28.09.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У судзе Фрунзенскага раёну Мінска 19 верасня асудзілі Ірыну Мажарскую паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Андрэй Млечка прызначыў Ірыне тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").

iryna-mazharskaja.jpg
Ірына Мажарская. Фота з сацыяльных сетак

Ірына Мажарская — цяпер ужо былая настаўніца геаграфіі Мінскай гімназіі № 25 імя Рымы Шаршнёвай.

Яна рыхтавала вучняў да ўдзелу ў Рэспубліканскай алімпіядзе, была кіраўніцай каманды горада Мінска па геаграфіі. Летась адзін з яе вучняў на алімпіядзе атрымаў дыплом трэцяй ступені па геаграфіі, а адміністрацыя гімназіі выказвала Ірыне словы падзякі за добрую працу.

Сёлета Ірыну абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэсных акцыях у жніўні 2020 года, у выхадзе на праезную частку і перакрыцці руху грамадскага транспарту. Жанчына цалкам прызнала віну ў раскаялася ў здзейсненым.

Як паведаміла прэс-служба пракуратуры, настаўніца нібы "супрацьпраўнымі паводзінамі падала маладым людзям негатыўны прыклад".

Выязное судовае пасяджэнне адбывалася ў тэрытарыяльным упраўленні адукацыі.

Крыніца: Мінскую настаўніцу геаграфіі паказальна асудзілі на тры гады "хатняй хіміі" за ўдзел у акцыях пратэсту