12.10.2023 Тэгі: палітвязні, ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Праваабаронцу Насту Лойку ўнеслі ў "спіс тэрарыстыў"

Наста Лойка. Фота з архіва сяброўкі Насты
Наста Лойка

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ сямі чалавек.

Сярод іх псіхолаг Андрэй Рускіх, айцішнік Аляксандр Леановіч, Сяргей Рудзянкоў, праваабаронца Наста Лойка, кандыдатка геаграфічных навук Ганна Скрыган, Аляксей Кавалёў, музыка Аляксей Кузьмін.

Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1120 чалавек, з іх 368 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1129 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).

Сілавікі затрымалі яшчэ адну меркаваную фігурантку "карагоднай справы"

Як паведамляе СК, гэта 50-гадовая жыхарка Брэста — яе ідэнтыфікавалі па відэазапісах. Паведамляецца, што яна нібыта "прымала актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак, выбягала на дарогу, танчыла і здымала тое, што адбывалася, на мабільны тэлефон".

Акрамя гэтага, жанчына была прыцягнута і да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Жыхарцы Брэста прад'яўлена абвінавачанне паводле "народнага" арт. 342 КК. Па хадайніцтве следства, у дачыненні да жанчыны з санкцыі пракурора прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Расследаванне справы завершана, матэрыялы перададзены пракурору для накіравання ў суд.

"Справа карагодаў" — крымінальная справа, узбуджаная па падзеях 13 верасня 2020 года ў Брэсце, калі пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, а іх разагнаў вадамёт. Агулам па справе былі асуджаныя больш за 130 чалавек.

Стала вядома, што ў жніўні не прынялі перадачу для палітзняволенай Алены Лазарчык

alena-lazarczyk_1.jpg
Алена Лазарчык

Гэта, хутчэй за ўсё, сведчыць аб тым, што яе пазбавілі перадач. Апошні ліст ад Алены прыйшоў у пачатку верасня — з таго часу лістоў ад жанчыны няма. З моманту пераводу Лазарчык у калонію ні разу не быў атрыманы дазвол ад адміністрацыі ўстановы на сустрэчу з адвакатам. Што зараз адбываецца з Аленай, у якім яна стане — невядома.

Нагадаем, актывістцы "Еўрапейскай Беларусі" прысудзілі 8 гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Вядома, што Алена ў калоніі мае праблемы з зубамі, яна схуднела. Раней паведамлялася, што жанчыну змяшчалі ў ШІЗА.

Падтрымаць палітзняволеную: ПК №4. 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Алене Мікалаеўне Лазарчык

Крыніца: Праваабаронцу прызналі "тэрарысткай", затрымалі новую фігурантку "карагоднай справы": хроніка пераследу 12 кастрычніка