20.10.2023 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19-20 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрымалі трэнера па каратэ за відэа з перасоўваннем ваеннай тэхнікі
На «пакаяльным» відэа беларус расказвае, што працуе трэнерам па каратэ і яму прад'явілі абвінавачанне ў тым, што ён нібыта зняў на відэа ваенную тэхніку і выклаў яго ў «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал.
Таксама затрыманы паведаміў, што ў 2020 годзе развешваў стужачкі на слупах і знаках, расклейваў улёткі ўздоўж дарогі.
Паводле інфармацыі @mediazona_by, затрыманы — Аляксандр Яўціхаў.
ГУБАЗіК сцвярджае, што затрымаў стваральніка чата "Лошыца 46"
На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што публікаваў у чаце «матэрыялы экстрэмісцкага характару».
Пасля прызнання чата «экстрэмісцкім», ён нібыта перадаў правы адміністратара іншаму чалавеку, але ўсё роўна быў затрыманы.
Дзяўчына з Брэста зняла відэа ў міліцэйскай форме — яе затрымалі сілавікі
Паведамляецца, што дзяўчыне 20 гадоў, яна ўраджэнка Бярозы, мае адукацыю швачкі і працуе ў брэсцкім бары.
Мяркуючы па паведамленні праўладных тэлеграм-каналаў, ёй прызначылі «буйны штраф».
Сілавікі затрымалі адміністратара тэлеграм-канала “Салідарнасць Івацэвічы”
На "пакаяльным відэа" беларус расказвае, што ў 2020 годзе збіраў подпісы ў падтрымку Святланы Ціханоўскай, выходзіў на акцыі пратэсту ў Мінску, адміністраваў тэлеграм-канал «Салідарнасць Івацэвічы» і вазіў мігрантаў з Турцыі да мяжы, піша @mediazona_by.
У траўні тэлеграм-канал "Салідарнасць Івацэвічы" прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".
Новыя экстрэмісцкія фармаванні і матэрыялы
КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” Асацыяцыю беларускага бізнесу за мяжой.
У якасці кіраўнікоў асацыяцыі называюць Яўгена Бурага і Марыну Гірын. У пералік таксама ўнесены сайт арганізацыі, яе ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках. А ў чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў патрапілі:
Telegram-каналы і чаты «Чат Бородача», «Чат 97% «ДКЖ», «Hrodna.lіfe», «Свае Людзi»;
Старонка ў Instagram «stopluka».
Крыніца: Затрыманні ў Мінску, Брэсце, Бярозе: хроніка пераследу 19-20 кастрычніка