12.10.2023 Тэгі: умовы ўтрымання, катаванні, гісторыі вязняў Былы палітвязень Аляксей (імя зменена) быў затрыманы ў 2021 годзе ў Мінску за каментар па "справе Зельцэра". Цалкам адсядзеў паўтара года паводле арт. 130 КК і выйшаў на волю. Праз "палітычнае" зняволенне сутыкнуўся з паўсюднай адмовай у працаўладкаванні. Адсядзеў дзесяць сутак за тое, што своечасова не прыйшоў адзначыцца ў РАУС і вырашыў з’ехаць з Беларусі. Аляксей распавёў "Вясне" пра катаванні падчас затрымання: як яму парвалі вуха, як на просьбу даць вады прымушалі піць з туалетнага бачка. А таксама падзяліўся пра безвыніковыя спробы знайсці працу, і патлумачыў, на якую працу цяпер можа разлічваць у Беларусі былы палітзняволены.
"Я перастаю баяцца"
Напачатку размовы мы з Аляксеем абмяркоўваем, што можна будзе публічыць, а пра якія з фактаў рэпрэсій ён яшчэ не гатовы распавядаць публічна. Гэта не першае нашае інтэрв’ю з былым палітвязнем. У мінулую размову, калі ён толькі выйшаў на волю і яшчэ знаходзіўся ў Беларусі, то распавёў, як сілавікі пры затрыманні парвалі яму вуха. Але тады ён папрасіў пра гэта не пісаць.
"Я ўжо паціху перастаю баяцца і разумею, што пра гэта ўсё трэба распавядаць. Калі маўчаць, у іх будзе карт-бланш на катаванні".
Аляксея затрымлівалі на працоўным месцы супрацоўнікі КДБ і АМАП. Мужчына кажа, што добра запомніў твар аднаго з сілавікоў і зможа яго апазнаць у будучым.
"Як толькі яны мяне вывелі з офісу, я атрымаў удар. Сілавікі пасадзілі мяне ў машыну, рукі зашпілілі за спінаю кайданкамі і пачалі катаваць. Амапавец біў па твары і пагражаў зламаць нос. У кдбшніка былі вузкія зрэнкі і выгладала, нібы ён пад уздзеяннем пэўных рэчываў. Ён мне ўвесь час паўтараў: "Ну я ж цябе не б’ю, я з табою нармальна абыходжуся", а ў гэты момант засоўваў пальцы пад ключычную косту і выкручваў скуру на грудзях. Вельмі моцна цягнуў мяне за вуха і ў выніку яго парваў. Некалькі месяцаў яно зажывала".
"Табе ж раней не прыціскалі яйкі? Прыедзем у аддзяленне, даведаешся, што гэта такое"
Сілавікі ўвесь час спрабавалі вывесці Аляксея на “шчырую размову”, удавалі, нібы ўсё пра яго ведаюць, каб мужчына сам ім назваў прычыну свайго затрымання.
"Спачатку я не мог уцяміць, чаму яны па мяне прыйшлі і касіў пад дурня. А калі ў мяне спыталі: "Ну хто там будзе сцацца і срацца?", то зразумеў, што мяне затрымалі за каментар, які я напісаў пра супрацоўніка КДБ, што ўварваўся ў кватэру да Андрэя Зельцэра. Я не стаў гэтага адмаўляць, адразу прызнаўся, што сапраўды пісаў. У адказ яны пачалі мне пагражаць: "Табе ж раней яйкі не адціскалі? Вось прыедзем у аддзяленне, даведаешся, што гэта такое". Па прыездзе ў аддзяленне мяне паставілі на калені ў калідоры. Так я прастаяў каля гадзіны".
Пасля мужчыну перавялі ў кабінет, дзе ён папрасіў папіць вады. Супрацоўнік АМАПу адвёў Паўла ў туалет, нагнуў галавою да бачка і загадаў яму адтуль піць. Той наадрэз адмовіўся і ўрэшце сілавік адкрыў яму кран з вадою, пры гэтым здзекліва сказаўшы: "На, пей. Мы ж не фашысты якія-небудзь".
