04.10.2023 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
За «распаўсюд экстрэмізму» грамадскімі працамі пакаралі жыхара Лёзненскага раёна
Суддзя і старшыня суда Лёзненскага раёна Алена Шарэц 13 верасня за распаўсюд «экстрэмізму» ў сацыяльнай сетцы Instagram пакарала грамадскімі працамі на 20 гадзін і канфіскавала тэлефон у маладога жыхара аграгарадка Дабрамыслі Іллі Самохіна.
У судзе высветлілася, што малады чалавек паставіў «лайк» на допіс «Радыё Свабода» ў Instagram, піша «Віцебская Вясна».
ГУБАЗіК затрымаў трактарыста "Зелянбуда" за сцяжок з "Пагоняй"
Паведамляецца, што на яго сілавікам паскардзіліся «неабыякавыя грамадзяне».
Гродзенскага святара аштрафавалі за "распаўсюд экстрэмізму"
Святар Андрэй Наздрын быў затрыманы некаторы час таму — сілавікі праверылі яго тэлефон і сацсеткі, і знайшлі ў інстаграме падпіску на гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча, сацсеткі якога былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі ў студзені.
З гэтай нагоды супраць святара быў распачаты адміністрацыйны працэс: складзены пратакол і прызначылі судовае разбіральніцтва.
Суддзя Алена Тоўсцік-Самойла прызначыла святару штраф у памеры 15 базавых велічыняў. Таксама была канфіскаваная «прылада злачынства» — мабільны тэлефон.
"Гомельская Вясна": у Светлагорскім РАУС збілі чалавека
Як стала вядома праваабаронцам, у аддзеле ўнутраных спраў Светлагорскага райвыканкама быў збіты чалавек. Па наяўнай інфармацыі, пацярпелы падаў скаргу, прызначана праверка.
Здарэнне адбылося ў ізалятары часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС у жніўні. Чалавека, які быў змешчаны туды па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, збіў супрацоўнік міліцыі.
Пасля выхаду з ІЧУ пацярпелы звярнуўся ў медыцынскую ўстанову, сляды збіцця былі зафіксаваны.
Сілавікі апублікавалі чарговую партыю "пакаянных" відэа з Ваўкавыска
У відэа мужчыны распавядаюць, што былі затрыманыя за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў у Інтэрнэце.
Частка з затрыманых распавядае, што ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе, піша @Grodno_grab.
Крыніца: Затрымліваюць, збіваюць, штрафуюць: хроніка пераследу 4 кастрычніка