11.11.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Былую палітзняволеную Ірыну Паляніну затрымалі да суда — на выходныя яе пакінулі ў ІЧУ
Вядома, што жанчыну 8 лістапада выклікалі ў РАУС па пытанні падаўжэння прэвентыўнага нагляду, пасля чаго на волю яна так і не выйшла.
Ірына Паляніна — жыхарка Паставаў, якую асудзілі да двух гадоў калоніі. Яе абвінавацілі ў тым, што у снежні 2020 года жанчына размясціла абразлівы каментар у сацыяльнай сетцы пад фотаздымкам начальніка Пастаўскага РАУС, а таксама захоўвала дома патроны ад малакалібернай вінтоўкі. Па словах Ірыны, патроны засталіся ад бацькі.
Тэрмін Паляніна адбывала ў жаночай калоніі № 24 і ў мінулым лістападзе выйшла на волю.
З'явілася інфармацыя аб затрыманнях на Гродзеншчыне
Затрыманні адбыліся на Шчучынскім заводзе "Аўтапровад". Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, піша @Grodno_grab.
Меркаваная прычына затрыманняў — распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў (арт.19.11 КаАП).
Учора таксама затрымлівалі людзей у гарадскім пасёлку Мір і горадзе Ваўкавыску — пры гэтым ў Ваўкавыску было затрымана не менш за 10 чалавек.
У Навагрудку таксама затрыманні. Раённая газета «Новае жыццё» ў сваіх сацсетках адсправаздачылася аб новых палітычных затрыманнях — сілавікі затрымалі шэраг супрацоўнікаў ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры».
Прапагандысты пішуць, што затрыманыя «так і не зразумелі, што добра, а што дрэнна» і што яны будуць прыцягнуты да адказнасці за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У Гродне затрымалі сямейную пару, якая падчас пратэстаў несла плакат з асуджэннем дзеянняў сілавікоў
На «пакаяльным відэа» мужчына распавёў, што выходзіў на мітынг разам з жонкай і нёс плакат, на якім нібыта напісаны паклёп і асуджэнне дзеянняў праваахоўнікаў.
Праўладны тэлеграм-канал паведаміў, што жонку жыхара Гродна адпусцілі да суда, бо ў сям'і ёсць непаўналетнія дзеці.
У Рэчыцы судзілі Карбалевічаў
У Рэчыцкім раённым судзе 10 лістапада разглядалі адміністрацыйныя справы над Алегам і Яўгеніяй Карбалевічамі. Іх абвінавачвалі ў распаўсюдзе «экстрэмісцкай» прадукцыі (ч. 2 арт. 19.11 КаАП).
Судзіла сямейную пару адна і тая ж суддзя – Кацуба Марына. Яна пакарала сужэнцаў штрафамі: Алег Карбалевіч атрымаў 20 базавых велічыняў штрафу, а Яўгенія – 15 базавых. Таксама ў жанчыны канфіскавалі тэлефон, прызнаўшы яго сродкам злачынства.
Крыніца: Масавыя затрыманні на Гарадзеншчыне: хроніка пераследу 11 лістапада