"Справа Зельцэра": 114 асуджаных, 99 з якіх — да пазбаўлення волі
Пасля была ноч на Акрэсціна, вобшук дома і допыт у КДБ, на якім Аляксею прапанавалі адваката, але па ягонай камунікацыі з сілавікамі Аляксей зразумеў, што абаронца ў змове з сілавікамі.
Супрацоўнікі камітэту на допыце паводзілі сябе нярвова, бо каментар Аляксея нібы пакрыўдзіў іхняга калегу.
"Кдбшнікі крычалі на мяне "Паглядзі, каго ты абразіў" і паказвалі на насценны каляндар з фотаздымкамі групы "Альфа".
"Баімся за рэпутацыю кампаніі". Пра безвыніковыя пошукі працы былога палітвязня
Пасля вызвалення Аляксей увесь час маніторыў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, бо ўжо ведаў, што шмат якіх палітычных зняволеных туды дадаюць. Але яго гэта абмінула. Апынуўшыся на волі, былыя палітвязні сутыкаюцца з тым, што іх не бяруць на працу, асцерагаючыся наступстваў з боку ўладаў. Як у дзяржаўныя аргнізацыі, так і ў прыватныя кампаніі. А наяўнасць прозвішча былога вязня ў так званым "спісе тэрарыстаў" закрывае шлях да легальнага рынку працы.
Былы палітвязень цягам чатырох месяцаў безвынікова спрабаваў працаўладкавацца. Гэты час жыў на ўласныя ашчаджэнні. Яму прапаноўвалі толькі нізкааплочваймую працу з вялікім спісам працоўных абавязкаў. У працы па спецыяльнасці паўсюль адмаўлялі па надуманых прычынах.
"Па вызваленні я адразу пачаў шукаць працу па сваёй спецыяльнасці – вядучы спецыяліст па продажах. Стаў рассылаць рэзюмэ на профільных сайтах. Мяне запрасілі ў адну буйную кампанію па продажы карэйскай касметыкі. Сумоўе праходзіла вельмі добра, пакуль я не сказаў, што з’яўляюся былым палітвязнем".
Працадаўца адразу змяніў тон размовы і пачаў упэўніваць Аляксея, што за час зняволення з’явілася шмат новых прафесійных тэхналогій, без ведання якіх немагчыма будзе працаваць.
"Вы толькі не падумайце, што мы вас не бярэм на працу, бо вы палітвязень. Проста вы паўтара года адсутнічалі, а ў нашай сферы адбылося некалькі істотных зменаў", – распавядае мужчына.
"Проста яны хацелі не "страціць твар", і таму так прыгожа мяне паслалі"
Аляксею прапанавалі цягам тыдня падвучыцца і вяртацца. Яго былы працадаўца паведаміў, што змены сапраўды былі, але нязначныя і Аляксей за час зняволення нічога не страціў як спецыяліст. Праз акрэслены тэрмін палітвязень патэлефанаваў у тую ж кампанію, але там яму паведамілі, што ўжо ўзялі на працу іншага чалавека.
"Проста яны хацелі не "страціць твар", і таму так прыгожа мяне паслалі", – робіць выснову Аляксей.
Наступная спроба – жанчына, якая сама адгукнулася на рэзюмэ Аляксея. Як мяркуе мужчына, яна загадзя "прагугліла" яго асобу, бо пачала размову з адваджвання Аляксея ад працы, а патэлефанавала "для галачкі", каб проста закрыць працоўны план.
"Мы з вамі пачалі размову з таго, што вы мне адразу прапаноўваеце ў вас не працаваць. Дык навошта вы мне патэлефанавалі?" – узгадвае свой дыялог з працадаўцам мужчына.
Мужчына кажа, што ў падобных выпадках немагчыма даказаць сапраўдную матывацыю адмовы, бо працадаўца наўпрост гэтага амаль ніколі не кажа.
У трэцім выпадку Аляксею нарэшце шчыра паведамілі, што баяцца наступстваў праз яго папярэдні досвед.
"Працадаўца адразу сказала, што я ім цалкам пасую як спецыяліст, але яна ведае пра маю адсідку і баіцца за рэпутацыю кампаніі. Да таго ж асцерагаецца пытанняў з боку праваахоўных органаў. Таму мне зноў адмовілі".
