03.11.2023 Тэгі: правы чалавека На 31 кастрычніка 2023 года ў Беларусі налічвалася 1 473 палітычных зняволеных, 163 з іх — жанчыны. Усяго з траўня 2020 года прызнаныя палітычнымі зняволенымі амаль 2 800 чалавек, уключаючы тых, хто былі вызваленыя ў выніку змены меры стрымання, асуджэння да пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, адбыцця пакарання, вызвалення ад пакарання. Каля 490 з іх — жанчыны.
Высновы:
- праваабаронцы працягваюць фіксаваць адвольныя арышты, асуджэнне, катаванні і іншыя віды забароненага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў, палітычных праціўнікаў рэжыму і іншадумцаў — складнікі рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў; такім чынам, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму з'яўляецца крытычнай;
- на канец кастрычніка 2023 года ў Беларусі пазбаўленыя волі 1 473 палітвязня, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 30 чалавек; акрамя таго, каля 1 300 палітвязняў з 2020 года вызвалены ў сувязі з адбыццём тэрміну пакарання, зменай меры стрымання, прызначэннем у судзе пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, ці з прычыны памілавання;
- палітзняволеныя ў калоніях зазнаюць надзвычай жорсткае абыходжанне, ім адвольна і выбарча выносяць спагнанні ў дысцыплінарным парадку, чым пагаршаюць становішча, нярэдка падаўжаюць тэрмін пазбаўлення волі падчас альбо пасля адбыцця пакарання па прысуду;
- асуджаныя да пазбаўлення волі сябры "Вясны" — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк — адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях;
- праваабаронца Наста Лойка асуджаная да сямі гадоў зняволення згодна з адвольнымі палітычна матываванымі абвінавачваннямі; 3 кастрычніка 2023 г. адбыўся разгляд яе апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе: прысуд пакінуты без зменаў, а скарга без задавальнення. Праваабаронцу перавялі ў папраўчую калонію №4;
- не спыняюцца адвольныя рэпрэсіі за рэалізацыю асобамі сваіх грамадзянскіх правоў; у верасні "Вясне" стала вядома пра не менш як 394 адміністратыўныя суды, у тым ліку 87 з прызначэннем штрафа і 105 с прызначэннем адміністратыўнага арышту па палітычна матываваных адміністратыўных справах. Найбольшая колькасць вядомых выпадкаў – у Мінску і Гомельскай вобласці;
- праваабаронцы "Вясны" і іншых праваабарончых арганізацый рэгулярна выяўляюць і дакументуюць факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання з затрыманымі ў адміністрацыйным працэсе;
- працягваецца пераслед грамадзянаў па палітычных матывах на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам;
- у Беларусі вынесены чарговы смяротны прысуд.
Палітычныя зняволеныя. Пераслед праваабаронцаў
За кастрычнік праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі 30 чалавек. Таксама праваабаронцы запатрабавалі рэабілітацыі 39 былых палітвязняў – тых, хто ў перыяд зняволення адпавядаў крытэрам прызнання палітвязнямі, выпрацаванымі праваабарончай супольнасцю, але не быў прызнаны такім у сувязі з тым, што звесткі пра іх былі недаступныя праваабаронцам.
Асуджаныя да пазбаўлення волі сябры Праваабарончага цэнтру "Вясна" — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк — адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях.
Праваабаронца Наста Лойка пераведзеная ў папраўчую калонію №4 г. Гомеля пасля таго, як 3 кастрычніка Вярхоўны Суд адмовіў ёй у задавальненні апеляцыйнай скаргі. 12 кастрычніка 2023 года КДБ унёс Насту Лойку ў "спіс тэрарыстаў".
Па-ранейшаму няма дакладных звестак пра лёс вядомых апазіцыйных палітыкаў, якіх улады ўтрымліваюць у строгай ізаляцыі: ад іх не прыходзіць карэспандэнцыі, яны пазбаўлены права на тэлефонныя перамовы і спатканні, у тым ліку спатканні з адвакатамі, родныя не маюць звестак пра стан іх здароўя. Гаворка пра Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку і некаторых іншых палітвязняў, якіх працягла — на працягу некалькіх месяцаў — утрымліваюць інкамунікада. Таксама практычна ўсе палітзняволеныя істотна абмежаваныя ў ліставанні і спатканнях з роднымі і адвакатамі.
