16.10.2023 Тэгі: умовы ўтрымання, катаванні, пенітэнцыярная сістэма, гісторыі вязняў Былы палітвязень (імя не называецца ў мэтах бяспекі) прабыў у зняволенні амаль два з паловай гады. Свой тэрмін за ўдзел у акцыях пратэсту ён адбываў у шклоўскай калоніі № 17. Але пра тое, што менавіта ў гэтай калоніі загінуў актывіст Вітольд Ашурак ён даведаўся толькі на волі. У шклоўскай калоніі былога палітвязня гэтаксама змясцілі ў ШІЗА меркавана, тое самое, дзе загінуў Вітольд. Перад гэтым начальнік калоніі кінуў яму: "Беражы сябе!" Былы палітвязень распавёў "Вясне" пра ўмовы ўтрымання ў штрафным ізалятары ў шклоўскай калоніі, дзе яго аднаго ўтрымлівалі тры тыдні. 

Вязень шклоўскай калоніі ў ШІЗА. Скрыншот з сюжэта БТ
Вязень шклоўскай калоніі № 17 ў ШІЗА. Скрыншот з сюжэта БТ

"Ноччу замерзну і раніцай не прачнуся, калі не буду трымацца рукамі за трубу батарэі"

Былы палітычны вязень даведаўся пра трагедыю ў калоніі з дзяржаўнага тэлебачання ў следчым ізалятары. Але да вызвалення ён не ведаў ні пра тое, у якой калоніі гэта адбылося, ні падрабязнасці гібелі актывіста.

"Вясной 2021 года па тэлебачанні вельмі хутка паказалі навіну пра тое, што здарылася з Вітольдам — я быў на той момант у следчым ізалятары. Я вельмі ўзрушыўся гэтай навіной. Я ведаў, што гэта актывіст з Бярозаўкі. Я тады падумаў, што гэта ўсё невыпадкова здарылася. Гэта магло быць усё падстроена ці яго маглі давесці яго да такога. Пазней гэта ўсё ўсплыве".

Амаль праз два гады былы палітвязень патрапіў, меркавана, у тое ж самае ШІЗА, дзе загінуў Вітольд Ашурак. Ён гэта ўсё асэнсаваў і суаднёс факты, калі ўжо вызваліўся з калоніі і дазнаўся падрабязнасці смерці зняволенага актывіста.

"Але і добра, што я не ведаў гэтага, калі ўтрымліваўся там. Я разумею цяпер, што начальнік калоніі, які перад ШІЗА мне сказаў: "Беражы сябе", думаў, напэўна, што я ведаю, што менавіта тут загінуў Вітольд Ашурак".

Вітольд Ашурак у ШІЗА ПК №17 / арбітражны
Вітольд Ашурак у ШІЗА ПК №17 / арбітражны

Былога палітвязня ўтрымлівалі аднаго ў ШІЗА тры тыдні. Патрапіў ён туды па надуманых прычынах, як і многія іншыя палітзняволеныя. Калі былы палітвязень распавядаў пра ўмовы ўтрымання ў ШІЗА, то ўвесь час узгадваў холад, які панаваў там увесь час. Паводле яго, з сямі раніцы да 14 гадзін у камеры адчынялі фортку. Супрацоўнікі такім чынам нібыта праветрывалі яе, але па факту высцюджвалі. Гэта робіцца ў незалежнасці ад надвор'я — няважна, ці за вакном маразы ці сонца. Паводле былога палітвязня, калі ён утрымліваўся ў ШІЗА з адчыненай форткай, то на вуліцы было да мінус 15 мароза. Некалькі разоў фортку не зачынялі да 17 гадзін.

"У камеры было вельмі халодна. Сагрэцца можна было толькі трымаючыся рукамі за батарэю. Але гэта не тыя самыя батарэі ў нашым звычайным разуменні, а дзве звараныя звычайныя трубы, а паміж імі ёсць уваход і выхад. Па-іншаму там немагчыма [сагрэцца]. Трымаешся і трымаешся — рукамі за гарачую батарэю. Я ўспрымаў гэтую сітуацыю з холадам на ўзроўні фізічнага выжывання. Калі я ноччу клаўся спаць, то інстынкт самазахавання мне падказваў у думках, што ноччу замерзну і раніцай не прачнуся, калі не буду трымацца рукамі за трубу батарэі, бо толькі яна і ратавала. Таму ісці і класціся на халодную нару было самым невыносным і страшным. Сну не было, канешне, аніякага. Часта прачынаўся з-за холаду ў ногі ці рукі. Тады я хадзіў на хвілінку сагрэцца да батарэі. Але па камеры пасля адбою хадзіць нельга таксама. Таму неяк саграваўся на хвілінку і зноў мусіў ісці "спаць", калі можна так сказаць".

"Я абмотваў на ноч ногі анучай для прыборкі"

Як распавядае былы палітвязень, у ШІЗА яму выдалі спецыяльную форму з літарамі "Ш" у колу над каленямі (у некаторых таксама можа быць на спіне). Тры тыдні палітвязень спаў на драўляным ложку без матраца, бялізны, падушкі і коўдры.

