27.10.2023 Тэгі: грамадства, праваабаронцы, ціск, свабода асацыяцыяў, рэпрэсіі 28 кастрычніка 2003 года Рашэннем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Праваабарончы цэнтр «Вясна» быў пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі. Праз 20 гадоў мы ўзгадваем тыя падзеі. Фармальнай падставай для ліквідацыі стала папярэджанне Мінюста аб парушэнні праваабаронцамі выбарчага заканадаўства падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 года.

Рашэнне тады прыняла суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валянціна Кулік, пры сакратару Бірало М.М., з удзелам пракурора Давідоўскага І.У. Праз дзесяць гадоў, у 2013 годзе Валянціна Кулік атрымала ордэн Пашаны, якім яе ўзнагародзіў Аляксандр Лукашэнка. У снежні 2021-га году Еўразвяз уключыў яе ў санкцыйны спіс. У красавіку 2023 году яна атрымала ганаровае званне "Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь" за "шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне судовай сістэмы, ажыццяўленне правасуддзя і забеспячэнне законнасці". Таксама ў гэтым годзе яна разгляла пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі апазыцыйнай Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ. 

kulik_sudzdzia.png
Валянціна Кулік у 2023 годзе

Прадстаўніцай пазоўцы — дзяржавы — тады выступала Неаніла Фішкіна, тады – галоўная спецыялістка Упраўлення грамадскіх аб’яднанняў Міністэрства юстыцыі. На адным з пасяджэнняў яна назвала спіс прозвішчаў, якія быццам бы былі падробленыя у дакументах, прадстаўленых на момант рэгістрацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр ”Вясна”.

sud_likvidacyua_4.jpg
Меркавана, на здымку Неаніла Фішкіна на пасяджэнні аб ліквідацыі "Вясны"

Вядома, што ў 2014 годзе Фішкіна была намесніцай начальніка Кіравання навукі і інавацыйнай палітыкі Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь. 

Храналогія:

26 красавіка 1996 г. Стварэнне праваабарончай арганізацыі “Вясна-96”.

23 лютага 1997 г. “Вясна-96” афіцыйна зарэгістраваная як Мінскі праваабарончы цэнтр “Вясна-96”.

1998 г. “Вясна-96” ліквідаваная рашэннем Упраўлення юстыцыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

15 чэрвеня 1999 г. Зарэгістраванае Грамадскае аб’яднанне “Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

18 жніўня 2000 г.  Праваабарончы цэнтр “Вясна” атрымаў папярэджанне. У ім указана на наяўнасць недахопаў на бланку і пячаткі арганізацыі (прапушчанае двухкоссе, а на пячаткі слова “цэнтр” было напісана з вялікай літары).

26 кастрычнiка 2000 г. Мiнiстэрства юстыцыi Рэспублiкi Беларусь вынесла Радзе Грамадскага аб’яднання "Праваабарончы цэнтр "Вясна" другое пiсьмовае папярэджанне. Мiнiстэрства юстыцыi выявiла, што Праваабарончы цэнтр у сваім бюлетэні "Права на волю" выкарыстоўвае назву, якая не адпавядае назве ў выдадзеным Мiнюстам Беларусi пасведчаннi аб рэгiстрацыі: усюды ў назве Праваабарончага цэнтру “Вясна” трэба выкарыстоўваць словы "Грамадскае аб’яднанне".

27 снежня 2000 г. Грамадскае аб’яднанне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” атрымала паўторнае пісьмовае папярэджанне Міністэрства юстыцыі. У папярэджанні  сказана, што ў адрас кіруючага органа Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр "Вясна" 26.10.2000 было вынесена пісьмовае папярэджанне. ГА ПЦ “Вясна” сцвярджае, што адпаведнае рэагаванне на папярэджанне ад 26 кастрычніка было накіраванае ў Мінюст Беларусі ў належны тэрмін, але прычыну таго, чаму яно не было атрыманае Мінюстам, вытлумачыць немагчыма.

