02.10.2023 Тэгі: палітвязні, салідарнасць, WeStandBYyou У межах нашай кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou (ініцыяванай арганізацыяй Libereco — Partnership for Human Rights) Юрген Хардт (Бундэстаг Нямеччыны, ХДС), Беціна Штарк-Ватцынгер (Бундэстаг Нямеччыны, СВДП) і Андрэас Шыдэр (Еўрапейскі парламент, SPÖ, Аўстрыя) зноў сталі "хросным" трох палітвязняў у Беларусі.

Мікіту Карпенку было ўсяго 16 гадоў, калі яго арыштавалі 6 кастрычніка 2022 года. За каментары ў сацыяльных сетках яго асудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 130-1 (распальванне нянавісці) Крымінальнага кодэкса Беларусі і артыкуле 367-2 (абраза Лукашэнкі). Абвінавачванне ў "абразе дзяржаўнага служачага" па артыкуле 369 і суправаджальнае яго патрабаванне аб "кампенсацыі маральнай шкоды" былі знятыя пасля таго, як Мікіта выбачыўся.

Юрген Хардт з'яўляецца чальцом нямецкага бундэстага і прадстаўніком па знешняй палітыцы парламенцкай групы ХДС/ХСС. Ён стаў "хросным" Мікіты Карпенкі і заявіў:

"Нягледзячы на тое, што сітуацыя з апазіцыяй у Беларусі заціхла і сталі асвятляцца іншыя тэмы, палітычнае становішча не змянілася. Паводле ацэнак ААН, у Беларусі налічваецца каля 1 500 палітычных зняволеных, і з многімі з іх няма сувязі. Так працуе сістэма: ад нас чакаюць, што мы забудзем пра палітвязняў у турмах, але гэта менавіта тое, чаго мы рабіць не збіраемся. Вось чаму я стаў "хросным" Мікіты Карпенкі і заклікаю беларускі ўрад вызваліць гэтага маладога чалавека! Ён быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі за падбухторванне і абразу прэзідэнта. У любой прававой дзяржаве на яго заявы распаўсюджвалася б права на свабоду выказвання меркаванняў. Але аўтарытарны рэжым Лукашэнкі робіць усё магчымае, каб задушыць апазіцыю. Маладыя людзі накшталт Мікіты Карпенкі не павінны быць зачыненыя ў турмах толькі таму, што яны выкарыстоўваюць мірныя сродкі, каб змагацца за вольную і дэмакратычную будучыню".

jurgen-hardt.jpg

Данута Пярэдня была студэнткай факультэта рамана-германскай філалогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яна была арыштаваная 28 лютага 2022 года і пасля выключаная з універсітэта. Данута падзялілася паведамленнем з рэзкай крытыкай Пуціна, Лукашэнкі і расейскага ўварвання ва Украіну, пераслаўшы яго ў адзін чат. У ім таксама ўтрымліваліся заклікі да мірных вулічных пратэстаў супраць вайны. Суд прызнаў Дануту вінаватай у парушэнні арт. 361 (заклікі да дзеянняў, што нясуць шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і арт. 368 (абраза Лукашэнкі). Данута адбывае 6,5-гадовы турэмны тэрмін, а таксама яе ўнеслі ў спіс КДБ як "асобу, датычную да тэрарыстычнай дзейнасці".

Беціна Штарк-Ватцынгер з'яўляецца дэпутатам Бундэстага Германіі і федэральным міністрам адукацыі і навуковых даследаванняў з 2021 года. Пасля таго, як яе былы "хроснік" Аляксандр Кісялёў быў вызвалены, яна ўзяла на сябе абавязкі "хроснай" Дануты Пярэдні.

"Такія маладыя людзі, як Данута Пярэдня, мусяць мець магчымасць спазнаваць свет і змяняць яго да лепшага. Замест гэтага яны спазнаюць бесчалавечнае прыгняценне з боку беларускага рэжыму. Такая несправядлівасць выклікае лютасць. Прыхільнасць Дануты Пярэдні справе міру — гэта не злачынства, але праява смеласці і годнасці. Яна павінна быць неадкладна вызваленая. Мы па-ранейшаму рашуча падтрымліваем мноства адважных людзей, што адстойваюць свабоду, дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі", — адзначыла Беціна Штарк-Ватцынгер.

Кірыл Клімаў шмат гадоў адпрацаваў у Беларускай акадэміі навук, а затым перайшоў у прыватны сектар. 23 лютага 2023 года ён быў арыштаваны і асуджаны паводле абвінавачвання ў "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкіх груповак" паводле арт. 361-2 КК РБ. Кірыл быў асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі за ахвяраванне ў агульнай складанасці 60 долараў праваабарончым арганізацыям, такім як BYSOL або BY_help.

Андрэас Шыдэр — аўстрыйскі прадстаўнік групы прагрэсіўнага альянса сацыялістаў і дэмакратаў у Еўрапейскім парламенце. Стаўшы "хросным" Кірыла Клімава, Андрэас яго падтрымлівае:

"Я заклікаю да неадкладнага вызвалення палітвязня Кірыла Клімава. Падтрымліваць праваабарончыя арганізацыі, якія працуюць над захаваннем базавых правоў чалавека — гэта законнае права кожнага. Той факт, што турэмнае зняволенне выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі дзеля ўціску грамадскай і палітычнай дзейнасці, іншадумства і антываенных дэманстрацый, і нават пасіўнай падтрымкі з дапамогай фінансавага ахвяравання праваабарончай арганізацыі, з'яўляецца непрымальным і ўяўляе сабой парушэнне правоў чалавека. Таму я заклікаю да неадкладнага прыпынення палітычна матываванага арышту Кірыла Клімава".

Крыніца: Дэпутаты нямецкага і аўстрыйскага парламента сталі "хроснымі" Мікіты Карпенкі, Дануты Пярэдні і Кірыла Клімава