10.10.2023 Тэгі: палітвязні, ціск, аналітыка, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

За гэты час палітзняволенымі былі прызнаны 26 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1489 чалавек. Таксама стала вядома, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю 15 палітвязняў, у тым ліку Яўген Календа, Дзмітрый Адарачкін, Андрэй Андрэеў, Сяргей Крыўчэня, Яўген Хар’янаў, Ігар Повараў, Арсень Чыжык і Ігар Петран.

За апошнія два тыдні праваабаронцы даведаліся пра прысуды па палітычна матываваных справах 10 палітвязняволеным: 

Палітзняволенага анархіста Дзмітрыя Рэзановіча змясцілі ў ПКТ

Па інфармацыі тг-канала "Права на паўстанне", палітвязня перавялі ў памяшканне камернага тыпу да сакавіка. Раней паведамлялася, што Дзмітрыя неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а таксама пазбавілі спатканняў і перадач і пагражалі перавесці на турэмны рэжым.

Нагадаем, Дзмітрый быў затрыманы напрыканцы кастрычніка 2020 года. 22 снежня Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.

Палітвязня Ягора Лянкевіча перавялі на турэмны рэжым у Магілёў 

Ягора затрымалі 9 снежня 2021 года ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 293 КК (удзеле ў масавых беспарадках).

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 12 сакавіка 2022 года Ягора асудзілі да 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У чэрвені 2022 года КДБ уключыў палітвязня ў спіс "асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".

Ён адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1. Стала вядома, што ў Наваполацку 5 верасня адбыўся суд па замене палітвязню рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суддзі Ірыны Жаровай яго перавялі на турэмны рэжым.

Палітзняволеную Ларысу Шчыракову перавялі ў гомельскую калонію

Ларыса Шчыракова ў судзе.

Як стала вядома "Гомельскай Вясне", журналістка і краязнаўца ўжо пачала адбываць тэрмін у жаночай калоніі № 4.

Нагадаем, 31 жніўня Ларысе прызначылі 3,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе абвінавацілі паводле арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і тое ж дзеянне, якое ажыццяўляецца паўторна). Палітзняволеная не падавала апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд на прысуд.

Амаль 8 месяцаў ад палітзняволенага Мікалая Статкевіча няма вестак 

Мікалай Статкевіч. Фота: Уладзь Грыдзін

Пра гэта днямі ў фэйсбуку напісала жонка палітыка Марына Адамовіч. Акрамя гэтага, да Мікалая зноў не пусцілі адваката:

"А з навінаў у нас — поўная адсутнасць навінаў. 232 дні.

Чарговы раз была ў калоніі. Чарговы раз не пусцілі адваката. Чарговы раз "няма заявы".

І гэта, канешне, нічога не значыць, што я, як "прадстаўнік па даверанасці", пакінула там (у межах прадстаўленых паўнамоцтваў) ад імя Мікалая заяву на спатканне з адвакатам, а яшчэ даслала тэлеграму, аб атрыманні якой "упаўнаважанай асобай" маю паведамленне.

Ну не хоча Мікола Статкевіч ні мне пісаць, ні з адвакатам сустракацца".

Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі больш за 3 гады і 4 месяцы. Яму прысудзілі 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. Увесь час яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА.

Палітзняволенай Насце Лойцы пакінулі прысуд без зменаў

Наста Лойка. Фота з архіва сяброўкі Насты

У Мінскім гарадскім судзе 20 чэрвеня палітзняволенай прызначылі 7 гадоў калоніі за падрыхтоўку даклада "Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі" (2017-жнівень 2018 года). У ім нібыта даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці і пазіцыя самой Насты невядомыя.

Вярхоўны суд 3 кастрычніка разглядзеў апеляцыйную скаргу праваабаронцы. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Пятра Лістраценкі пакінула прысуд без зменаў, а скаргу — без задавальнення. Хутка яе перавядуць у калонію.

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу зноў змяшчалі ў ШІЗА 

Вікторыю двойчы за год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі.

За першыя паўгода ў зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгады ў ПКТ. Па інфармацыі праваабаронцаў, адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю логцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Акрамя гэтага, жанчына некалькі разоў у калоніі трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоваў. Праз гэта ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.

22 чэрвеня жанчыну зноў этапавалі ў жаночую калонію № 24.

Цяпер стала вядома, што нядаўна яе ў чарговы раз змяшчалі ў ШІЗА на 30 сутак. Прычыны спагнання невядомыя.

Палітвязня Уладзіміра Гундара перавялі на турэмны рэжым 

Уладзімір Гундар на судзе 18 траўня

Пра гэта паведамляе "Берасцейская Вясна".

Нагадаем, Гродзенскі абласны суд 6 чэрвеня пакінуў прысуд палітвязню без зменаў — 20 гадоў калоніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцара яго этапавалі ў калонію. Пры гэтым жонцы Гундара дазволілі спатканне з ім, але яна не паспела трапіць на яго праз хуткі этап.

Па прыбыцці ў калонію яго некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар. Акрамя гэтага, у лісце да родных ён паведаміў, што яго хочуць перавесці ў турму.

Напачатку кастрычніка блізкім стала вядома, што Гундара ўсё ж адправілі ў магілёўскую турму № 4. Па якой прычыне і ці быў суд па замене рэжыму — сваякам не патлумачылі.

Палітвязня Васіля Бераснева змясцілі ў шпіталь, патрэбна перасадка ныркі

Васіль Бераснеў

Палітзняволенага па "справе незалежных прафсаюзаў", які адбывае пакаранне ўмагілёўскай ПК № 15, тэрмінова накіравалі ў Магілёўскі абласны шпіталь.