27 і 28  жніўня  2001 г. Міністэрствам юстыцыі  Рэспублікі Беларусь Грамадскаму аб’яднанню “Праваабарончы цэнтр “Вясна” было вынесена адразу два пісьмовыя папярэджанні. Пры гэтым Міністэрства юстыцыі  распаўсюдзіла  прэс-рэліз, у  якім сцвярджае, што ў дадзены момант  вырашаецца пытанне пра ліквідацыю арганізацыі. Міністэрства юстыцыі абвінавачвае ГА ПЦ “Вясна” ў тым, што Цэнтрам выдадзены  спецвыпуск бюлетэню “Права на волю” накладам больш чым 299 асобнікаў, а таксама, што не былі перададзеныя ў Міністэрства юстыцыі спісы вылучаных  ад  Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” назіральнікаў, а значыць, былі “парушаныя патрабаванні адмысловай інструкцыі па справаводству".

2 верасня 2003 г. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь падала іскавую заяву ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь аб ліквідацыі Грамадскага аб'яднання "Праваабарончы цэнтр "Вясна". У сваім пазове Міністэрства юстыцыі абвінавачвае аб'яднанне ў парушэннях, якія, безумоўна, нельга лічыць дастатковымі для ліквідацыі.

21 кастрычніка 2003 г. У Вярхоўным судзе павінен быў пачацца судовы працэс па справе аб ліквідацыі Грамадскага аб'яднання "Праваабарончы цэнтр "Вясна", ініцыяваны Міністэрствам юстыцыі. Каля 10 гадзін, калі ў судзе ўжо праходзіла рэгістрацыя прысутных, з'явіліся супрацоўнікі міліцыі і аб'явілі, што атрымалі інфармацыю пра тое, што будынак Вярхоўнага суда замінаваны. 

22 кастрычніка 2003 г. У Вярзоўным судзе адбыўся судовы працэс па справе аб ліквідацыі "Вясны".

28 кастрычніка 2003 г. Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі Праваабарончага цэнтра "Вясна". 

Ліквідацыя, арышты, суды і выгнанне

Праз 27 гадоў рэпрэсій "Вясна" працягвае сваю дзейнасць.

За што “Вясну” фармальна пазбавілі рэгістрацыі?

У пастанове аб ліквідацыі арганізацыі было сказана, што судом устанавіў, што грамадскае аб'яднанне "Праваабарончы цэнтр “Вясна" парушала патрабаванні выбарчага заканадаўства пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 

kulik_2003.jpg
Суддзя Валянціна Кулік на пасяджэнні аб ліквідацыі "Вясны"

“У прыватнасці, у ходзе выбарчай кампаніі грамадскае аб'яднанне парушыла ўстаноўлены парадак накіравання назіральнікаў на пасяджэнні камісіі па выбарах і на выбарчыя ўчасткі для галасавання.

Так, у Магілёўскую і Брэсцкую вобласці ад аб'яднання дасылаліся незапоўненыя бланкі выпісак з пратаколаў пасяджэння Рады ад 18 чэрвеня, 1 і 22 ліпеня, 5 жніўня 2001 г., якія ў наступным запаўняліся адвольна на імя грамадзян, у адносінах якіх рашэння аб накіраванні іх назіральнікамі не прымалася і якія не з’яўляліся членамі данага грамадскага аб'яднання.

У Пастаўскім раёне член аб'яднання прапанаваў грамадзянам, якія не з’яўляліся сябрамі ні "Праваабарончага цэнтра "Вясна", ні іншых грамадскіх аб'яднанняў, за ўзнагароду здзейсніць нагляд на выбарчых участках і ў іх прысутнасці запаўняў выпіскі з пратаколаў пасяджэння Рады.

Аналагічным чынам было парушана заканадаўства пры накіраванні наглядальнікаў ад грамадскага аб'яднання на ўчасткі для галасавання №30 і №46 Навагрудскага раёна.

Даныя абставіны пацверджаны пісьмовым папярэджаннем Міністэрства юстыцыі ад 28 жніўня 2001 г., якое адказчык не абскардзіў і пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 8 верасня 2001 г., зробленай на падставе праверак, праведзеных Міністэрствам юстыцыі і Пракуратурай Рэспублікі Беларусь (л.с. 56-59).

Парушэнні патрабаванняў выбарчага заканадаўства, на думку суда, з’яўляюцца грубымі і ў адпаведнасці з. П 2 арт. 57 Грамадзянскага кодэкса з’яўляюцца падставай для задавальнення іску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі аб’яднання”.

Рашэнне суддзі Вярхоўнага суда Валянціны Кулік аб ліквідацыі Праваабарончага цэнтра “Вясна”

Рашэнне ўступае ў законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння, абскарджанню і апратэставанню ў касацыйным парадку не падлягае.

