03.11.2023 4 лістапада 1950 года ў Рыме краіны-ўдзельніцы Рады Еўропы падпісалі Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека. Канвенцыяй таксама стварыўся Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ). Расказваем, чаму ён важны і як звычайныя грамадзяне ўплывалі дзякуючы рашэнням ЕСПЧ на заканадаўства і практыку сваёй краіны.
Гісторыя
4 лістапада 1950 года – дзень падпісання Еўрапейскай канвенцыю па правах чалавека. Набыла моц яна пазней, 3 верасня 1953 года.
Канвенцыя стварае агульны стандарт правоў і свабод для грамадзян краін-чальцоў Рады Еўропы. Яна ўключае ў сябе асноўныя правы, такія як права на жыццё, свабоду ад катаванняў, свабоду слова і сходаў, права на справядлівае судовае разбіральніцтва і многія іншыя.
Канвенцыяй таксама ствараецца механізм абароны гэтых правоў – Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ), што разглядае скаргі людзей, якія сцвярджаюць парушэнне іх правоў у краінах-удзельніцах Рады Еўропы [Рада Еўропы – гэта міжнародная арганізацыя, створаная ў 1949 годзе і абʼядноўвае 47 краін-чальцоў у Еўропе. Асноўнай мэтай Рады Еўропы зʼяўляецца садзейнічанне супрацоўніцтву і абароне правоў чалавека ў рэгіёне]. Суд выносіць рашэнні па гэтых скаргах і забяспечвае абарону правоў чалавека на практыцы. Калі суд прызнае парушэнне правоў, дзяржава абавязана выканаць яго рашэнне і кампенсаваць пацярпеламу шкоду.
Беларусь і ЕСПЧ
Беларусь не зʼяўляецца ўдзельніцай гэтай Канвенцыі і не падпадае пад юрысдыкцыю Еўрапейскага суда па правах чалавека, таму што не ўваходзіць у Раду Еўропы. Чаму? Адказвае юрыстка ПЦ "Вясна" Святлана Галаўнёва:
"Часта гэта звязваюць з тым, што ў Беларусі па-ранейшаму існуе смяротнае пакаранне ў якасці крымінальнага пакарання і па-ранейшаму актыўна ўжываецца. Смяротнае пакаранне ёсць сурʼёзным парушэннем стандартаў правоў чалавека, а яго адмена – адной з ключавых умоў, каб трапіць у Савет Еўропы. Але адмена смяротнага пакарання, ці хаця б мараторый на яе ўжыванне, што калісьці зрабіла Расея для ўступлення ў Раду Еўропы, – не адзіная ўмова. Уступленне ў Раду Еўропы таксама прадугледжвае абавязальніцтва захавання дэмакратычных нормаў і прынцыпаў, у тым ліку правядзенне свабодных і справядлівых выбараў, абарону палітычных і грамадзянскіх правоў, а таксама ўдзел у міжнародным супрацоўніцтве ў пытаннях правоў чалавека".
Тое, што Беларусь не зʼяўляецца ўдзельніцай Канвенцыі і Рады Еўропы, стварае перашкоду беларусам у абароне сваіх правоў на міжнародным узроўні і забірае магчымасць уплываць на сваю краіну праз імплементацыю дзяржавай рашэнняў ЕСПЧ. А як жа гэта адбывалася ў іншых краінах? Прыводзім некалькі прыкладаў, якія абʼяднаныя адной тэмай – парушэннем таго ці іншага права, актуальнага і для Беларусі.
Кейсы
Свабода слова
Расійская Федэрацыя*
(*Пасля выключэння з Савета Еўропы 16 сакавіка 2022 года Расійская Федэрацыя перастала быць удзельніцай Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека 16 верасня 2022 года).
