10.10.2023 Тэгі: пераслед, ціск, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Да бацькоў Дырэктара Беларускага дому ў Варшаве Алеся Зарэмбюка прыходзілі сілавікі

ales-zarembjuk.jpg
Алесь Зарэмбюк

Пра гэта паведаміла "Гарадзенская Праваабарона". Сілавікі пыталіся ў бацькоў Алеся, ці яны ведаюць, што супраць іх сына ў Беларусі распачата ажно тры крымінальныя справы. Міліцыянты прасілі польскі нумар Алеся, распытвалі пра яго асабістае жыццё, цікавіліся пра яго дзейнасць і функцыі у Беларускім Доме ў Варшаве.

Па месцы жыхарства мастака Аляксея Кузьміча прыходзіла міліцыя

aljaksei-kuzmicz.jpg
Аляксей Кузьміч

Мастак прыехаў у Беларусь у пачатку жніўня. Ён памяняў свой пашпарт і пасведчанне кіроўцы, а таксама правёў новую акцыю ў цэнтры Мінска — Аляксей паказаў голы зад, стоячы пасярод праспекта Пераможцаў. Пасля гэтага ён з'ехаў у ЕС.

"Па месцы майго жыхарства, у дом самазабойцаў, які цягнецца праз усю вуліцу Няміга, прыходзіла міліцыя. Участковы.

— Ён жа ў Францыі жыў!.. — Цікавіўся ўчастковы ў суседзяў, — А дупу паказаў у Беларусі... не зразумела...", — напісаў мастак.

Сілавікі затрымалі старэйшую навуковую супрацоўніцу інстытута гісторыі НАН Зарыну Канапацкую

zaryna-kanapackaja.jpg
Зарына Канапацкая

На "пакаяльным відэа" жанчына кажа, што "займалася выключна сваёй навуковай дзейнасцю, скончыла дактарантуру і рыхтавала ўжо да абароны манаграфію па тэматыцы аб беларускіх татарах. Вінаватая ў тым, што была падпісаная на "экстрэмісцкія" каналы і знаёмілася з іх зместам".

Яе прымусілі таксама прызнацца ў падпісцы на чат-бот плана "Перамога" і ў тым, што яна "знаходзілася побач з мітынгамі", фатаграфавалася на фоне "пратэснага натоўпу і пратэстнай сімволікі", піша "Зеркало".

Крыніца: Затрыманне навуковай супрацоўніцы, ціск на дырэктара Беларускага дома ў Варшаве: хроніка пераследу 10 кастрычніка