На адну працу Аляксея ўсё ж такі запрасілі, нягледзячы на яго зняволенне. Але прапаноўвалі вельмі нізкі заробак адносна яго спецыяльнасці.
"Гэта была кампанія па продажы будматэрыялаў. Мне прапанавалі аклад 800 рублёў, а астатні прыбытак – працэнт ад продажаў. Я падлічыў, што каб пакрыць заробкам свае базавыя выдаткі, мне трэба было б прадаваць штомесяц будматэрыялаў на вельмі вялікую суму. Да таго ж у гэтыя 800 рублёў уваходзіла вядзенне сацыяльных сетак кампаніі, апрацоўка іх базы кантактаў і іншае. А калі ж я буду паспяваць прадаваць".
Аляксей кажа, што цяпер у Беларусі сярэдні заробак спецыяліста па продажах – 2000 - 2500 рублёў.
"Біржа працы – фэйк, каб дзяржава адсправаздачылася нібы дапамагае людзям"
З біржай працы падобная сітуацыя, кажа Аляксей. Пра гэта яму распавяла былая палітвязынка, якая таксама з’ехала з краіны па вызваленні.
"Вакансіі, якія там прапануюць, альбо ў рэальнасці адсутнічаюць, альбо гэта нейкая чарнавая танная праца, альбо табе таксама адмаўляюць па надуманых прычынах. Біржа працы – фэйк, каб дзяржава адсправаздачылася нібы дапамагае людзям".
Мужчына да апошняга спадзяваўся, што з працай стане ўсё добра, як было раней. Але паўсюль сутыкаўся толькі з адмовамі. Летам 2022 года ён паступова пачаў прыходзіць да думкі аб ад’ездзе з краіны, бо не мог сябе забяспечыць.
"Я зразумеў, што ў гэтай краіне мне жыць не дадуць"
Апошняй кропляй у прыняцці рашэння з’ехаць стаў адміністрацыйны арышт Аляксея. Ён мусіў прыходзіць у РАУС рэгулярна адзначацца, але аднойчы пераблытаў дату, за што адсядзеў 10 сутак на Акрэсціна.
"У той час у бальніцу патрапіла мая маці, да таго ж у мяне было шмат побытавых праблемаў і я проста пераблытаў дзень, калі мусіў прыйсці адзначыцца. Замест панядзелка прыйшоў у аўторак. На мяне адразу ж склалі пратакол і адвезлі на Акрэсціна".
Аляксей распавядае, што ў ізалятары сядзеў у “камеры-прыбіральні”, бо там было вельмі брудна і невыносна смярдзела. Пасля суда яго перавялі ў ЦІП.
"Калі я другі раз патрапіў за краты, для мяне гэта ўжо не было моцным шокам. Але там я пачаў думаць, што мой пераслед у Беларусі ніколі не скончыцца і які ж я дурак, што не з’ехаў раней. Я зразумеў, што ў гэтай краіне мне жыць не дадуць".
"Новае затрыманне — пытанне толькі часу". Як у Беларусі пераследуюць былых палітвязняў
"Калі будуць чарговыя выбары, рыхтуйцеся зноў пасядзець"
Паплечнік Аляксея – былы палівязень, які па вызваленні таксама рэгулярна хадзіў адзначацца ў РАУС – распавёў яму сваю размову з супрацоўнікамі міліцыі, што дадаткова ўпэўніла Аляксея з’язджаць.
"Нягледзячы на тое, што ў вас пагашаная судзімасць, мы ўсё адно можам прыйсці да вас дамоў і праверыць, чым вы займаецеся і як жывеце. А калі ў краіне будуць адбывацца палітычныя падзеі, рыхтуйцеся да таго, што вам прыйдзецца пасядзець", – пераказаў словы свайго прыяцеля Аляксей.
"Высокая верагоднасць, што падчас чарговых выбараў "палітычныя" будуць "заязджаць” паўторна", – мяркуе былы палітвязень.
Аляксей прыняў рашэнне з’ехаць з Белаурсі і цяпер знаходзіцца ў бяспецы ў адной з еўрапейскіх краін.