Праваабаронцы сабралі вядомыя факты пераследу палітвязняў ужо пасля вынясення ім прысуду, у выніку якіх іх перавялі ў турму, што азначае максімальнае ўзмацненне жорсткасці рэжыму ўтрымання, або асудзілі на дадатковы тэрмін пазбаўлення волі.
Адным з найбольш жорсткіх і цынічных інструментаў ціску на палітвязняў застаецца адвольнае падаўжэнне ім тэрмінаў пазбаўлення волі па сфабрыкаваных абвінавачваннях у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчых устаноў (арт. 411 КК), што прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў за здзяйсненне некалькіх дысцыплінарных правінаў. Дадзены артыкул па сваёй сутнасці парушае правы чалавека і актыўна ўжываецца па палітычных матывах. Так, палітвязню актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк, раней асуджаную да трох гадоў калоніі, суддзя Станіслаў Іванюценка 9 кастрычніка прызнаў вінаватай у "злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі" і прызначыў ёй яшчэ адзін год пазбаўлення волі ў дадатак да папярэдняга тэрміну. На судовым пасяджэнні палітзняволеная заявіла пра яе збіццё ў Зарэчанскай папраўчай калоніі № 24 — у жанчыны быў моцна пашкоджаны твар і ўнутраныя органы. У ПК-24 яна была пераведзеная пасля таго, як упершыню ў 2022 годзе была асуджаная па такім жа абвінавачванні – за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі ПК-4 у Гомелі. Тэрмін па першапачатковым прысудзе Паліны скончыўся яшчэ ў пачатку жніўня 2022 года, але яна дагэтуль застаецца ў зняволенні.
У судзе Барысаўскага раёна 18 кастрычніка вынеслі прысуд палітзняволенаму актывісту Змітру Дашкевічу, які павінен быў выйсці на волю з папраўчай калоніі № 14 па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня 2023 года. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК. Суддзя Таццяна Дзеравянка прызначыла палітвязню яшчэ адзін год калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Таксама праваабаронцы публікуюць рэгулярны тыднёвы агляд сітуацыі з палітвязнямі ў няволі. Так, Дзмітрыя Рэзановіча, асуджанага да 19 гадоў пазбаўлення волі, перавялі ў памяшканне камернага тыпу да сакавіка 2024 года. Раней паведамлялася, што Дзмітрыя неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а таксама пазбавілі спатканняў, перадач і пагражалі перавесці на турэмны рэжым. Палітвязняў Ягора Лянкевіча і Уладзіміра Гундара перавялі на турэмны рэжым. Палітзняволеную Вікторыю Кульшу зноў змяшчалі ў штрафны ізалятар. Таксама ў ШІЗА змяшчаюць анархістаў Ігара Аліневіча, Мікіту Емяльянава і апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча, які знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі.
Шэраг палітвязняў адносяцца да уразлівых груп, а пазбаўленне волі ставіць пад пагрозу іх жыццё і здароўе.
У прыватнасці, адміністрацыя калоніі не паведамляе Рыгору Кастусёву вынікі яго анкалагічнага даследавання. Таксама яго змяшчаюць у ШІЗА. Нагадаем, 66-гадовага былога старшыню партыі БНФ асудзілі да 10 гадоў калоніі, у зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.
2 кастрычніка 2023 года ў судзе Бабруйска і Бабруйскага раёна вынеслі прысуд 62-гадовай Але Зуевай. Суддзя Вольга Серакова прызнала яе вінаватай паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і асудзіла да двух з паловай гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У Алы Зуевай анкалагічнае захворванне крыві.
Палітвязня па "справе незалежных прафсаюзаў" Васіля Бераснева, які адбывае пакаранне ў магілёўскай ПК № 15, тэрмінова накіравалі ў Магілёўскую абласную бальніцу. Яшчэ падчас знаходжання ў СІЗА ў Васіля значна пагоршыўся стан здароўя: ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы, ёсць меркаванне аб неабходнасці яе перасадкі.