Судовыя спрэчкі

Падчас судовых спрэчах выступіў старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі. Тады ён заявіў, што справа мае палітычны кантэкст, а закрыццё “Вясны” – не звычайная справа па закрыцці арганізацыі, якая парушае беларускае заканадаўства ці не працуе і не выконвае свой статут. 

“Можа дзеля гэтага, дзеля будучых парламенцкіх выбараў у 2004 годзе і верагоднага рэферэндуму аб зьмене Канстытуцыі ў частцы дзеючага тэрміну прэзідэнцтва; дзеля нашых перыядычных маніторынгаў па парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі; дзеля адкрытай крытыкі “Вясною” беларускіх ўладаў ў дачыненьні з грамадзянскай супольнасьцю, з СМІ, з рэлігійнымі канфесіямі, правы якіх парушаюцца, і атрымала міністэрства сацыяльны заказ – зьнішчыць”Вясну”? “Вясну”, якая дапамагае людзям і гаворыць людзям праўду?

Хто аддаў загад – зьнішчыць “Вясну”?

Адказваць ня трэба, сп.Фішкіна, гэта рытарычнае пытаньне, на якое мы маем адказ.

Вядома крыўдна, што міністэрства юстыцыі – міністэрства справядлівасьці выступае сьляпой зброяй у руках, мягка кажучы несумленных людзей, і чыніць фактычнае злачынства, І хто аддаў гэты загад персанальна, я ўпэўнены, раней ці пазьней мы даведаемся, але гэта не здымае віну за тое, што зараз творыцца з чыноўнікаў міністэрства, пачынаючы ад міністра і канчаючы Вамі, спадарыня Фішкіна”, – звярнуўся тады Алесь Бяляцкі да прадстаўніцы істца  Неанілы Фішкінай.

“Закрыцьцё “Вясны” – гэта не звычайная справа па закрыцьці арганізацыі"

Поўны выступ Алеся Бяляцкага.

sud_likvidacyua_1.jpg
Так выглядала плошча перад будынкам суду перад судовым пасяджэннем
sud_likvidacyua_2.jpg
Перад будынкам суду перад судовым пасяджэннем

Прадстаўнікі “Вясна”, якія таксама выступілі ў судовых спрэчках як адказчыкі,  заявілі, што лічаць абвінавачанні Міністэрства юстыцыі на адрас арганізацыі беспадстаўнымі і не грунтуючымся на Законе.   

sud_likvidacyua_5.jpg
Юрыст "Вясны" Уладзь Лабковіч выступае на судовым пасяджэнні
sud_likvidacyua.jpeg
Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч і Алесь Бяляцкі на пасяджэнні аб ліквідацыі "Вясны"

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзь Лабковіч, якія цяпер утрымліваюцца ў зняволенні за сваю праваабарончую дзейнасць, тады паслядоўна патлумачылі неабргунтаванасць кожнага з пунктаў, згодна з якім арганізацыю хацелі пазбавіць рэгістрацыі.

viasna_kalazh_snezhan.jpeg

Прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна” лічаць абвінавачаньні Міністэрства юстыцыі на адрас арганізацыі беспадстаўнымі і не грунтуючымся на Законе

Выступ у судовых спрэчках прадстаўнікоў адказчыка.

Акцыя пратэсту

У знак пратэсту і нязгоды з судовым рашэннем Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч, Алег Жлутка, Уладзімір Вялічкін, Мікола Лемяноўскі, Зміцер Салаўёў і Аляксей Колчын селі на падлогу ў судовай залі і пачалі скандаваць "Ганьба!". Акцыя пратэсту працягвалася да 17.30. Калі сцямнела, супрацоўнікі міліцыі ў цывільным заламалі рукі ўдзельнікам акцыі, вывелі іх праз унутраны дворык і даставілі ў Ленінскі РУУС Мінска, дзе былі складзеныя пратаколы па арт.166 Адміністрацыйнага кодэксу – "непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі". Праваабаронцам выпісалі позвы ў суд на 29 кастрычніка і адпусцілі каля 10 гадзін вечара дадому.