Кантэкст. Ісак Грынберг напісаў артыкул у газету, дзе абвінавачваў губернатара Ульянаўскай вобласці. Артыкул заканчваўся словамі: "Ніякага сораму і ніякіх згрызотаў сумлення!" У адказ губернатар падаў на Ісаака ў суд за паклёп праз гэтыя словы. Ён заявіў, што такія словы абразлівыя. Губернатар выйграў справу ў расійскім судзе, а Ісаку прысудзілі штраф.
Затым Ісак звярнуўся ў ЕСПЧ.
Рашэнне ЕСПЧ, 2005 год. Еўрапейскі суд адзначыў, што словы Ісака былі ацэнкавымі меркаваннямі. Такія меркаванні немагчыма даказаць, а патрабаванні закона даказаць ацэначныя меркаванні зʼяўляюцца парушэннем свабоды слова. Такім чынам, прыцягненне Ісака да адказнасці за паклёп, бо ён апублікаваў гэтыя словы, парушыла яго свабоду слова.
Імплементацыя. Вышэйшы суд Расіі выдаў пастанову, што патрабуе прымяніць правілы Рады Еўропы аб свабодзе выказвання меркаванняў да расійскага заканадаўства. Гэта падкрэсліла неабходнасць таго, каб дзяржаўныя чыноўнікі прызналі, што яны будуць абʼектам грамадскага кантролю і крытыкі. Таксама судам пры ацэнцы пазоваў аб дыфамацыі было загадана адрозніваць паміж сабой канстатацыю фактаў і ацэначныя меркаванні.
Мальта
Кантэкст. Майкл Фальзон напісаў артыкул у газету, у якой ён раскрытыкаваў паводзіны дэпутата. Дэпутат жа распачаў супраць яго справу аб паклёпе. Мальтыйскі суд абавязаў Фальзона выплаціць дэпутату 2 500 еўра ў якасці кампенсацыі за шкоду.
Рашэнне ЕСПЧ, 2018 год. Еўрапейскі суд пастанавіў, што рашэнні мальтыйскіх судоў былі «вельмі вузкімі па сваім ахопе» і што яны не забяспечылі справядлівага балансу, калі падтрымалі права дэпутата на рэпутацыю, не патлумачыўшы, чаму гэта пераважвае права Майкла на свабоду слова.
Імплементацыя. У 2018 годзе ўрад Мальты прадставіў новы закон аб СМІ і дыфамацыі, які абнавіў закон аб паклёпе. Асноўнай мэтай зʼяўляецца ўмацаванне права на свабоду слова. Гэта ўключала ў сябе і дэкрыміналізацыю дыфамацыі.
Грузія
Кантэкст. Ільнар Гарэлішвілі вёў калонку ў газеце. Адзін з артыкулаў тычыўся палітыка, які валодае некалькімі абʼектамі нерухомасці. Ільнар параўнаў кошт нерухомасці палітыка і задаўся пытаннем, як ён мог набыць столькі актываў на дзяржаўнай службе, і выказаў здагадку, што гэта магло адбыцца праз карупцыю. Сам палітык падаў на Ільнара ў суд, а грузінскія суды вынеслі рашэнне на карысць палітыка.
Ільнар падаў пазоў у ЕСПЧ.
Рашэнне ЕСПЧ, 2007 год. Права Ільдара Гарэлішвілі на свабоду слова было парушана. Грузінскі закон аб дыфамацыі ў той час не праводзіў адрозненні паміж фактамі і меркаваннямі. Факты, выкладзеныя ў артыкуле Ільдара, заключаліся ў тым, што палітык валодаў гэтай уласнасцю, што было заснавана на яго публічнай заяве аб уласнасці. А здагадка аб тым, што гэтая ўласнасць паўстала ў выніку палітычнай карупцыі, не была прадстаўлена як факт, а была выказана як магчымае меркаванне. Патрабаванне грузінскіх судоў да Ільдара даказаць праўдзівасць гэтага меркавання парушыла права на свабоду слова.
