31.10.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Гомельскім абласным судзе 31 кастрычніка агучылі прысуд па крымінальных справах супраць музыкаў вядомага беларускага гурта "Tor Band", чые песні сталі сімвалам пратэсту ў 2020 годзе. Як піша "Гомельская вясна", Яўгену Бурло прызначылі восем гадоў калоніі, Дзмітрыю Галавачу — дзевяць гадоў калоніі, а Андрэю Ярэмчыку — сем з паловай гадоў калоніі. Усім прызначылі ўзмоцнены рэжым і яшчэ па 100 базавых велічыняў штрафу (па 3 700 беларускіх рублёў). Такі прысуд вынес суддзя Сяргей Салоўскі. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме паўтара месяца.

Музыкаў разам з жонкамі затрымалі 28 кастрычніка 2022 года ў Рагачове. Спачатку ім некалькі разоў запар прызначалі 15 сутак арышту за ўдзел у здымках кліпаў, а затым перавялі ў СІЗА. Падчас знаходжання музыкаў у зняволенні гурт быў прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем" — цяпер іх за гэта будуць судзіць, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксаУ залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);
  • ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім);
  • арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
  • арт. 368 (абраза Лукашэнкі).

Падтрымайце музыкаў грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі, лістамі і паштоўкамі:

СІЗА-3. 246003, Гомель, Кніжная, 1А, Яўген Валер'евіч Бурло, Дзмітрый Валер'евіч Галавач, Андрэй Канстанцінавіч Ярэмчык

Крыніца: Ад 7,5 да 9 гадоў калоніі. Музыкаў TOR BAND асудзілі да вялікіх тэрмінаў