Працягваецца ціск на асуджаных да абмежавання волі. Сярод вядомых выпадкаў кастрычніка – разгляд справы аб пераводзе ў калонію Арцёма Закржэўскага, асуджанага за ўдзел у акцыі пратэсту 2020 года да чатырох з паловай гадоў "хіміі".
Штомесяц "Вясна" публікуе звесткі пра палітвязняў, якія выйшлі на волю ў выніку адбыцця пакарання або змены меры стрымання. 5 кастрычніка выйшаў чарговы дайджэст вызваленых са статыстыкай і гісторыямі вызваленых за папярэдні месяц: так у верасні 52 палітвязняў выйшлі на волю, 45 з іх — па заканчэнні тэрміну.
Важна адзначыць, што пераслед палітвязняў не сканчваецца пасля іх выхаду з калоній, ізалятараў і судоў. Павышаная ўвага з боку сілавікоў да іх захоўваецца і пасля вызвалення. Больш за дзесяць асуджаных па палітычных матывах зноў трапілі за краты па новых крымінальных справах. Акрамя гэтага, большасць палітвязняў пасля вызвалення сутыкаюцца ў Беларусі не толькі з пераследам, але і з праблемамі рэсацыялізацыі, працаўладкавання, што часта змушае іх з'язджаць з краіны. "Вясна" распавяла, як рэжым Лукашэнкі пераследуе былых палітвязняў і якія інструменты для гэтага выкарыстоўвае.
У Варшаве з 2 па 13 кастрычніка прайшло штогадовае найбуйнейшае ў Еўропе мерапрыемства па правах чалавека і дэмакратыі — канферэнцыя АБСЕ па чалавечым вымярэнні. У яе межах Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10 кастрычніка арганізаваў сайд-івэнт на тэму палітвязняў у Беларусі і іх вызвалення. Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова, сузаснавальніца Аб'яднання сваякоў палітвязняў і былых палітвязняў Таццяна Хоміч і праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка абмеркавалі агульную сітуацыю з палітвязнямі і рэпрэсіямі ў Беларусі, што працягваюцца ўжо больш за тры гады, а таксама шляхі вызвалення вязняў і спосабы іх падтрымкі.
Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў
Працягваецца палітычны пераслед людзей за ўдзел у масавых акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў; за выказванне меркавання ў Інтэрнэце, у тым ліку, у выглядзе грашовай падтрымкі — данатаў; за незалежнасць СМІ караюцца іх рэдактары. Уладамі Беларусі такі пераслед ажыццяўляецца прыцягненнем да крымінальнай і адміністратыўнай адказнасці, выбарачнымі прафілактычнымі затрыманнямі, праглядам тэлефонаў, у тым ліку, прыватных матэрыялаў; запісваннем т. зв. "пакаяльных відэа" з удзелам затрыманых. Пры гэтым, некаторыя палітвязні, якія былі асуджаны за рэалізацыю свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркавання, ужо выходзяць на волю па сканчэнні тэрміну зняволення.
Свабода слова ў Беларусі здушаецца паўсюдна: на розных узроўнях, рознымі па жорсткасці метадамі, ува ўсіх рэгіёнах краіны. Любыя праявы выказвання меркавання знаходзяцца пад пастаянным наглядам і пры ідэнтыфікацыі іншадумства – датычныя адразу караюцца.
27 кастрычніка праваабарончая супольнасць зрабіла сумесную заяву аб прызнанні 15 новых палітвязняў, у якой выказала патрабаванне спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў і ў чарговы раз пацвярдзіла свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзянаў за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў.
Улады беларусі па-ранейшаму працягваюць затрымліваць і судзіць людзей на падставе іх удзелу ў мірных акцыях пратэсту, якія былі выкліканы фальсіфікацыяй выбараў, жорсткімі разгонамі акцый, катаваннямі і зняволеннем удзельнікаў такіх акцый.