"Сама форма для ШІЗА даволі грубая — у ёй вельмі некамфортна. На нагах — тапкі і шкарпэткі. У нагахвельмі было халодна. Дзесьці на пяты дзень у мяне пралупілася на шкарпэтках пятка. Замяніць іх на новыя немагчыма. Я паспрабаваў заматаць пятку туалетнай паперай, але супрацоўнікі гэта заўважылі праз відэакамеру. Яны забралі паперу і пасмяяліся: "Ты што, прыдурак?" Потым мне не давалі туалетную паперу. Я ўціхую абмотваў на ноч ногі анучай для прыборкі. Я прыбіраўся два разы на дзень, высушваўся анучу на батарэі, а потым карыстаўся, каб сагрэць ногі".

"Вельмі цяжка там не звяр'яцець"

Пры гэтым, паводле былога палітвязня, тэмпература ў ШІЗА ўвесь час трымалася каля 10 градусаў. З рэчаў выдавалі толькі анучу для прыборкі, маленькі кусочак мыла і туалетную паперу, але не заўсёды і нешмат.

"Але, канешне, найперш было вельмі цяжка псіхалагічна. Нават цяжэй, чым фізічна. Я быў перакананы, што мяне ўжо хутка не выпусцяць з калоніі. Ты будаваў планы на волю, але тут усё можа перамяніцца... Было б прасцей, калі б ты ведаў, што адседзеш канкрэтны тэрмін і выйдзеш. Але ты сядзіш з невызначанасцю, і гэта моцна вымотвае псіхалагічна. Тут няма ніякіх правілаў — як захочуць, так і будзе. Маглі навесіць яшчэ артыкул 411 КК і ўсё... Ты не ведаеш увесь час, на што наладжвацца. Я думаў, што выпрабаванне — вытрымаць 10 дзён у халаднечы, але апынулася, што не. Адзін дзень неяк пражыў і пратрываўся, але потым наступаюць іншыя дні. Вельмі цяжка там не звяр'яцець. Трэба ўвесь час трымаць у галаве час і дату, які сёння дзень, колькі сутак ужо адседзеў. А ў гэты час супрацоўнікі назіраюць за табой па відэакамеры.

Па іх правілах, калі кантралёры адчыняюць дзверы або заглядаюць у вочка дзвярэй, ты павінен падысці да прысцегнутай нары, стаць у прозу "ластаўкі", гэта значыць шырока раставіць ногі, а рукі тыльным бокам пакласці на чырвоную лінію, якая нармляваная на нарах. Калі праз відэакамеру ці вочка дзвярэй кантралёры заўважаць, што ты пачынаеш засынаць, то яны пачынаюць моцна грутаць у дзверы і крычаць, каб стаў, як трэба. За гэта можна атрымаць чарговыя суткі ШІЗА".

"Гэта ўсё адно велізарнае злачынства супраць чалавечнасці", — былы палітвязень шклоўскай калоніі

Былы вязень, які цалкам адбыў тэрмін па палітычнай справе ў шклоўскай калоніі і выйшаў на волю, на ўмовах ананімнасці распавёў "Вясне" пра спосабы ціску на палітвязняў, жудасныя ўмовы ўтрымання ў ШІЗА, а таксама збіццё і катаванні ў ПК-17.

Паводле былога палітвязня, стаўленне з боку супрацоўнікаў калоніі было ў асноўным зняважлівае.

"Ёсць псіхалагічны ціск. Яны з табой не гавораць — яны крычаць. Калі яны бачаць па відэакамеры, што ты пачынаеш засынаць, то адразу падыходзяць і проста крычаць. Днём там можна толькі сядзець ці хадзіць і ўсё. Чытаць і пісаць там не дазваляецца. Там трэба было бясконца прасіць туалетную паперу, таму што даюць толькі яе шматок. Але калі ты папросіш, то не факт, што дадуць".

Пры гэтым, за тры тыдні ў ШІЗА былога палітвязня ніводнага разу не выводзілі ў душ. Ён распавёў, што не хапала і ежы ў ШІЗА:

"Ежа была там разнастайная, але порцыі такія, што не наядаешся. Паеў і думаеш, як бы пратрываць да наступнага прыёма ежы. Так час і праходзіў у чаканні. Там жа вельмі вялікая страта энэргіі была праз тое, што вельмі халодна. Я вельмі там схуднеў (агулам за час зняволення скінуў каля 17 кілаграм)".

Былы палітвязень адзначае, што ў шклоўскай калоніі практыкуецца ціск на палітзняволеных з удзелам так званых правакатараў. Іншыя зняволеныя іх могуць правакаваць на бойкі і спрэчкі, якія з'яўляюцца падставай для вынясення спагнанняў.

"Гэта бессэнсоўны акт прапаганды". Былы палітвязень ПК-17 пра сюжэт БТ пра яго калонію

"Вясна" папрасіла былога палітвязня ПК-17 Міхася (імя зменена ў мэтах бяспекі) паглядзець відэасюжэт БТ і распавесці пра сапраўдныя ўмовы ўтрымання ў шклоўскай калоніі.

Крыніца: "Няма ніякіх правілаў — як захочуць, так і будзе". Былы палітвязень распавёў пра ўмовы ў ШІЗА, дзе памёр Вітольд Ашурак