28.09.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Алеся Лянцэвіч. Фота з сацыяльных сетак. Брэсцкі абласны суд 26 верасня абвясціў прысуд псіхолагіні-кансультантцы і выкладчыцы псіхалогіі Алесе Лянцэвіч, абвінавачанай у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (арт. 361-2 КК).

Справу разглядала суддзя Руслана Сянько, дзяржабвінаваўца – Марыя Бялт.

Як паведамляе “Берасцейская вясна”, 44-гадовую Алесю Лянцэвіч затрымалі 25 траўня 2023 года і змясцілі пад варту ў СІЗА №7 Брэста.

Псіхалагіню абвінавацілі ў тым, што ў 2020 годзе яна зрабіла некалькі данатаў у “BySOL” і “ByHelp”. Агульная сума данатаў склала каля 97$ (на той момант амаль 250 рублёў).

Таксама жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна публічна абразіла Мікалая Карпянкова (у жніўні 2020 года ўзначальваў ГУБАЗіК, а ў канцы 2020 года стаў цэлым намеснікам міністра МУС): 29 красавіка 2021 года тэлеграм-канал “Кулуары Kyky" апублікаваў навіну пра Карпянкова, дзе прыводзілася яго цытата з інтэрв'ю з Азаронкам. Пад той навіной карыстальніца пакінула каментар "яшчэ адзін псіхапат”.

Акрамя таго, па версіі следства, Лянцэвіч напісала 4 каментары пра Лукашэнку.

Так, 23 мая 2021 года пад навіной тэлеграм-канала “Кулуары Kyky” пра пасадку самалёта Ryanair з Пратасевічам былі словы “фашыст”, “тэрарыст”, “псіхапат” і іншыя.

Таксама 24 чэрвеня 2021 года зноў пад навіной тэлеграм-канала “Кулуары Kyky” пра увядзенне санкцый супраць Беларусі пакінула паведамленне, якое гучала наступным чынам: "Здаецца, яго запалёныя фантазіі сталі відавочныя ўжо ўсім вакол і зблізу і здалёку. Але малпа з гранатай, вядома, небяспечная".

На судзе Алеся Лянцэвіч пагадзілася, што гэта яна рабіла данаты, аднак адпрэчыла  “экстрэмісцкія” матывы і абразы, прыпісаныя ёй абвінавачваннем. Пры гэтым, тэрмін даўніны па гэтым артыкуле даўно скончыўся.

Дзяржабвінавачанне на судовым пасяджэнні 21 верасня запрасіла для Лянцэвіч пазбаўленне волі тэрмінам на чатыры гады.

Алеся Лянцэвіч прызнала сябе вінаватай толькі па адным з трох артыкулаў, па артыкуле 368 Крымінальнага кодэкса. Пры гэтым звярнула ўвагу суда на тое, што ў апошнія два гады ніяк не ўдзельнічае ў грамадска-палітычнай дзейнасці і не пакідае ніякіх каментароў у Інтэрнэце, у тым ліку праз стан здароўя.

У Алесі падазрэнне на цяжкае захворванне, якое ў месцах пазбаўлення волі ні дыягнаставаць, ні нармальна лячыць будзе немагчыма. Значыць, рэзка павышаюцца рызыкі для жыцця.

Аднак суд пастанавіў пакараць Лянцэвіч пазбаўленнем волі тэрмінам на тры гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Падтрымайце Алесю паштоўкай альбо лістом: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Алеся Уладзіміраўна Лянцэвіч.

Крыніца: Псіхалагіню Алесю Лянцэвіч, якая мае праблемы са здароўем, пакаралі пазбаўленнем волі