02.10.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, дыфамацыя Стала вядома, што трэцяга жніўня 2023 году ў судзе Цэнтральнага раёну Мінска агучаны прысуд 51-гадоваму інжынеру Сяргею Качуку. Ён асуджаны да пяці гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі". Таксама ён мусіць выплаціць 200 базавых велічыняў штрафу ў даход дзяржавы (7 400 рублёў).

Канчатковы тэрмін прызначаны шляхам поўнага складання пакаранняў паводле двух артыкулаў. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 366 (гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу. Паводле першага артыкулу, яго асудзілі да чатырох гадоў абмежавання волі, паводле другога — на паўтара года абмежавання волі і штрафу ў 200 базавых велічыняў.

Вырак агучыла суддзя Юліяна Шчэрба.

Яму ў віну ставіліся каментары ў Telegram у бок супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і КДБ, якія ён нібыта пакідаў у сацсетках са жніўня 2021 году па люты 2022 году. Згодна з пазіцыяй абвінавачання, Качук імкнуўся паказаць іх "у зневажальным становішчы ў вачах шырокай грамадскасці". Некаторыя з каментароў — у бок супрацоўніка КДБ — абвінавачанне кваліфікавала не толькі паводле арт. 369, але і паводле ч. 1 арт. 366 Крымінальнага кодэкса — як пагрозу гвалту.

Мужчына прызнаў віну і распавёў, што ён сапраўды пакідаў каментары ў чаце пад публікацыіямі. Пацярпелыя адзначылі, што ўспрынялі іх як "абразы, якія зневажаюць іх гонар і годнасць як прадстаўнікоў улады". Супрацоўнік КДБ распавёў, што ўспрыняў пагрозу гвалту рэальна "праз помсту з мэтай перашкоды ягонай законнай дзейнасці, прымусу да змены характару гэтай дзейнасці".

Сяргей Качук дабраахвотна кампенсаваў сродкі, якія расцанілі як прынесеную шкоду. Ён выплаціў аднаму з пацярпеламу 2000 рублёў, аплаціў дзяржпошліну — 111 рублёў. 

Вядома, што мужчыну затрымлівалі, але потым вызвалілі з-пад варты: да суду ён знаходзіўся на волі пад закладам у 7400 рублёў.

Крыніца: Пяць гадоў "хатняй хіміі", больш за сем тысяч рублёў штрафу: мужчыну асудзілі за каментары