09.11.2023 Тэгі: суды, палітвязні, аналітыка, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.
На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1460 чалавек. На мінулым тыдні праваабаронцам стала вядома, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю восем палітвязняў: Ягор Жукаў, Уладзіслаў Верасаў, Аляксандр Жыхарэвіч, Сяргей Бекман, Аляксей Чэкель, Аляксандр Касянчук, Герман Быхаў, Сяргей Самуль.
Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся пра прысуды па палітычна матываваных справах двум палітвязняволеным:
- Дзянісу Галаўко — тры гады "хатняй хіміі";
- Аляксандру Манцэвічу — чатыры гады калоніі.
Праваабаронцу Алеся Бяляцкага ў калоніі змясцілі ў ПКТ
Палітзняволенага старшыню Праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру-2022, асуджанага да 10 гадоў зняволення, Алеся Бяляцкага ў калоніі змясцілі па надуманных прычынах у памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Таксама да праваабаронцы працяглы час не пускаюць адваката.
Пра гэта паведаміла ягоная жонка Наталля Пінчук падчас выступу ў Страсбургу на Сусветным форуме за дэмакратыю-2023:
"Сёння дамагацца безумоўнай свабоды для Алеся Бяляцкага, для ўсіх беларускіх палітычных вязняў, дамагацца свабоды для Беларусі — гэта значыць адстойваць мірную будучыню Беларусі. І Украіны, і нашага рэгіёну, а значыць, і свету ў цэлым. Свабода — гэта мір".
Нагадаем, 2 траўня стала вядома, што праваабаронцу перавялі з СІЗА-1 у папраўчую калонію № 9 у Горках. Там ён працавай на дрэваапрацоўцы.
Палітзняволенага Міхаіла Лапунова арыштавалі сёмы раз запар. У ІЧУ яго ўтрымліваюць ужо тры месяцы
Міхаіл Лапуноў — бацька палітзняволенага Мікіты Залатарова — днямі ён мусіў выйсці на волю, але гэтага не абудзецца, бо яго зноў арыштавалі. Трэцяга лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля прайшоў чарговы суд над ім паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Суддзя Віктар Казачок прызначыў яму чарговыя 15 сутак, піша "Гомельская Вясна".
Міхаіл быў затрыманы 8 жніўня і з таго часу бесперапынна ўтрымліваецца ў ізалятары часовага ўтрымання. Агулам мужчына правядзе за кратамі больш за тры месяцы.
Сын Лапунова — Мікіта Залатароў — адзін з наймалодшых затрыманых палітвязняў у выніку пратэстаў 2020 года. Агульны тэрмін пакарання для яго склаў чатыры з паловай гады выхаваўчай калоніі.
У журналіста Алеся Любянчука за кратамі пачаліся праблемы з хрыбетнікам
Журналіста затрымалі 26 траўня ў вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні. 27 кастрычніка суд прызначыў палітвязню тры гады калоніі.
У пачатку лютага палітвязня накіравалі ў магілёўскую калонію № 15. Але па прыбыцці адміністрацыя калоніі пазбавіла яго пасылак, перадач і спатканняў тэрмінам на тры месяцы.
Яшчэ ў 2022 годзе ў палітвязня абвастрылася хвароба хрыбетніка, расказала "Радыё Свабода" пра Любенчука дасведчаная крыніца:
"Наколькі можна меркаваць, яму цяжка займацца нават спортам, чым там усе ратуюцца. Гэта яго заўважна засмучае".
Працуе Алесь Любянчук на ачыстцы дратоў ад ізаляцыі.
У наваполацкай калоніі ціснуць на палітвязня Максіма Зіневіча
Палітвязня затрымалі яго 19 жніўня 2020 года ў межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). У Ленінскім судзе Брэста 21 траўня 2021 года Зіневічу прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Максім падчас акцыі пратэсту 10 жніўня ў Брэсце быў паранены гумовай куляй у нагу.
Тэрмін ён адбывае ў наваполацкай калоніі № 1. Вядома, што там на яго цісне адміністрацыя ўстановы. Па інфармацыі MAYDAY TEAM, у Максіма вынялі кнігі, цыгарэты і нават прадукты харчавання. Апроч гэтага, палітвязня перыядычна змяшчаюць у ШІЗА.
Таксама паведамляецца, што ўсіх палітвязняў, якія стаяць на прафулік як схільныя "да экстрэмізму і дэструктыўнай дзейнасці", пазбавілі тэлефанаванняў на ўвесь лістапад.
Былога падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча перавялі на турэмны рэжым
Аляксей — былы падпалкоўнік КДБ. У Мінскім гарадскім судзе 30 сакавіка 2022 года яго асудзілі да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў па ч. 2 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Таксама ён пазбаўлены вайсковага звання "падпалкоўнік". Пад вартай да суда ён утрымліваўся каля году.
Згодна з інфармацыяй, агучанай у фільме на дзяржтэлебачанні, Храловіч меў дачыненне да перадачы Сцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыя размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых запісах вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі.
Па інфармацыі праваабаронцаў, 24 кастрычніка ў Наваполацку адбыўся суд па замене Аляксею рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Таццяны Хрыпач палітвязня перавялі на турэмны рэжым.
Палітвязень Андрэй Пачобут атрымаў польскую праваабарончую прэмію
У Кракаве адбылася 20-я цырымонія ўручэння польскай Прэміі імя Серджыа Віера ды Мелу — вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
Прэмія была заснавана ў 2003 годзе Культурна-асветніцкім таварыствам "Віла Дэцыус". Яна прысуджаецца людзям і няўрадавым арганізацыям за іх дзейнасць у галіне абароны правоў чалавека, а таксама папулярызацыю ідэі мірнага суіснавання і супрацоўніцтва розных грамадстваў, рэлігій і культур.
Лаўрэатам ганаровай узнагароды стаў журналіст, дзеяч польскай меншасці ў Беларусі, палітвязень Андрэй Пачобут, піша "Польскае радыё".
"Не сакрэт, што яму прапаноўвалі вызваленне ў абмен на эміграцыю ў Польшчу, але ні на якія здзелкі з рэжымам Андрэй не пайшоў. Гэта прыклад чалавека, які не хістаецца нават перад абліччам сваіх катаў".