Імплементацыя. У Грузіі быў прыняты новы Закон аб СМІ. У прыватнасці, Закон праводзіў адрозненне паміж фактамі і меркаваннямі. Людзей могуць прыцягнуць да адказнасці за публікацыю ілжывых і шкодных фактаў, аднак Закон дае людзям абсалютную свабоду меркаванняў.
Свабода асацыяцый
Расійская Федэрацыя
Кантэкст. Рэспубліканская партыя Расіі спрабавала ўнесці змены ў сваю рэгістрацыю, але сутыкнулася з адмовай Міністэрства юстыцыі і наступнай ліквідацыяй партыі. Партыя сцвярджала, што адмова парушыла яе свабоду асацыяцыі. Расейскія суды падтрымалі пастанову Міністэрства юстыцыі.
Рашэнне ЕСПЧ, 2011 год. Еўрапейскі суд устанавіў, што прававая аснова рашэння расейскіх уладаў не змяняць афіцыйны рэестр. Не было ніякіх падставаў умешвацца ва ўнутраныя справы партыі ў такой ступені. Канчатковае закрыццё партыі было непатрэбным і неапраўданым. Суд пастанавіў, што Расея парушыла свабоду абʼяднання партыі.
Імплеменацыя. У 2012 годзе Вярхоўны суд Расіі адмяніў сваё папярэдняе рашэнне. Гэта азначала, што Мінюсту прыйшлося перарэгістраваць партыю. Пасля гэтага партыя змагла змяніць адпаведную інфармацыю ў афіцыйным рэестры.
Свабода ад катаванняў і жорсткага абыходжання
Латвія
Кантэкст. Арніс Кадыкіс быў асуджаны да 15 сутак арышту за дробнае правапарушэнне. Ён адбываў пакаранне разам з чатырма іншымі зняволенымі ў камеры плошчай усяго 6 кв. метраў. У камеры не было ні вокнаў, ні вентыляцыі, і Арніса не выводзілі на прагулкі. У выніку Кадыкіс не бачыў дзённага святла і не меў доступу да свежага паветра цягам 15 сутак. Таксама ён не меў пасцельных прыналежнасцяў, матраца і коўдры.
Рашэнне ЕСПЧ, 2006 год. Суд пастанавіў, што гэтыя ўмовы прыніжаюць годнасць і парушаюць правы Кадыкіса.
Імплементацыя. Новае заканадаўства Латвіі ўвяло мінімальны стандарт умоў утрымання. Да іх адносіцца мінімальная колькасць жылой плошчы, а таксама патрабаванне аб тым, каб у затрыманых быў доступ да натуральнага асвятлення і ложка. У краіне былі адкрытыя новыя цэнтры ўтрымання пад вартай і адрамантаваныя старыя, каб адпавядаць гэтым стандартам.
Чэшская Рэспубліка
Кантэкст. Уладзімір Кумер быў зубным тэхнікам. Аднойчы ён ішоў дадому з бара, калі яго спыніла паліцыя – як мяркуецца, за тое, што той памачыўся на вуліцы. Паліцыя запатрабавала ў Кумера пасведчанне асобы, якое знаходзілася ў яго дома, за 50 метраў ад яго. Але Кумера даставілі ў паліцэйскі ўчастак. Ён сцвярджаў, што яго пасадзілі ў камеру і прымусілі вісець на выцягнутых руках, прыкаваных да розных сцен.
Паводле следства, датычныя да гэтага супрацоўнікі міліцыі не зрабілі нічога супрацьпраўнага.
Рашэнне ЕСПЧ, 2014 год. Суд палічыў, што супраць Кумера ўжылі зневажальнае годнасць абыходжанне. Суд таксама ўстанавіў, што расследаванне інцыдэнту адбывалася з непатрэбнымі затрымкамі і не было належным чынам незалежным, так што права Кумера на эфектыўнае расследаванне таксама было парушанае.