Яшчэ пад час знаходжання ў СІЗА ў Васіля значна пагоршыўся стан здароўя: самае небяспечнае – ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы. Аднак сітуацыя настолькі крытычная, што медыкаментознае лячэнне не мае сэнсу. Патрэбна перасадка ныркі. На шматлікія просьбы і заявы вязня аб аказанні медычнай дапамогі, альбо накіраванні на абследаванне — доўгі час рэакцыі не было. На фоне праблем са здароўем, значна павысіўся ціск і зараз неабходна штодня прымаць адпаведныя лекі.

73-гадовы Васіль — лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Суддзя Анастасія Папко прызначыла яму 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Палітвязня Васіля Бераснева змясцілі ў шпіталь, патрэбна перасадка ныркі

На фоне праблем са здароўем, значна павысіўся ціск і зараз неабходна штодня прымаць адпаведныя лекі.

Да палітзняволенай пенсіянеркі Наталлі Пятровіч не даходзяць лісты

У Мінгарсудзе 11 жніўня 2023 года 68-гадовую палітзняволеню асудзілі да шасці гадоў калоніі агульнага рэжыму. Таксама Наталля Іванаўна мусіць выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры болей за тры тысячы рублёў паводле арт. 369 КК.

Жанчыну прызналі вінаватай паводле пяці артыкулаў Крымінальна кодэкса. Яна была затрыманая 19 снежня 2022 году ў сваёй кватэры за каментары.

Нядаўна яна даслала ліст на волю, у якім паведаміла, што не атрымлівае лісты з волі:

"Усім пішу, але лістоў амаль не атрымліваю. Не разумею, у чым справа. Таму ўсім мае прывітанні, самыя найлепшыя пажаданні і вялізарная падзяка".

Байкера Андрэя Іванюшына, які летам выйшаў з калоніі, затрымалі па новай крымінальнай справе 

Андрэй — байкер з Мінска. Першы раз яго затрымалі 1 лютага 2021 года ў межах крымінальнай справы, распачатай за інцыдэнт, які адбыўся 19 верасня 2020 года каля ГЦ “Еўропа”, калі невядомыя сталі затрымліваць аднаго з матацыклістаў, а астатнія пачалі яго абараняць. У выніку Андрэя абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК)

26 лютага 2021 года яму прысудзілі 2,5 гады калоніі. Свой тэрмін палітвязень адбываў у шклоўскай калоніі № 17. 2 чэрвеня 2023 года Андрэй выйшаў на волю, адбыўшы ў зняволенні 2 гады, 4 месяцы і 1 дзень.

Цяпер праваабаронцам стала вядома, што Андрэя зноў затрымалі напачатку жніўня. Яму ставяць у віну тры эпізоды паводле арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту.

Адміністрацыя калоніі не паведамляе Рыгору Кастусёву вынікі анкалагічнага даследавання 

Фота

Пра гэта "Свабодзе" паведаміў зяць старшыні партыі БНФ Дзмітрый Антончык. Паводле яго, палітвязень выйшаў з ШІЗА пасля 10 сутак і патэлефанаваў сваякам:

"Расказаў, што цяпер вельмі баляць ногі. Ногі ацякаюць, бо ў яго моцны варыкоз. Ва ўмовах ШІЗА з варыкозам вельмі цяжка. Ноччу даводзіцца ляжаць на голых дошках, а ўдзень нармальна немагчыма нават пасядзець.

Сваякі кажуць, што спадар Рыгор і цяпер, пасля ШІЗА, ня ведае вынікаў дасьледаваньня. Нічога ня кажуць. І ён больш нічога пра стан здароўя ня кажа".

Нагадаем, 66-гадовага былога старшыню Партыі БНФ асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.

У калоніі пагоршыўся стан здароўя палітвязня Аляксея Ільінчыка

Аляксей Ільінчык

Як стала вядома "Гомельскай Вясне", Аляксей Ільінчык змешчаны ў неўралагічнае аддзяленне рэспубліканскай бальніцы, якое знаходзіцца на тэрыторыі СІЗА № 1 г. Мінска.

Аляксей — гомельскі бард і музыкант. Яго абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК), абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК), распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК) і асудзілі да 2,5 гадоў калоніі.

За час знаходжання ў СІЗА-3 і ў папраўчай калоніі здароўе Аляксея пагоршылася. Правая рука ў яго амаль не дзейнічае, парушаны маўленчы апарат, таму гаворыць ён з цяжкасцю. Пісаць самастойна лісты ён таксама не можа. Да таго ж, лісты яму перадаюць не спраўна, нават ад сваякоў.

Адвакатцы Юліі Юргілевіч была ўручана Міжнародная прэмія Людовіка Тэр'е ў галіне правоў чалавека 

Юлія Юргілевіч

Міжнародная прэмія Людовіка Тэр'е ў галіне правоў чалавека была заснавана ў 1984 годзе і ўручаецца юрысту, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці або прыналежнасці да пэўнай калегіі адвакатаў, які сваёй актыўнай дзейнасцю садзейнічае абароне правоў чалавека, права на абарону, садзейнічае вяршэнству права, вядзе барацьбу з расізмам і нецярпімасцю ў любой форме. Першай асобай уганараванай гэтай прэміі быў Нэльсан Мандэла, піша канал "Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека".

Юлія — адвакатка, якая абараняла шматлікіх палітвязняў і якая была ў лютым 2022 года пазбаўлена ліцэнзіі. Яна была затрымана напрыканцы жніўня 2022 года па вяртанні ў Беларусь з Польшчы. Пазней яе асудзілі д 6 гадоў калоніі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".

Крыніца: Агляд навінаў палітвязняў з 26 верасня па 10 кастрычніка