11.11.2023 Тэгі: грамадства, сілавыя структуры, свабода мірных сходаў, рэпрэсіі Фота: Радыё Свабода У трэцюю гадавіну гібелі Рамана Бандарэнкі, да якой спрычыніліся лукашысты, праваабаронца і пісьменнік Сяргей Сыс падзяліўся з "Вясной" успамінамі аб пратэстах на “Плошчы перамен”, а таксама ўражаннямі пра ўсеагульны ўздым восенню 2020 года.

Каб болей зразумець феномен “Плошчы перамен”, якая раптам з’явілася ў адным з двароў на скрыжаванні вуліц Чарвякова, Кахоўскай і Сморгаўскага тракту ў Мінску, прыгадаю крыху ранейшыя падзеі, сведкам якіх мне давялося быць.

6 жніўня, яшчэ да дня галасавання, улады вырашылі правесці свой, “лукашэнкаўскі” мітынг, каб потым паказаць малюнак: “Глядзіце, маўляў, не толькі апазіцыя збірае людзей на акцыі, але і дзейсная ўлада”.

Сагналі некалькі соцен чалавек у Кіеўскі сквер і каля кінатэатра “Кіеў” учынілі разгульнае вяселле.

Якраз у той час я выбраўся з дому ў краму на бульвар Шаўчэнкі. Глянуў адным вокам на “мерапрыемства” і рушыў далей. І тут на ўвесь бульвар загучалі легендарныя словы “Перемен, требуют наши сердца”. Яшчэ не разумеючы нічога вярнуўся назад, у бок мітынгу, куды сталі падыходзіць і іншыя прахожыя. Чуліся воклічы падтрымкі, людзі скандавалі словы Віктара Цоя. Мне нават падавалася, што спявалі і тыя, каго “дабраахвотна-прымусова” прывялі на праўладны мітынг.

didzhei-peramen-1.jpg
Кіеўскі сквер 6 жніўня 2020 года. Фота аўтара.

А літаральна дзён праз дзесяць, непадалёку ад кінатэатра “Кіеў”, у адным з дворыкаў з’явіліся выявы гукачоў мінскага Палаца дзяцей і моладзі Кірылы Галанава і Улада Сакалоўскага, якія ўжо былі затрыманыя за тое, што ўключылі песню на мітынгу.

Ад таго часу жыхары некалькіх высотных дамоў, а таксама шматлікія мінчукі, збіраліся тут практычна штовечар, палілі знічы, упрыгожвалі агароджу двара бел-чырвона-белымі стужкамі, ладзілі бардаўскія канцэрты, знаёміліся паміж сабой.

Улады неаднойчы прыбіралі двор, нават замалёўвалі некалькі разоў выявы “небяспечных” ды-джэяў, якія зрабіліся фактычна першымі героямі пратэстаў.

Такая сітуацыя доўжылася да 11 лістапада. Позна вечарам, убачыўшы, што невядомыя постаці ў масках ізноў зразаюць стужкі, з дому выйшаў Раман Бандарэнка. Пазней да яго далучыліся яшчэ некалькі чалавек. На заўвагу Рамана невядомыя накінуліся на яго і сталі збіваць, а затым зацягнулі ў бусік і хуценька з’ехалі.

Раніцай я даведаўся, што Раман Бандарэнка памёр у лякарні.

Скрыншот з відэа затрымання 11 лістапада.
Момант збіцця Рамана. Скрыншот з камеры відэаназірання.

ёння памёр актывіст Раман Бандарэнка. Ён быў затрыманы на адным з мінскіх двароў невядомымі людзьмі, хутчэй за ўсё пераапранутымі міліцыянерамі, якія прыехалі туды здымаць бела-чырвона-белыя стужкі, — пісаў з гэтай нагоды раніцай старшыня ПЦ "Вясна", а зараз Нобелеўскі лаўрэат міру Алесь Бяляцкі. —“Невядомыя” перадалі Рамана нараду міліцыі, затым яго жорстка збілі ў мікрааўтобусе. У выніку Раман атрымаў чэрэпна-мазгавую траўму і ў цяжкім стане быў дастаўлены ў міліцыю. Там яму яшчэ дзве гадзіны не выклікалі хуткую дапамогу. Дактары не змаглі выратаваць Раману Бандарэнку жыццё”.

Я потым неаднойчы задумваўся і пра звярыную лютасць сілавікоў, і пра нераўнадушнасць звычайнага мастака, настаўніка па жывапісе: “Ну чаму менавіта ён?” Раман жа не грамадскі дзяяч, не палітык-апазіцыянер. Але адказ тут просты. Гэтая бяда магла здарыцца і з нейкім іншым чалавекам, раней ці пазней, то няважна.