Працягваюць выходзіць на волю асуджаныя нібыта за "арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх" (арт. 342 КК) і "ўдзел у масавых беспарадках" (арт. 293 КК). Так, у кастрычніку выйшаў на волю Ігар Повараў, які адбыў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі, Сяргей Крыўчэня, які адбыў пакаранне ў тры гады і шэсць месяцаў зняволення, Ігар Петран, які адбыў пакаранне ў два гады зняволення. Таксама былі вызваленыя: Уладзімір Ганусевіч, Аляксандр Конанаў, Альберт Гарбуз, Сяргей Глінскі, Максім Сташулёнак.
Некаторых палітвязняў пасля іх вызвалення затрымліваюць ізноў: 5 кастрычніка стала вядома, што быў перазатрыманы Андрэй Іванюшын, які 2 чэрвеня 2023 г. выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. Цяпер ён знаходзіцца пад вартай па падазрэнні ва ўдзеле ў трох акцыях пратэсту (арт. 342 КК).
Свабода выказвання меркавання ўключае ў сябе розныя формы і спосабы распаўсюду свайго меркавання або інфармацыі.
У Гомельскім абласным судзе 31 кастрычніка агучылі прысуд па крымінальнай справе супраць музыкаў вядомага беларускага гурта "Tor Band", чые песні сталі сімвалам пратэсту ў 2020 годзе. Як піша "Гомельская Вясна", Яўгену Бурло прызначылі восем гадоў калоніі, Дзмітрыю Галавачу — дзевяць гадоў калоніі, а Андрэю Ярэмчыку — сем з паловай гадоў калоніі. Усе яны будуць адбываць пакаранне ва ўмовах узмоцненнага рэжыму, а таксама кожны павінен сплаціць па 100 базавых велічыняў штрафу (3 700 беларускіх рублёў). Справа разглядалась у закрытым рэжыме паўтара месяца. Падчас знаходжання музыкаў у зняволенні сацсеткі і песні гурта прызналі "экстрэмісцкімі матэрыяламі", а сам гурт —"экстрэмісцкім фармаваннем".
Яшчэ адна з форм выказвання меркавання – гэта грашовая падтрымка рэпрэсаваных у Беларусі або украінскага боку ў вайне, развязанай Расійскай Федэрацыяй. У Беларусі актыўна працягваецца пераслед людзей, якія рабілі данаты праз фэйсбук. У межах крымінальнай справы людзей масава выклікаюць на допыт, дзе адбываецца ўжо стандартная працэдура: чалавеку прапаноўваецца распавесці, які данат ён зрабіў, напісаць яўку з павіннай і зрабіць грашовы перавод у дзяржаўнае або прадзяржаўнае прадпрыемства ў кароткі тэрмін і ў разы большы, чым быў першапачатковы данат. Такая практыка з’явілася ў на пачатку вясны 2023 года, працягваецца і ўзмацняецца па сённяшні дзень. Тыя, хто не вядзецца на шантаж, не прызнае сваёй віны і адмаўляецца ад прапанаваных сілавікамі дзеянняў, хутка апынаюцца ў зняволенні і прыцягваюцца судом да крымінальнай адказнасці за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці або экстрэмісцкіх фармаванняў. На канец кастрычніка вядома пра не менш як 43 палітвязня, якія абвінавачваюцца або ўжо асуджаныя да пазбаўлення волі па артыкуле за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці".
Разам з крымінальным пераследам працягваецца і адміністрацыйны пераслед людзей за выказванне меркавання. 11 кастрычніка быў затрыманы Дзмітрый Тарбееў. У ягоным тэлефоне сілавікі знайшлі падпіскі на "Радыё Свабоду", "Белсат" і "Краіну для жыцця" ў Instagram, а таксама фота з бела-чырвона-белымі сцягамі. За падпіскі ён быў прыцягнуты да адказнасці па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд і захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў), а за фота са сцягамі – па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянавае масавае мерапрыемства). Па двух артыкулах яму прызначылі арышт у 30 сутак.
16 кастрычніка суд вынес пастанову аб прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянавае масавае мерапрыемства) жыхара Маладзечна Юрыя Гарадзінскага з накладаннем спагнання ў выглядзе 12 сутак арышту.