2003-likvidacyja-viasna.jpg
Акцыя пратэсту ў залі Вярхоўнага суда
sud_likvidacyua_7.jpg
Акцыя пратэсту ў залі Вярхоўнага суда

Аляксей Колчын, які ў той час, як і цяпер, быў старшынёй магілёўскага аддзялення "Вясны", таксама прымаў удзел у акцыі пратэсту (на фотаздымку вышэй ён — трэці злева). Ён распавёў, што справа аб ліквідацыі цягнулася каля дзесяці дзён. 

"Ілюзій ні ў каго не было, усе разумелі, да чаго гэта ідзе, — узгадвае ён. — Тым больш тады была адна з хваляў ліквідацыі недзяржаўных арганізацый у краіне. Але шчыра кажучы, ніхто з "Вясны" не зважаў на факт наяўнасці дзяржаўнай рэгістрацыі, таму настрой быў працоўны. Мне асабіста было шкада, што за некалькі месяцаў за ліквідацыі я нарэшце зарэгістраваў нашае магілёўскае аддзяленне "Вясны": не ўдалося нам папрацаваць у якасці зарэгістраванага аддзялення ў Магілёве хаця б нейкі час. 

Мы ведалі, што калі нас ліквідуюць, мы нейкім чынам выкажам пратэст. Адпаведна, я апрануўся ў крыху больш цёплыя рэчы звычайна, рыхтуючыся да "сутак".  Але падчас абвяшчэння рашэння суд адкідаў адзін за адным пункты, паводле якіх мусіла прымацца рашэнне аб нашай ліквідацыі. І я бачыў рэакцыю Уладзя Лабковіча: чуючы гэта сваім "юрыдычным" вухам, ён спадзяваўся, што ўсё ж-такі можа здарыцца цуд і нас не ліквідуюць. Але не адбылася. Што цікава — гісторыя звязаная канкрэтна з магілёўскім аддзяленнем, бо тыя самыя бланкі "спынілі" якраз падчас перавозкі з Менску ў Магілёў. Я адчуваў тады нават пэўную віну, хаця зразумела, што рашэнне аб ліквідацыі "Вясны" прымалася зусім не ў той інстанцыі. 

Калі прагучала рашэнне, заля выбухнула крыкамі "Ганьба!" — там было шмат нашых сяброў, паплечнікаў. Некалькі хвілін мы выкрыквалі ўсе разам, тады суддзя хуценька пакінула залю. Мы селі на падлогу, заля паступова пусцела, а мы некалькі гадзінаў сядзелі там, час ад часу выкрыкваючы "Ганьба!", пакуль нас не вывелі адтуль. Кожнага пратэстоўца, заламіўшы рукі, выносілі па два бугаі, утрымліваючы кожнага з двух бакоў. Яшчэ некалькі гадзін мы прасядзелі ў РАУС, а на наступны дзень прызначылі штрафы. Памятаю, у Уладзя падчас разгляду адміністрацыйнай справы здарыўся невялікі канфлікт з суддзёй, якая патрабавала, каб ён размаўляў па-руску".

Алесь Бяляцкі ляжыць на падлозе ў залі Вярхоўнага Суду на знак пратэсту супраць ліквідацыі
Алесь Бяляцкі ляжыць на падлозе ў залі Вярхоўнага Суду на знак пратэсту супраць ліквідацыі

Паліна Сцепаненка, якая ў той момант была ў інфармацыйным аддзеле “Вясны”, таксама ўзгадвае той дзень.

“Пасяджэнне вялося на беларускай мове. Пасля таго, як суддзя апошнім пунктам усё ж прыняла рашэнне аб ліквідацыі, мужчыны селі на падлогу і сталі крычаць “Ганьба” — так было дамоўлена першапачаткова. Калі праз некалькі гадзін іх забралі ў пастарунак, я і Таццяна Равяка павезлі ім мінералку і ежу на таксі. Памятаю, тлумачылі кіроўцу, чым займаюцца праваабаронцы. Вядома, у мяне не было думкі спыняць дзейнасць нават пасля рашэння аб ліквідацыі”. 

23 жніўня 2023 году праваабарончы цэнтр "Вясна" па рашэнні Міністэрства ўнутраных справаў прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем". Нагадаем, на гэты момант пяцёра вясноўцаў застаюцца за кратамі: старшыня "Вясны" і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, яго намеснік і віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк

Крыніца: "Хто аддаў загад – знішчыць "Вясну"? 20 гадоў таму ліквідавалі праваабарончы цэнтр "Вясна"