Імплементацыя. Пасля гэтага выпадку ў Чэхіі быў праведзены шэраг рэформаў, закліканых забяспечыць эфектыўнае расследаванне заяў аб жорсткім абыходжанні з боку паліцыі. Была створана незалежная Генеральная інспекцыя сіл бяспекі для расследавання злачынстваў, як мяркуецца, учыненых супрацоўнікамі паліцыі. Таксама прэзідэнт Чэшскай паліцыі змяніў абавязковую для супрацоўнікаў паліцыі інструкцыю, паказаўшы, што прыкоўваць чалавека да нерухомага абʼекта варта толькі ў тым выпадку, калі гэта неабходна для перадухілення небяспечных паводзін. Акрамя таго, прэзідэнт паліцыі распарадзіўся правесці праверку ўсіх паліцэйскіх камер Чэхіі на прадмет адсутнасці ў іх жалезных кольцаў.
Эстонія
Кантэкст. Аляксандр Міхайлаў быў спынены супрацоўнікамі паліцыі – па словах Аляксандра, яны напалі на яго, збілі па ўсім целе і галаве, давёўшы да страты прытомнасці. Калі ён ачуняў у пастарунку, паліцыянты нібыта зноў збілі яго. Пазней Міхайлава даставілі ў больніцу. Улады першапачаткова адмовіліся пачаць расследаванне. Пазней следства адхіліла скаргу Міхайлава.
Рашэнне ЕСПЧ, 2016 год. Суд пастанавіў, што следчыя органы не былі незалежнымі, паколькі адказны за справу паліцэйскі быў следчым з таго ж рэгіянальнага падраздзялення паліцыі, што і паліцэйскія, якія маюць дачыненне да падзей. Следству таксама не ўдалося сабраць важныя доказы або належным чынам абгрунтаваць свае высновы. Такім чынам, расследаванне меркаванага жорсткага абыходжання не было эфектыўным.
Імплементацыя. Эстонскія следчыя, пракуроры і суддзі прайшлі навучанне па пытаннях жорсткага абыходжання з боку паліцыі і неабходнасці суразмернасці ўжывання сілы. А падзел адпаведных следчых і пракурорскіх органаў паміж Міністэрствам унутраных спраў і Міністэрствам юстыцыі дапамагае гарантаваць незалежнасць расследаванняў.
Права на справядлівае судовае разбіральніцтва + свабода ад катаванняў і жорсткага абыходжання
Албанія
Кантэкст. Супраць Олсі Качыў ужывалі катаванні падчас утрымання пад вартай у паліцыі. Яго прымусілі даць паказанні, што паказвалі на здзяйсненне злачынства. Затым гэтая заява была выкарыстана супраць Качыў у судзе як доказ таго, што ён не паведаміў пра злачынства. Яго асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі.
Рашэнне ЕСПЧ, 2013 год. Еўрапейскі суд устанавіў, што Качыў катавалі паліцыіянты да таго часу, пакуль ён не мог хадзіць і стаяць. Улічваючы, што крымінальны пераслед супраць яго быў заснаваны выключна на доказах, атрыманых з дапамогай катаванняў, суд над ім і асуджэнне былі несправядлівымі. Гэта парушыла яго правы.
Імплементацыя. Урад Албаніі ўнёс рэформы, што ўключалі ўнясенне змяненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс у 2013 годзе, якія вызначалі права на доступ да адваката пры першым затрыманні пад вартай у паліцыі; папраўка 2014 года да закона аб правах зняволеных, якія знаходзяцца пад вартай, каб увесці выразныя правілы абыходжання з імі; і новы Кодэкс этыкі турэмных служачых у 2015 годзе.
Венгрыя
Кантэкст. Агостан Кмеці быў гандляром на рынку Будапешта. Падчас пагрозы выбуху на рынку ён быў затрыманы паліцыяй– як мяркуецца, за непадпарадкаванне іх загадам. Па словах Кмеці, затым паліцыянты даставілі яго ў паліцэйскі ўчастак і збівалі каля трох гадзін. Пазней нікому з паліцэйскіх не прадʼявілі абвінавачванняў па гэтым інцыдэнце на той падставе, што не было дастатковых доказаў правапарушэнняў.
