09.11.2023 Тэгі: грамадства, дыскрымінацыя, правы чалавека 9 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень супраць фашызму, расізму і антысемітызму. Менавіта ў ноч з 9 на 10 лістапада 1938 года на тэрыторыі Германіі і Аўстрыі прайшла серыя габрэйскіх пагромаў. Арганізаваная нацыстамі "Крыштальная ноч" ці "Ноч пабітых вітрынаў" стала першай масавай акцыяй фізічнага гвалту Трэцяга рэйха ў адносінах да габрэяў.
Запыталі ў прадстаўніц праваабарончага цэнтра “Вясна”, што для іх азначае гэты дзень.
Наталля Сацункевіч
"Калі я думаю пра Міжнародны дзень супраць фашызму, расізму і антысемітызму, для мяне падзяляецца гэта на две часткі: першая — гэта асабіста прафесійная, а другая — асабіста асабістая.
Пра асабіста прафесійнае: калі я пазнаёмілася з канцэпцыяй правоў чалавека на дзесяцідзённай Летняй школе па правах чалавека ў Вільні для моладзі, я паверыла ў яе і падзяліла каштоўнасці — і з тых часоў кіруюся імі ў працы і ў жыцці. І адно з базавых паняццяў правоў чалавека — гэта чалавечая годнасць. Кожны чалавек нараджаецца і прыходзіць у гэты свет ужо з годнасцю. І яе не трэба неяк заслугоўваць, зарабляць — яна проста ёсць у людзей, таму што яны існуюць і жывуць. І годнасць і павага да яе вельмі важная. У прафесійным жыцці, канешне, я абапіраюся на гэта і ўсе мае дзеянні ў абарону правоў чалавека базуюцца на павазе да чалавечай годнасці. Але ў жыцці таксама стараюся як мага больш паважаць сваю годнасць, патрабаваць ад іншых людзей, каб яны паважалі яе, і таксама ў адказ паважаць годнасць іншых людзей: бачыць заўсёды чалавека перад сабой, ягоныя патрэбы, і як мага менш спрабаваць судзіць пра чалавека па нейкіх прыкметах, асабліва відавочных, напрыклад: раса, рэлігія (калі гэта бачна), нацыянальнасць. І тут чалавечая годнасць і павага да яе вельмі моцна пераплятаецца з недыскрымінацыяй, якая таксама з'яўляецца адной з базавых каштоўнасцяў правоў чалавека, таму, канешне, праваабронцы усяго свету кіруюцца гэтымі прынцыпамі. І тут калі мы кажам пра Міжнародны дзень супраць фашызму, расізму і антысемітызму — ён жа пра тое, каб з людзьмі нічога не адбывалася дрэннага з-за таго, што яны нейкай іншай расы, нацыянальнасці ці палітычных поглядаў. Я сама хачу жыць у свеце, дзе чалавека паважаюць (і іншыя людзі, і дзяржава) таму, што ён чалавек.
Другая частка — гэта мая асабістая, бо я маю габрэйскія караніі: мой дзядуля і мая прабабуля габрэі. І калі пачалася вайна ў Беларусі, то яны былі вымушаныя з'ехаць у эміграцыю, а бацькі маёй прабабулі засталіся ў Мінску і загінулі ў гета, хутчэй за ўсё падчас аднаго з першых масавых растрэлаў, там, дзе ў Мінску знаходзіцца мемарыяльны комплекс Яма — хутчэй за ўсё там яны і былі забітыя і пахаваныя... Нават немагчыма знайсці магілу, таму што яны там агульнабратэрскія... І кал я пра гэта думаю, што маіх сваякоў, людзей з маёй сям'і забілі толькі таму, што яны былі габрэямі — не такой нацыянальнасці, як іншыя, — то мяне гэта вельмі абурае і закранае мае асабістыя пачуцці".
Любоў Ланіна
"Агулам, я радая, што гэты дзень ёсць у беларускай павестцы, бо праваабааронцы (і не толькі) узгадваюць у гэты дзень пагромы, якія здарыліся, а таксама іншыя сітуацыі, у якіх было месца фашызму, расізму ці антысемітызму. Для мяне гэта, з аднаго боку, гістарычная дата, з другога боку — гэта дзень, у які я магу яшчэ раз узгадаць той досвед антысемітызму, з якім сутыкнулася мая сям'я ці паразмаўляць з калегамі пра іх досвед. А таксама гэта нагода звярнуцца да масавай культуры, таму што да тых падзей прысвечана не адно кіно і кніга, якія я хачу назваць сапраўды якаснымі, у тым сэнсе, што яны падрабязна і шчыра распавядаюць пра падзеі тых гадоў — панавання антысемітызму, фашызму і расізму ХХ стагоддзя. Гэта, напрыклад, фільм "Хлопец у паласатай піжаме", а таксама кніга і фільм "Воровка книг". І, канешне, "Дзённікі Анны Франк".
Агулам, калі я кажу пра досвед антысемітызму, з якім сутыкнулася мая сям'я, перш за ўсё я маю на ўвазе досвед сваёй бабулі: яна і яе сястра падчас Другой сусветнай вайны выжылі, таму што іх схавала жанчына, імя якой ёсць на Алеі праведнікаў народаў сусвету ў Ізраілі — гэта алея імёнаў людзей, якія хавалі ў сябе габрэяў, каб іх выратаваць. А таксама досвед Другой сусветнай ваайны паўплываў на стан маёй сям'і, мне так падаецца, таму, што я заўважыла, што некаторыя прыклады дыскрымінацыі, з якімі я сутыкалася, маглі патлумачыцца маёй сям'ёй як антысемітызм. Я не магу сказаць, што гэта было сапраўды так: я навучалася ў школе з габрэйскімі класамі і не магу сказаць, што адчувала на сабе нейкую неталерантнасць, але бывалі розныя выпадкі, якія тлумачыліся маёй сям'ёй як антысемітызм. Мне падаецца, гледзячы на тыя падзеі, якія зараз адбываюцца ў сусвеце, што гэта тая траўма, якую нясуць габрэі праз тое, што іх шмат гадоў дыскрымінавалі, кідалі з аднаго боку ў іншы, што нейкія праявы дыскрымінацыі могуць тлумачыцца менавіта як праявы антысемітызму.
Дзякуй усім, хто далучаецца да гэтай міжнароднай даты і нагадвае пра падзеі тых часоў".
Крыніца: Міжнародны дзень супраць фашызму, расізму і антысемітызму. Што кажуць праваабаронцы?