юнкевічу не спадабалася, што ён патрапіў на відэа і ён паскардзіўся на дзеянні блогераў ўчастковаму інспектару.
Паводле слоў Сяргея Пятрухіна, 20 лютага яму на мабільны тэлефон патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі Ленінскага РАУС Брэста і запрасіў яго 21 лютага ў 13.00 на размову з нагоды заявы юрысконсульта пінскага завода Exide. Быў складзены пратакол правапарушэння па ч.2 арт. 22.9 КаАП.
Як паведаміў у фэйсбуку Аляхновіч Зьміцер, сёння адбыўся суд.
"Кабанаў і Пятрухін атрымалі па 40 базавых велічынь штрафу. У судзе прагучала, што такі хостынг як YouTube, прызнаны ў Беларусі сродкам масавай інфармацыі і кожны, хто мае акаунт у сацыяльных сетках, ужо з’яўляецца журналістам" - паведамляе Аляхновіч.
Крыніца: Паездка ў Пінск каштавала блогерам Кабанаву і Пятрухіну вялікіх штрафаў