Знайшліся людзі, якія ў гэтай трагедыі выявілі нават містыцызм. Я не магу, на жаль, зараз назваць прозвішча чалавека, які падзяліўся сваім незвычайным параўнаннем:

“Дэміургічная сіла Караткевіча часам праяўляецца самым дзіўным чынам.

“– Раман у дваццатым калене, выходзь!” – клікалі вершнікі Дзікага палявання ў аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”.

І наш сённяшні Раман сказаў: “Я выходжу.”

Той восенню Арлоўка вірыла вельмі часта, па некалькі разоў на тыдзень. Не было ніводнага шэсця альбо мітынгу, якія я мог бы прамінуць. Маё жытло знаходзілася якраз на Арлоўскай вуліцы і праз вакно добра было чуваць, як скандуюць людзі. Тады я выбягаў на вуліцу, далучаўся разам з суседзямі да шматлюдных маршаў.

Па вечарах пасля працы сядаў на ровар і дабіраўся да “Плошчы перамен”. Духоўны накал, адзінадушша людзей, якія там збірался штодня і нават не разыходзілся па начах, дадавала мне сілы. Там можна было сустрэць даўніх сяброў і завесці новыя знаёмствы. Валанцёры частавалі кавай ці гарбатай, хатнімі прысмакамі.

І вось надыйшла нядзеля 15 лістапада – памятны сваёй брутальнасцю дзень, які быў звязаны з “Плошчай перамен”.  Гадзін у адзінаццаць, ведаючы што да гэтага месца збіраецца ісці калона з “Пушкінскай”, я накіраваўся ў бок вуліцы Чарвякова. Побач са мной у той бок рухалася шмат людзей. З патрульнага аўтамабіля ДАІ гучалі папярэджанні, каб не ішлі туды. Людзі смяяліся і паказвалі даішнікам пальцамі зразумелыя рэчы.

Сілавікі і мірныя пратэстоўцы на
Разгон мітынгоўцаў 15 лістапада.

Убачанае ў двары і на суседніх вуліцах, моцна мяне ўсхвалявала, паколькі тут упершыню сабралася можа некалькі тысяч чалавек. Затым людзі сталі казаць, што ў горадзе пачаліся масавыя “хапуны” і разгон. Праз некаторы час “чорная хмара” накрыла і наш раён.

Сотні сілавікоў шыхтаваліся ў шарэнгі і ланцугі, ачаплялі раён. Калі пачуліся выбухі светлашумавых гранат я разам з некаторымі іншымі пабег у бок вуліцы Веры Слуцкай, у прыватны сектар. Там, ужо ўдвух, пераскочылі цераз плот і схаваліся ў чужым двары за гаспадарчымі пабудовамі. Калі крыкі і страляніна суціхлі – выйшлі і накіраваліся ў бок вуліцы Чарвякова. Вось тут нас і напаткала засада: вуліца была перакрытая адмысловай тэхнікай з шырокімі, на палову дарогі, кратамі. У трох метрах ад нас стаяла маўклівая шарэнга спецназаўцаў. Адзін з іх адразу накіраваў стрэльбу проста на нас. Мы кінуліся назад, ізноў штурмавалі платы і прысады.

Дарога дадому, звычайна працягласцю 5-6 хвілінаў, расцягнулася на гэты раз больш чым на гадзіну: перасоўваўся лабірынтамі двароў, некалькі разоў хаваўся ў пад’ездах, многія з якіх наўмысна былі адчыненыя – пад дзверы жыхары падкладалі дошкі і нават кнігі, каб людзі маглі схавацца. Зачысткі расцягнуліся на ўвесь раён, людзей хапалі ў той дзень і на бульвары Шаўчэнкі, і нават каля Бангалора.

Пазней праваабаронцы налічылі больш за 1100 затрыманых.

Хіба ўсё гэта забудзецца?

Ужо дома сачыў за навінамі. Даведаўся, што толькі каля 16 гадзін разагналі апошніх пратэстоўцаў, якія былі на "Плошчы пераменаў". А пасля гэтага туды прывезлі дзесяткі рабочых розных камунальных службаў, якія да самага вечара разбіралі мемарыял Раману.

Праз некаторы час мне распавялі, што мемарыял Бандарэнку адноўлены ў іншым месцы, недзе за Брагінскім скверам. Людзі прасілі не пісаць пра гэтае месца і не публікаваць фотаздымкаў. Зразумела, я шмат фоткаў, але ўсе кадры пазней зніклі разам з флэшкамі ў Следчым камітэце. Ведаю адно: памятнае месца на ўскрайку поля праіснавала яшчэ амаль год, пакуль яго не панішчылі ўлады.  Але то ўжо іншая гісторыя.

Крыніца: "Раман у дваццатым калене, выходзь!" Памяці Рамана Бандарэнкі