У кастрычніку "Вясна" атрымала інфармацыю пра не менш як 394 адміністрацыйныя суды. Вядома пра 87 штрафаў агулам на 1206 базавых велічыняў і 105 арыштаў агулам на 1206 сутак. Вынікі астатніх працэсаў невядомыя. Па рэгіёнах вядомыя праваабаронцам выпадкі адміністрацыйнага і крымінальнага пераследа размеркаваліся наступным чынам: 66 — Брэсцкая вобласць, 97 — Гродзенская вобласць, 120 — Мінск і Мінская вобласць, 83 — Гомельская вобласць, 36 — Віцебская вобласць, 29 — Магілёўская вобласць.
Парушэнне правоў і свабод пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам
Беларускія ўлады злоўжываюць антытэрарыстычным і антыэкстрэмісцкім заканадаўствам і працягваюць зачышчаць грамадзянскую супольнасць, душыць свабоду выказвання меркаванняў і выкараняць палітычную апазіцыю. Пра гэта заявіла спецыяльная дакладчыца па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн падчас прадстаўлення свайго дакладу на Генеральнай Асамблеі ААН.
Спіс асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці павялічыўся на 87 чалавек. Цяпер у ім 3 445 чалавек, асуджаных за пратэстную актыўнасць і іншадумства.
За кастрычнік стала вядома пра не менш чым 320 выпадкаў прымянення рэпрэсіўнай практыкі затрыманняў за падпіскі на "экстрэмісцкія" рэсурсы. Многія з такіх затрыманняў суправаджаюцца прымусовым запісам "пакаяльных" відэа, у якіх людзі пад ціскам вымушаныя распавядаць пра тое, што яны былі падпісаныя на "дэструктыўныя" каналы, удзельнічалі ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе і іншых актыўнасцях, што пераследуюцца ўладамі як непажаданыя.
Парушэнне правоў журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў
Паводле звестак БАЖ, на канец кастрычніка ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваецца 33 журналісты і супрацоўнікі медыя.
Барацьба з незалежнымі СМІ і іх стваральнікамі для ўладаў стала адной з формаў падаўлення свабоды слова. Рэпрэсіўныя дзеянні накіраваныя на абмежаванне доступу людзей да незалежнай інфармацыі шляхам адмены рэгістрацыі СМІ і абвяшчэння іх экстрэмісцкімі, што цягне за сабой крымінальную адказнасць за стварэнне і выкарыстанне такіх рэсурсаў. Заснавальнікаў такіх СМІ пераследуюць асобна: у кастрычніку стала вядома пра працяг крымінальнай справы ў дачыненні да Аляксандра Манцэвіча, галоўнага рэдактара "Рэгіянальнай газеты", вядучага незалежнага СМІ Маладзечна і вобласці. Выданне выключылі з рэестра зарэгістраваных СМІ і прызналі экстрэмісцкай праз месяц пасля арышту Манцэвіча.
Былы журналіст Андрэй Толчын не выйшаў з ІЧУ праз 3 сутак з моманту затрымання. Як паведаміла "Гомельская Вясна", яго перавялі ў СІЗА № 3. Толчына неаднаразова затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасць, пачынаючы з 2017 года. Пасля пратэстаў 2020 года журналіст вырашыў сысці з прафесіі. Пазней стала вядома, што ён абвінавачваецца паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — "заклікі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь".
Катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя ці зневажальныя годнасць віды абыходжання і пакарання
Катаванні і жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне практычна паўсюдна суправаджаюць палітычна матываваны пераслед і часта з'яўляюцца самадастатковай палітычнай рэпрэсіяй, самамэтай. У кастрычніку ПЦ "Вясна" працягнуў збіраць адпаведныя факты, дакументаваць злачынствы, учыненыя прадстаўнікамі ўлады, праводзіць інтэрв'ю з былымі палітвязнямі, распаўсюджваць і аналізаваць інфармацыю, звяртацца ў міжнародныя органы. Свабода ад катаванняў з'яўляецца абсалютным правам: на яе ніхто не можа замахвацца ні пры якіх умовах. Павага правоў і свабодаў чалавека, згодна з Канстытуцыяй, з'яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы.