Рашэнне ЕСПЧ, 2003 год. Еўрапейскі суд пастанавіў, што пракурор так і не расследаваў інцыдэнт належным чынам, адмовіўшыся нават дапытаць каго-небудзь з меркавана датычных да яго афіцэраў. Гэта парушыла права Кмеці на належнае расследаванне яго сцвярджэнняў аб жорсткім абыходжанні.
Імплементацыя. У краіне былі ўнесеныя змены: калі пракурор адмаўляецца належным чынам расследаваць злачынства, у ахвяры зараз ёсць магчымасць перадаць справу адразу ў суд для яго расследавання. Суд можа падтрымаць рашэнне пракурора не праводзіць расследаванне толькі калі ён прадставіць для гэтага належныя прычыны.
Свабода сходаў
Польшча
Кантэкст. Пяць сябраў няўрадавай арганізацыі хацелі арганізаваць грамадскія сходы ў Варшаве. Мэтай было прыцягнуць увагу грамадскасці да дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, меншасцяў і людзей з інваліднасцю. Аднак мэр горада даў інтэрвʼю, заявіўшы, што сходы будуць забароненыя, паколькі яны ўключаюць падтрымку правоў геяў. Затым яго Офіс адмовіў у дазволе на правядзенне сходаў, прыняўшы шэраг рашэнняў, заснаваных на адміністрацыйных фармальнасцях.
Рашэнне ЕСПЧ, 2007 год. Еўрапейскі суд пастанавіў, што рашэнні аб забароне розных маршаў у Варшаве альбо супярэчаць польскаму заканадаўству, альбо заснаваныя на законах, якія не абараняюць правы пратэстоўцаў. У абодвух выпадках права на публічныя сходы было парушана. Гэтыя рашэнні маглі аказаць стрымлівае ўздзеянне на людзей, якія прымаюць удзел у грамадскім жыцці.
Імплементацыя. Рашэнне Еўрапейскага суда прывяло да ўнясення змяненняў у польскі Закон аб сходах. Прэцэдэнтнае права канстытуцыйнага суда склалася такім чынам, што адміністрацыйныя законы, ужытыя мэрыяй Варшавы ў гэтай справе, не маглі быць выкарыстаны для забароны мірных пратэстаў у будучыні. У 2015 годзе быў прыняты новы Закон аб сходах з мэтай абароны права на правядзенне мірных сходаў у Польшчы.
Арменія
Кантэкст. LG была сведкам па справе аб забойстве. Яго смерць пад вартай у паліцыі выклікала пратэст сярод грамадзянскай супольнасці Арменіі.
Хельсінкскі Камітэт Арменіі зʼяўляецца праваабарончай няўрадавай арганізацыяй. Праз год пасля смерці LG камітэт паведаміў уладам, што мае намер правесці памятны марш у Ерэване. Але мэр забараніў марш, спаслаўшыся на меркаванні нацыянальнай бяспекі, і на тое, што мітынгі пасля нядаўніх выбараў прывялі да сутыкненняў з уладамі. Хельсінкскі Камітэт Арменіі сцвярджаў, што забарона парушыла права на правядзенне публічных дэманстрацый.
Рашэнне ЕСПЧ, 2015 год. Суд заявіў, што права на мірныя сходы зʼяўляецца асноватворным для дэмакратычнага грамадства. Ён выказаў сумнеў у тым, што прычыны, прыведзеныя ўладамі для ўмяшання ў гэтае права, былі неабходнымі або дастатковымі. Такім чынам, рашэнне аб забароне маршу парушыла права Хельсінкскага камітэта на свабоду сходаў. НДА таксама было адмоўлена ў эфектыўным спосабе аспрэчыць забарону ў Арменіі.
