26.10.2023 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 26 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітзняволены Андрэй Пачобут знаходзіцца ў ШІЗА і не атрымлівае неабходных лекаў

Андрэй Пачобут
Анджэй Пачобут

Пра гэта падчас штомесячнай акцыі салідарнасці распавёў віцэ-старшыня Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі. У размове з журналістамі ён ацаніў, што становішча Пачобута ў калоніі цяжкае, дзеяч па-ранейшаму знаходзіцца ў ШІЗА.

«Сям'я атрымлівае ад яго лісты, але ў вельмі абмежаванай колькасці. З іх мы ведаем, што ён усё яшчэ знаходзіцца ў штрафным ізалятары, што ён па-ранейшаму не атрымлівае лекаў, якія яму неабходныя штодня. Мы ўсялякімі спосабамі стараемся даведацца больш і ўсяляк сачыць за сітуацыяй», — цытуе яго словы "Беларуская служба Польскага радыё".

Падтрымайце палітвязня: ПК № 1. 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8, Андрэй Станіслававіч Пачобут

ГУБАЗіК затрымаў беларуса за каментары ў інтэрнеце

Паведамляецца, што мужчына ў 2020-ым і 2021-ым гадах пакідаў абразлівыя каментары ў дачыненні да Лукашэнкі, вайскоўцаў, афіцэраў і суддзяў.

Апошнім часам у Беларусі былі затрыманыя 25 грамадзян Латвіі

Міністр замежных спраў Латвіі Крыш'яніс Карыньш адзначыў, што большасць з гэтых спраў, калі не ўсе, палітычна матываваныя.

Ён заклікаў грамадзян Латвіі не ехаць у Беларусь, бо "там няма справядлівасці", і ў выпадку непрыемнасцяў латвійскія дыпламатычныя прадстаўнікі не змогуць дапамагчы суайчыннікам.

Сілавікі затрымалі чарговага айцішніка

На "пакаяльным відэа" затрыманы кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а таксама перапісваўся з ініцыятывай "КіберПартызаны" — яму нібыта далі тэставае заданне, якое ён не змог зрабіць.

Крыніца: Новыя затрыманні, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 26 кастрычніка