04.10.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда 4 кастрычніка вынесла рашэнне па выніках разгляду апеляцыйных скаргаў некаторых фігурантаў і іх абаронцаў па "справе Гайдукевіча". Абскарджвалі прысуд не ўсе палітвязні. З улікам меркавання прадстаўніка Генеральнай пракуратуры ўсе скаргі пакінутыя без задавальнення. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Ігара Любецкага разглядала два дні. У хуткім часе 15 фігурантаў гучнай справы будуць этапаваныя з СІЗА-1 у калоніі.
Нагадаем, у Мінскім гарадскім судзе 21 чэрвеня абвесцілі прысуд па гучнай крымінальнай справе, у тым ліку за спробу падпалу дома Алега Гайдукевіча ў чэрвені 2021 года. 18 фігурантаў справы агулам абвінавацілі паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Сяргей Хрыпач прызначыў ім тэрміны ад двух да 25 гадоў калоніі. Палітвязні атрымалі наступныя тэрміны: Сяргей Лісоўскі — 20 гадоў калоніі; Пётр Юркевіч— 9 гадоў калоніі; Павел Чыхінскі, Дзяніс Філончык— па 9 гадоў калоніі; Віталь Вайцяховіч (бацька) — 19 гадоў калоніі; Уладзіслаў Вайцяховіч (сын) — 21 год калоніі; Анастасія Вайцяховіч (жонка сына) іВольга Вайцяховіч (жонка Віталя) — па 11 гадоў калоніі; Уладзімір Савянкоў— 16 гадоў калоніі; Дзмітрый Невяркевіч— 11 гадоў калоніі; Вольга Пятух — 10 гадоў калоніі; Мікалай Рой — 12 гадоў калоніі; Сяргей Сакалоў — 14 гадоў калоніі; Эдуард Пястрак— 3,5 года калоніі. Мужчыны заслухоўвалі прысуд у закутых кайданкамі за спіной рукамі, а жанчыны — перад сабой.
Яшчэ трох фігурантаў справы асудзілі завочна: Вадзім Пракоп'еў — 25 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму завочна, штраф у адну тысячу базавых велічынь, пазбаўлены ўсіх воінскіх званняў; Ігар Чамякін і Дзяніс Хаміцэвіч — 20 і 16 гадоў калоніі адпаведна завочна з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы, пазбаўленыя воінскага звання.
2 кастрычніка Следчы камітэт распачаў новую спецвытворчасць у дачыненні да Вадзіма Пракоп'ева.
Да 25 гадоў калоніі: па "справе Гайдукевіча" абвесцілі прысуд
Крыніца: Прысуд па "справе Гайдукевіча" пакінулі ў сіле. Хутка 15 палітвязняў этапуюць у калоніі