Імплементацыя. У Арменіі быў прыняты Закон аб сходах, які ўводзіць розныя гарантыі права на свабоду сходаў, уключаючы прынцып, згодна з якім перадухіленне або разгон сходу павінна быць крайняй мерай, якая ўжываецца ў выпадках гвалту. Закон абвяшчае, што нават калі сход праводзіцца без належнага паведамлення ўладаў, калі ён носіць мірны характар, яму павінна спрыяць паліцыя. У Законе таксама ўказана, што адказнасць за сходы павінен несці рэгулюючы орган. Гэты орган павінен адказваць на запыты аб правядзенні сходаў на працягу 48 гадзін, а яго рашэнні павінны падлягаць юрыдычнаму кантролю ў судах.
У выніку з 2011 па 2017 год у мэрыю Ерэвана паступіла 1 369 апавяшчэнняў аб правядзенні масавых сходаў. Толькі ў дзевяці выпадках мэрыя забараніла сход, і толькі адно рашэнне было аспрэчана ў адміністрацыйным судзе. Акрамя таго, у Канстытуцыю Арменіі былі ўнесеныя змены для далейшай абароны свабоды сходаў. Да іх адносіцца права праводзіць стыхійныя сходы без папярэдняга паведамлення.
Малдова
Кантэкст. "Гайд-парк" – гэта няўрадавая арганізацыя, якая займаецца абаронай свабоды слова і права на свабоду сходаў. "Гайд-парк" арганізаваў шэраг публічных акцый пратэсту ў Кішынёве ў 2005 і 2006 гадах. Адна з іх была накіраваная на абарону права на свабоду слова ў Малдове. Яшчэ адна акцыя была арганізаваная перад амбасадай Румыніі ў знак пратэсту супраць палітыкі Румыніі ў дачыненні да малдаўскіх студэнтаў. Шэраг такіх акцый пратэсту быў забаронены ўладамі горада. У якасці прычын была названа нязгода ўрада з тым, што спрабаваў данесці пратэст, а таксама шкода, якую пратэст можа нанесці іміджу малдаўскага ўрада.
Рашэнне ЕСПЧ, 2009 год. Суд нагадаў, што Еўрапейская канвенцыя была распрацаваная для абароны свабодных дэмакратычных таварыстваў. Права на публічныя сходы зʼяўляецца найважнейшым кампанентам любога такога грамадства і павінна ўключаць памяркоўнасць да розных ідэяў, якія выяўляюцца публічна. Малдаўскія ўлады забаранілі публічнае выказванне іншых меркаванняў, але не прывялі для гэтага належных прычын. Гэта парушыла права на свабоду сходаў.
Імплементацыя. Пасля гэтага і шэрагу іншых выпадкаў у Малдове былі праведзеныя важныя рэформы па абароне свабоды сходаў. У прыватнасці, быў прыняты новы Закон аб свабодзе сходаў, які ўсталяваў значна больш строгую абарону права на правядзенне публічных сходаў. У 2011 годзе Вярхоўны суд прыняў рашэнне, якое тлумачыць, як нацыянальныя суды павінны прымяняць заканадаўства для належнай абароны свабоды сходаў. У выніку за сем гадоў пасля прыняцця новага закона ў мэрыю Кішынёва паступіла 6 865 апавяшчэнняў аб масавых мерапрыемствах. Мэрыя ўмяшалася толькі ў 27 спраў з прапановай змяніць месца і / або час мерапрыемства, а суды былі задзейнічаны толькі ў 11 выпадках.
Свабода ад гвалту ў адносінах да жанчын
Літва
Кантэкст. Бібліятэкарка Ларэта Валіўлене звярнулася да ўладаў са скаргай на хатні гвалт з боку свайго сужыцеля. Яна распавяла, што той душыў яе, пацягнуў за валасы, ударыў па твары і біў нагамі па ўсім целе. Ларэта прадставіла канкрэтныя апісанні інцыдэнтаў і імёны сведак. Аднак пракурор неаднаразова не праводзіў расследаванне належным чынам і спрабаваў закрыць расследаванне.
