04.10.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, дыфамацыя, экстрэмізм Гомельскі абласны суд 2 кастрычніка вынес прысуд па крымінальнай справе мясцовага прадпрымальніка Валянціна Штэрмера. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт.368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта) ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) і ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы).
Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Сяргей Багінскі.
Палітзняволенага Валянціна Штэрмера паводле праўладных тэлеграм-каналаў затрымалі 9 чэрвеня 2023 за "8 каментароў на тэму расійскай агрэсіі з абразамі грамадзян Расіі", чым ён нібыта "паспрабаваў распаліць нацыянальную варожасць". Таксама паведамляецца аб пакінутых абразах у дачыненні да Лукашэнкі.
Да арышту Валянцін Штэрмер з’яўляўся дырэктарам ТАА “Авангардбізнесрэсурс”, быў заснавальнікам камерцыйных фірм у Расіі.
Суд прызнаў Штэрмера вінаватым ва ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады.
Ён жа прызнаны вінаватым у наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці, і на падставе ч.1 арт. 130 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады.
Ён жа прызнаны вінаватым у публічнай абразе Лукашэнкі і на падставе ч. 1 арт.368 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады.
Шляхам частковага складання, канчаткова суд прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін пяць гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Крыніца: У Гомелі асудзілі прадпрымальніка па "экстрэмісцкіх" артыкулах