03.11.2023 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 2-3 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Мінчук ездзіў у машыне са стужкамі з беларускім арнаментам і ў колерах сцяга Украіны — яго затрымалі
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. Мужчыну прымусілі сказаць на камеру, што ён нібыта "па заданні адміністратараў тэлеграм-чатаў мантаваў ролікі, якія дыскрэдытуюць органы ўнутраных спраў і дзейную ўладу".
Бабруйчан асудзілі за кветкі і свечкі каля помніка ахвярам рэпрэсій
У мінулую нядзелю ў Бабруйску былі затрыманы былая лекарка Данута Дзьячэнка і выкладчык з мясцовага каледжу Віктар Схаба. Бабруйчан затрымалі ў нядзелю пасля ўскладання кветак і запальвання свечак да помніку "ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій" каля плошчы Перамогі.
Праваабаронцам стала вядома, што пасля затрымання іх адвезлі дадому на вобшукі, пасля якіх была канфіскавана тэхніка.
У панядзелак над імі адбыліся суды паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). У выніку Дануце прызначылі штраф памерам 20 базавых велічыняў (740 рублёў), а Віктару — 2 базавыя велічыні (74 рублі).
Нагадаем, у мінулым кастрычніку таксама асудзілі бабруйчаніна за блакітна-жоўтыя лампадкі каля гэтага помніка — яго ідэнтыфікавалі па адбітках пальцаў. Тады мужчыну арыштавалі за "пікет" на 15 сутак.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
Другога лістапада ў яго трапілі:
- Telegram-канал «Беларусь Сейчас»;
- Instagram старонкі «mayakby», «ezhaka (Каця Пытлева)»;
- YouTube канал «Маяк Беларускі»;
- TikTok-старонкі «Пра Віцебск», «ksenia.mija», «timur5212».
Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу беларусаў 2-3 лістапада