18.10.2023 Тэгі: пераслед, умовы ўтрымання, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Чарговыя злівы ГУБАЗіКа
ГУБАЗіК затрымаў двух мужчын і дзяўчыну, якія падчас маршаў у 2020-ым годзе нібыта раздавалі жанчынам кветкі.
Затрыманая беларуска распавяла, што хадзіла практычна на ўсе нядзельныя маршы і прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, атрымлівала штрафы і брала крэдыты на іх пагашэнне.
Сілавікі паведамляюць, што супраць іх распачаты крымінальныя справы.
Мужчына зняў з флагштока чырвона-зялёны сцяг і павесіў украінскі — распачата крымінальная справа
Светлагорскім раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Паводле сілавікоў, у рабочым пасёлку Сасновы Бор нехта перарэзаў дрот з флагштока, зняў дзяржаўны сцяг і выкінуў яго ў смеццевы кантэйнер. Замест яго павесілі сцяг Украіны.
Паведамляецца, што гэта зрабілі 41-гадовы грамадзянін В. С., які раней працаваў у Светлагорскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Таксама вядома, што праз пэўны час В. звольніўся. Быў законапаслухмяным грамадзянінам.
У кватэры па месцы жыхарства В. С. і яго брата І. С. быў праведзены вобшук. У адным з пакояў на сцяне вісеў бела-чырвона-белы сцяг з выявай «Пагоні».
Цяпер мужчыны затрыманыя. Вядома, што І. С. атрымаў 7 сутак адміністрацыйнага арышту, але невядома па якім артыкуле КоАП РБ і вырашаецца пытанне аб прымяненні меры стрымання ў адносінах да В. С.
Былога падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча хочуць перавесці на турэмны рэжым
Аляксей Храловіч — былы падпалкоўнік КДБ. У Мінскім гарадскім судзе 30 сакавіка 2022 года яго асудзілі да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў па ч. 2 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Таксама ён пазбаўлены вайсковага звання "падпалкоўнік". Пад вартай да суда ён утрымліваўся каля году.
Згодна з інфармацыяй, агучанай у фільме на дзяржтэлебачанні, Храловіч меў дачыненне да перадачы Сцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыя размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых запісах вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі.
Па інфармацыі праваабаронцаў, 24 кастрычніка ў Наваполацку адбудзецца суд па замене Аляксею рэжыма ўтрымання на турэмны. Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Хрыпач.
Папаўненне ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў
17 кастрычніка 2023 года ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў здарылася чарговае абнаўленне. З нядаўніх рашэнняў судоў Брэсцкай вобласці туды дадалі:
старонка ў сацсетцы "Аднакласнікі" па спасылцы (мае 4.7 тысяч сяброў, больш за 700 падпісчыкаў);
старонка ў сацсетцы "Аднакласнікі" з імем "(((((праўда» па спасылцы (тут 2.7 тысяч сяброў, 1 тысяча падпісчыкаў);
тэлеграм-канал "Беларусы (скі) Нюрнберга".
Абодва профілі ў "Аднакласніках" прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" лунінецкі суд 9 кастрычніка 2023. У абодвух выпадках за рашэннямі стаіць суддзя Святлана Братанава, вынікае з раскладу суда за той дзень.
Крыніца: Затрыманні за кветкі і сцяг Украіны: хроніка пераследу 18 кастрычніка