13.10.2023 Тэгі: ААН, палітвязні, праваабаронцы, справа Вясны Асобы: Мікіта Емяльянаў У Камітэце ААН па правах чалавека 12 кастрычніка 2023 года зарэгістравалі індывідуальны зварот праваабаронцы і былога палітвязня Леаніда Судаленкі па крымінальнай "справе Вясны". Нагадаем, у верасні 2021 года яго асудзілі да трох гадоў калоніі паводле ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Праваабаронца цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.

"У калоніі часта паўтаралі: калі прысуд набыў моц, значыць ты злачынец! А як ён мог набыць законную моц, калі ў апеляцыю мяне з турмы не дастаўлялі, не выклікалі ў суд другой інстанцыі майго адваката. Разгледзелі таемна, як гэта назваць?" кажа экс-палітвязень.

Праваабаронца тлумачыць важнасць міжнароднага механізму КПЧ ААН тым, што ён дае магчымасць падрабязна задакументаваць парушэнні правоў чалавека, няхай нават тады, калі Беларусь адмаўляецца выконваць пастановы Камітэта.

"Само прызнанне Камітэтам таго, што такія парушэнні мелі месца, з'яўляецца важнай прававой кваліфікацыяй дзеянняў беларускага рэжыму. Такія працэдуры дазваляюць не пакідаць парушэнні нябачнымі — як для грамадзянскай супольнасці ўнутры краіны, так і для міжнароднай супольнасці. Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі павінна заставацца на парадку дня і нагадваць супольнасці аб неабходнасці ініцыятыў салідарнасці, падтрымкі зняволеных і тых, каго пераследуюць, прыцягвання беларускіх уладаў да адказнасці", — тлумачыць Леанід Судаленка.

Нагадаем, у сувязі з выхадам 8 лютага 2023 года Беларусі з Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, пацярпелыя пазбаўленыя магчымасці абараняць свае правы ў Камітэт ААН.

Леанід Судаленка выйшаў на волю з калоніі № 3 21 ліпеня 2023 года, цалкам адбыўшы тэрмін. Падчас зняволення МУС унесла палітвязня-праваабаронцу ў пералік асоб, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. На волі ў Беларусі праваабаронца прабыў 11 дзён, пасля чаго пераехаў у Літву.

Чытаць інтэрв'ю з Леанідам пасля вызвалення:

Мой статус быў "злосны парушальнік". Леанід Судаленка — пра зняволенне, ад’езд з Беларусі і салідарнасць

Праваабаронца ПЦ "Вясна" і былы палітзняволены Леанід Судаленка распавёў пасля ад’езду з Беларусі, чаму прыняў такое рашэнне, як выглядала дыскрымінацыя асуджаных па палітычных артыкулах у зняволенні і чаму салідарнасць важная. "Вясна" прыводзіць словы Леаніда ў якасці маналогу.

Крыніца: У ААН зарэгістравалі зварот экс-палітвязня Леаніда Судаленкі па "справе Вясны"