Прымяненне катаванняў і іншых актаў жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага годнасць абыходжання ўсё яшчэ працягваецца ў беларускіх калоніях у дачыненні да палітвязняў. Змяшчэнне ў штрафны ізалятар (ШІЗА) стала самастойнай формай жорсткага бесчалавечнага абыходжання, якое мяжуе, а то і дасягае ўзроўню катаванні. Былы палітвязень распавёў пра ўмовы ўтрымання і бесчалавечнае стаўленне да палітвязняў у калоніі № 17 г. Шклова. Ён адзначыў пастаянны холад у камеры, правакацыі з боку супрацоўнікаў, адсутнасць спальных прыладаў, бесчалавечныя ўмовы ў ШІЗА, адсутнасць магчымасці хадзіць у душ, дэфіцыт ежы, прыніжаючае годнасць асабістае стаўленне супрацоўнікаў, псіхалагічны ціск і інш.
Асаблівай жорсткасцю адрозніваецца палітычна матываваны крымінальны пераслед па справе "Чорнай кнігі Беларусі" – ініцыятывы, у тэлеграм-каналах якой збіраліся і публікаваліся асабістыя дадзеныя асобаў, якія, як мяркуецца, мелі дачыненне да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. За перадачу інфармацыі аб такіх асобах у ЧКБ мінімум 32 чалавекі асуджаныя да пазбаўлення волі, у сярэднім – на шэсць гадоў калоніі. Сярод іх – супрацоўнікі банка, былыя пракуроры, міліцыянты і следчыя, чыноўнікі, адвакат, былы падпалкоўнік юстыцыі, судмедэксперт, музыка і мастак. Вядома, што некаторыя фігуранты пры затрыманні прайшлі і праходзяць праз збіццё і катаванні.
25 кастрычніка стала вядома, што ГУБАЗіК затрымаў жанчыну, якая па іх дадзеных адпраўляла ў ЧКБ персанальную інфармацыю пра супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. Затрыманую па ўжо звычайнай практыцы знялі ў так званым пакаяльным відэа, дзе яна закрывае твар і не прызнае сваю віну.
У праўладных тэлеграм-каналах публікуюцца відэа, дзе бачна, што некаторых грамадзян паказальна затрымліваюць проста на працоўных месцах. Усё гэта робіцца з мэтай далейшага застрашвання насельніцтва.
Праваабарончая супольнасць выступіла з заявай аб неадкладным і безумоўным вызваленні праваабаронцы Насты Лойкі. У якасці эпіграфа заявы былі выкарыстаныя радкі з ліста Насты, у якім яна распавядае пра катаванні электрашокерам і жорсткім, бесчалавечным і прыніжаючым яе чалавечую годнасць абыходжанні. Праваабаронцы заклікаюць беларускія ўлады да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Насты Лойкі, а міжнародную супольнасць – захоўваць пытанне беларускіх праваабаронцаў у парадку дня і прымаць меры да таго, каб заахвоціць беларускія ўлады выконваць узятыя на сябе абавязацельствы.
Падтрымка беларускімі ўладамі агрэсіі РФ, ваенных злачынцаў, пераслед за падтрымку Украіны і антываенную пазіцыю
Па-ранейшаму ў Беларусі па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі знаходзяцца падраздзяленні расійскай прыватнай ваеннай кампаніі "Група Вагнера", якім для размяшчэння і стварэння ваеннай базы прадастаўлена тэрыторыя і будынкі былой ваеннай часткі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Размяшчэнне ў Беларусі наймітаў, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці, з'яўляецца актам ігнаравання меркавання міжнароднай супольнасці і падтрымкі ўчыненых ваенных злачынстваў, пацвярджае абгрунтаванасць абвінавачванняў у дапамозе расійскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны, уносіць новы элемент у пагрозы бяспекі ў Еўропе. З іншага боку, гэта ставіць пад пагрозу бяспеку грамадзянаў Беларусі, стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы і суверэнітэту.
