27.10.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні Надзея Старавойтава, Наталля Сівіцкая і Алена Драбудзька. Суд Фрунзенскага раёна Мінска 27 кастрычніка пачынае разгляд крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 КК, заведзенай на  выкладчыц універсітэта Наталлю Сівіцкую, Надзею Старавойтаву і загадчыцу студэнцкага інтэрната Алену Драбудзька. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе і падпісцы на “дэструктыўныя" каналы.

Палітзняволеная Наталля Сівіцкая да затрымання працавала дацэнткай кафедры беларускай і рускай моў БДУФК, кандыдат філалагічных навук. У "пакаянным відэа" на праўладных каналах яна кажа, што ўдзельнічала ў пратэстах.

Надзея Старавойтава — выкладчыца беларускай мовы, кандыдатка філалагічных навук і дацэнтка кафедры беларускай і рускай моў. Надзею затрымалі 23 ліпеня 2023 года. У "пакаяльным відэа" яна кажа, што наведвала мітынгі ў 2020 годзе, падчас якіх выходзіла на дарогу, зарэгістравалася ў плане "Перамога" і была падпісана на "дэструктыўныя" каналы.

Алену Драбудзька затрымалі напачатку жніўня 2023 года. Яна працавала загадчыцай інтэрната №4 БДЭУ.

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што жанчына “падбухторвала студэнтаў да ўдзелу ў парушэнні закона ў 2020 годзе і агітавала супраць улады да гэтага часу”. На “пакаяльным відэа” затрыманая кажа, што ўдзельнічала ў адной з мірных акцый пратэсту ў 2020-ым годзе.

Справу прызначаная разглядаць суддзя Алена Бушава.

Крыніца: У Мінску судзяць выкладчыц універсітэтаў і загадчыцу студэнцкага інтэрната: удзльнічалі ў пратэсных акцыях