23.10.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, свабода слова У судзе Маладзечанскага раёна 23 кастрычніка працягнецца суд над галоўным рэдактарам "Рэгіянальнай газеты" Аляксандрам Манцэвічам. Журналіста абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь паводле арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса.
Крымінальную справу вядзе суддзя Аляксей Іршын, дзяржабвінавачанне падтрымлівае памочнік пракурора — Аляксандр Марцінчык.
Палітзняволенага журналіста затрымалі 15 сакавіка 2023 года пасля ператрусу ў ягоным доме. Да суда ён быў змешчаны ў следчую турму №8 у Жодзіна.
Паводле следства, Аляксандр Манцэвіч, з'яўляючыся дырэктарам рэдакцыі газеты, сумесна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года нібыта “распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнэт-рэсурсах загадзя ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады”.
У Маладэчна пачынаецца суд над галоўным рэдактарам "Рэгіянальнай газеты"
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Аляксандра Манцэвіча палітычным вязнем.
А ў артыкулах выдання, па меркаванні абвінавачання, "утрымлівалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясенне шкоды нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фарміраванне ілжывых уяўленняў аб незахаванні ў Рэспубліцы правоў і свабод грамадзян".
Аляксандр Манцэвіч — галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты», вядучага незалежнага СМІ Маладзечна і рэгіёна. Ён неаднаразовы пераможца журналісцкіх конкурсаў і прэмій за высокія стандарты працы.
Журналіста пачалі судзіць яшчэ 26 верасня. Але 12 кастрычніка суддзя Іршын прызначыў наступнае пасяджэнне ад на 23 кастрычніка. Магчыма, гэта звязана з перафарматаваннем абвінавачання Манцэвічу на іншы артыкул Крымінальнага кодэкса.
За час правядзення суда, "Рэгіянальная газета", галоўным рэдактарам якой быў Аляксандр, выключаная з рээстра зарэгістраваных СМІ за подпісам міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова.
Падтрымайце Аляксандра паштоўкай альбо лістом: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Аляксандр Барысавіч Манцэвіч.
Крыніца: Пасля перапынку працягнецца суд над галоўным рэдактарам "Рэгіянальнай газеты" Аляксандрам Манцэвічам