Беларускія ўлады бязлітасна распраўляюцца з прадстаўнікамі ўласнага народа за антываенную пазіцыю, падтрымку барацьбы ўкраінскага народа і войска з агрэсарам. Гэта абвяргае памылковае меркаванне аб вырашальнай ролі і заслугах А. Лукашэнкі ў недапушчэнні ўдзелу Беларусі ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны: сапраўднай прычынай з'яўляецца пераважная пазіцыя непрымання агрэсіі беларускім народам і рашучасць многіх яго прадстаўнікоў ўключацца ў актыўную барацьбу на баку і ў падтрымку Украіны.
Праваабаронцы падвялі прамежкавы вынік пераследу за антываенную пазіцыю: па стане на 18 кастрычніка 2023 года ў Беларусі налічваецца 13 асуджаных за прынятыя меры па недапушчэнні перамяшчэння цягнікоў з расійскай ваеннай тэхнікай у бок Украіны па чыгунцы. За перадачу фота і відэа расійскай вайсковай тэхнікі ў СМІ асуджана не менш за 35 чалавек, за намер ваяваць на баку Украіны асуджана 13 чалавек. Не менш за 26 чалавек зазналі пераслед за публічнае асуджэнне расійскай агрэсіі, ахвяраванні беларускім добраахвотнікам і ў падтрымку Украіны. За першыя паўтара месяца вайны ў Беларусі за антываенныя акцыі затрымалі больш за 1 500 чалавек. Усяго за праяву антываеннай пазіцыі затрымлівалі не менш за 1 630 беларусаў і беларусак. З іх 79 чалавек асуджаныя па крымінальных справах на тэрмін ад 1 да 23 гадоў.
Прыкладам пераследу людзей, якія перадаюць інфармацыю аб рухах ваеннай тэхнікі па тэрыторыі краіны, стала справа Кацярыны Бруханавай: Брэсцкі абласны суд 13 кастрычніка вынес прысуд грамадзянцы Украіны, якая пражывае ў Беларусі і якую абвінавачвалі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. 30 сакавіка 2022 года яна адправіла два відэа з перамяшчэннем расійскай вайсковай тэхнікай у чат-бот рэдакцыі інтэрнэт-рэсурсу "Люстэрка", адвольна прызнанага беларускімі ўладамі экстрэмісцкім фармаваннем.
Той жа суд 17 кастрычніка асудзіў да шасці гадоў калоніі 36-гадовага мясцовага праграміста Леаніда Райчонка за ахвяраванні беларускім добраахвотнікам ва Украіне (ч. 2 арт. 361-3 КК).
Працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да людзей, якія актыўна выказваюць сваё стаўленне да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі на тэрыторыі Украіны. Так, была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 370 Крымінальнага кодэкса ("здзек над дзяржаўнымі сімваламі"): у працоўным пасёлку Сасновы Бор хтосьці перарэзаў дрот з флагштока, зняў дзяржаўны сцяг і выкінуў яго ў смеццевы кантэйнер. Замест яго вывесілі сцяг Украіны. Падазраваны быў арыштаваны па адміністрацыйным артыкуле, а пасля змешчаны пад варту па крымінальным абвінавачванні.
Сталі вядомыя падрабязнасці прысуду ў дачыненні да Іллі Двойрына, які 1 ліпеня 2023 года абліў фарбай аўтамабіль з крымскімі нумарамі і літарай "Z". Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса ("хуліганства") і пакаралі абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год.
Барацьба за адмену смяротнага пакарання
19 кастрычніка ў г. Слуцку Мінскі абласны суд у выязным пасяджэнні разгледзеў крымінальную справу супраць бацькоў Аляксандра і Анастасіі Таратутаў за забойства іх трохгадовага дзіцяці. Абвінавачаныя прызнаныя вінаватымі, Аляксандру Таратуце прызначана смяротнае пакаранне шляхам расстрэлу. Гэта першы смяротны прысуд у Беларусі пасля працяглага перапынку – папярэдні смяротны прысуд быў вынесены ў студзені 2021 года Віктару Скрундзіку, якога расстралялі ў ліпені 2022 года.