Рашэнне ЕСПЧ, 2013 год. Еўрапейскі суд пастанавіў, што Ларэта зрабіла ўсё магчымае, каб дамагчыся справядлівасці. Аднак няўдачы ўладаў азначалі, што яе партнёру ніколі не даводзілася сутыкацца з абвінавачваннямі ў гвалце супраць яе. Гэта парушыла яе асноўныя правы.
Імплементацыя. Ларэце была прысуджана кампенсацыя. Таксама па рашэнні Еўрапейскага суда генеральны пракурор і генеральны камісар паліцыі Літвы прынялі шэраг заканадаўчых актаў па барацьбе з хатнім гвалтам у Літве. Яны былі распрацаваныя для таго, каб пракуроры прымалі хуткія і абгрунтаваныя рашэнні аб судовым пераследзе, а таксама для ліквідацыі памылак дасудовага расследавання выпадкаў хатняга гвалту. Яны таксама запатрабавалі, каб паліцыя абараняла меркаваных ахвяр, каб яе расследаванні былі цалкам эфектыўнымі і каб у кожным аператыўным падраздзяленні паліцэйскага кіравання было дастаткова спецыялістаў.
Нарэшце, пастанова Канстытуцыйнага суда Літвы ў 2016 годзе ўстанавіла, што заканчэнне тэрміну даўнасці не перашкодзіць нацыянальнаму суду дзейнічаць такім чынам, каб была ўстаноўленая ісціна ў крымінальнай справе.
Румынія
Кантэкст. Маці чацвярых дзяцей Анжаліка Бэлган восем разоў падвергнулася нападу з боку мужа. У перыяд з 2007 па 2008 год Анжаліка тэлефанавала ў службу экстранай дапамогі, падавала крымінальныя заявы і прасіла абароны ў начальніка паліцыі. Аднак, нягледзячы на тое, што яна заявіла ўладам, што баіцца за сваё жыццё, не было прынята ніякіх належных мер для яе абароны. Кожны раз яе мужа альбо апраўдвалі, альбо ўлады вырашалі не высоўваць абвінавачванні.
Адчуваючы сябе бездапаможнай, Анжаліка нарэшце падала пазоў у Еўрапейскі суд па правах чалавека.
Пастанова ЕСПЧ, 2017 год. Еўрапейскі суд устанавіў, што румынскія ўлады былі добра дасведчаныя аб злоўжываннях, улічваючы неаднаразовыя заклікі Анжалікі аб дапамозе. Тым не менш яны не ўмяшаліся, каб абараніць яе, што зʼяўляецца парушэннем яе асноўных правоў. Суд выказаў занепакоенасць тым, што румынскія ўлады лічаць, што Анжаліка справакавала хатні гвалт і што ён не быў дастаткова сурʼёзным, каб лічыцца злачынным паводзінамі. Гэта супярэчыла міжнародным стандартам абароны жанчын ад гвалту. Гэтая ды іншыя справы паказалі, што, нягледзячы на наяўнасць у Румыніі адэкватных законаў па барацьбе з хатнім гвалтам, румынскім уладам не хапіла належнага імкнення вырашыць гэтую праблему на практыцы.
Імплементацыя. Румынскі ўрад распачаў шырокі спектр крокаў па барацьбе з хатнім гвалтам. Палепшылася справаздачнасць аб правапарушэннях і колькасць ахоўных загадаў, выдадзеных для абароны ахвяр. Таксама Румынія ратыфікавала «Стамбульскую канвенцыю» Рады Еўропы аб гвалце ў дачыненні да жанчын. У 2018 годзе ўрад прадставіў у парламент законапраект, які змяшчае шэраг рэформаў для далейшага вырашэння гэтай праблемы.
З яшчэ большай колькасцю кейсаў вы можаце азнаёміцца ТУТ.
Крыніца: Як Еўрапейскі суд уплывае на абарону правоў чалавека