У Беластоку ў хабе "Новая зямля" 7 кастрычніка прайшла сустрэча з удзелам каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэя Палуды і дызайнеракай зборніка вершаў паэтаў, расстраляных 29-30 кастрычніка 1937 года, Анастасіі Чарнавой. Асветніцкая акцыя была прымеркаваная да Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання.
Дыскусія да Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання з прэзентацыяй зборніка вершаў прайшла таксама ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні.
Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" нагадаў, што Беларусь з'яўляецца апошняй краінай на постсавецкай прасторы і ў Еўропе, дзе смяротнае пакаранне ёсць не толькі ў юрыдычным аспекце, але яшчэ і ўжываецца на практыцы — смяротныя прысуды выносяцца і прыводзяцца ў выкананне. 10 кастрычніка, у Міжнародны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання, кампанію падтрымаў вядомы музыка, грамадскі дзеяч і лідар гурта "Машина времени" Андрэй Макарэвіч.
Пераслед адвакатаў
Кваліфікацыйнай камісіяй яшчэ 28 верасня былі прыняты рашэнні аб магчымасці спынення ліцэнзій на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці ў дачыненні да Агеева М., Крата І., Назаравай А., Шосціка С. – у сувязі з прымяненнем да іх Мінскай гарадской калегіяй адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з Калегіі за здзяйсненне правінаў, не сумяшчальных са званнем адваката (здзяйсненне дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру). Аналагічнае рашэнне за здзяйсненне дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру, таксама прынята ў дачыненні да Палачкінай Л., якая ажыццяўляла адвакацкую дзейнасць у Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. 25 кастрычніка кваліфікацыйнай камісіяй таксама прыняты рашэнні аб магчымасці спынення ліцэнзій на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці ў дачыненні да: Данілевіча А. – у сувязі з прынятым Мінскай гарадской калегіяй адвакатаў рашэннем аб выключэнні адваката ў сувязі з уступленнем у законную сілу прысуду суда аб прызнанні яго вінаватым у здзяйсненні наўмыснага злачынства; Пятрова У. – у сувязі з немагчымасцю выканання адвакатам сваіх прафесійных абавязкаў.
Названыя меры з'яўляюцца адвольным і празмерным умяшаннем у дзейнасць адвакатуры, якія не адпаведаюць ролі адвакатуры ў грамадстве, многія з іх прынятыя выключна па палітычных матывах.
Відавочным з'яўляецца той факт, што органы адвакацкага самакіравання, адмовіўшыся ад функцый абароны незалежнасці адвакацкай прафесіі, самі сталі інструментам рэпрэсій, пазбаўляючы права на прафесію па палітычных матывах іншадумных прадстаўнікоў адвакатуры.
Дзейнасць адвакатуры палітызуецца не толькі па ўласнай ініцыятыве органаў адвакацкага самакіравання, якія выбіраюць для дэманстрацыі лаяльнасці да ўлады палітыку рэпрэсій у дачыненні да прадэмакратычна думаючых адвакатаў, якія часта прафесійна ажыццяўляюць абарону тых, хто пераследуецца па палітычных матывах. Працэсу трансфармацыі адвакатаў з незалежных абаронцаў правоў і свабодаў асобных людзей у безаблічны і несамастойны элемент правапрымяняльнай сістэмы надае вялікую ўвагу кантралюючы орган – Міністэрства юстыцыі. Так, міністр юстыцыі Сяргей Хаменка падчас міжнароднай канферэнцыі "Адвакатура Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі на прасторы Саюзнай дзяржавы. Актуальныя пытанні адвакацкай дзейнасці" заявіў: "У кантэксце сусветных тэндэнцый перакананы, што галоўная якасць сучаснага адваката – гэта гатоўнасць абараняць не толькі асобнага чалавека ці арганізацыю, але і канстытуцыйны лад, законнасць і правапарадак". Гэта ў сучасным скажоным разуменні ўладамі пералічаных каштоўнасцяў азначае прымус адвакатаў не толькі да лаяльнасці, але і да актыўнай падтрымкі пазіцый беларускай дыктатуры.
Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Кастрычнік 2023