25.09.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, умовы ўтрымання, катаванні, гісторыі вязняў 36-гадовага мінчука, які адзін выхоўвае дачку, Дзяніса Князева ў канцы 2022 года асудзілі да трох гадоў "хатняй хіміі" за ўдзел у пратэстах. Нядаўна "Вясна" распавядала яго гісторыю затрымання "па даносе". Аднак у крымінальна-выканаўчай інспекцыі за чатыры месяцы яго забыліся паставіць на ўлік. У красавіку гэтага года яго зноў затрымалі на 30 дзён нібыта за "парушэнне рэжыму адбыцця пакарання". Пры гэтым, на ўлік яго паставілі толькі на 29-я суткі арышту. Былы палітвязень нават напісаў вялікі аповед пра свой пераслед (мабільная і кампутарная версія). "Вясна" перадрукоўвае маналог былога палітвязня Дзяніса Князева пра ўмовы ў ізалятары часовага ўтрымання Мінскага раёна вясной 2023 года.
"Чаму табе далі "хатнюю хімію", а не калонію?"
Аднойчы я прыехаў раніцай да маці дадому ў госці. Пагутарыў, папіў каву. Сабраўся ў офіс, але на выхадзе з пад'езда на мяне накінуліся невядомыя ў цывільным адзенні з крыкамі, што я тэрарыст і пайду па тэрарыстычным артыкуле. Я ўвогуле не разумеў, што адбываецца. Мне зашпілілі кайданкі і павялі галавой долу ў нейкую машыну. У машыне мяне пачалі абражаць і зневажаць. Але я нічога не адказваў, бо на хамства я не рэагую. Я толькі адказваў далікатна і тактоўна, калі нешта было няпраўдай. У выніку праз 30 хвілін язды людзі ў машыне пачалі абзываць мяне "катом Леапольдам". Мы прыехалі ў РАУС Мінскага раёна. Мяне высадзілі, а самі людзі адышлі ў альтанку на 5-10 метраў і пачалі паліць. Адначасна яны казалі адзін аднаму, што ўзялі звычайнага чалавека, а думалі, што будзе нейкі рэцыдывіст. Яны абражалі мяне, а потым дадавалі, што я нейкі "ветлівы немец". Напэўна, яны хацелі мяне справакаваць. У выніку яны здаліся з сваімі роспытамі. Адвялі мяне на трэці паверх у свой кабінет. Раздрукавалі дакументы і пачалі здзіўляцца, што мне выпісана 30 дзён арышту. Я толькі не разумеў – чаму так шмат. І запытваў, ці можна іх зменшыць да 10-15 сутак. Але я ўсё роўна не разумеў, за што. Мне толькі адказвалі, што самі не разумеюць, што гэта не яны вырашаюць. Мне сказалі, што арышт быў выпісаны пракурорам.
"Нас пераконвалі, што мы ўсе згніем у турмах". Гісторыя былога палітвязня Дзяніса Князева
Далей мне адшпілілі кайданкі. Спыталі, ці ёсць рэчы з сабой. Я адказаў станоўча. Яны паведамілі, што мне тады трэба патэлефанаваць сваякам, каб яны гэта ўсё забралі, бо ў ІЧУ Менскага раёна нічога з сабой браць нельга. У хуткім часе прыехалі сваякі, мне зноў начапілі кайданкі, я аддаў свае рэчы і толькі паспеў у сваякоў папрасіць прабачэння і сказаць, што мяне зноў "закрываюць" на 30 сутак. Мяне адвялі на першы паверх у кабінет, дзе сядзелі жанчыны-міліцыянткі. Гэта былі інспектаркі, што займаюцца ўлікам людзей. Мне сказалі сесці на крэсла, сталі адразу абражаць і зневажаць. Пыталіся, навошта я хадзіў на пратэсты. Казалі, што тое, што мне далі абмежаванне волі, а не пазбаўленне – гэта памылка. Яны казалі: "Чаму табе далі "хатнюю хімію", а не калонію?" Я толькі думаў пра сябе, што тое, што вам далі такую працу – гэта памылка. Мае думкі былі: "Чаму вам далі такую працу, а не калонію?" Далей яны казалі, што я павінен рыхтавацца да таго, што хутка паеду ў лагер. Што мне дадуць два гады. Што знайшлі яшчэ пяць маіх фотаздымкаў. Што я дрэнны бацька і г. д. Што яны запраўляюць службовыя машыны і марнуюць паліва на тое, каб ездзіць затрымліваць і правяраць такіх, як я. Я толькі думаў пра сябе: "Так не ездзіце, не затрымлівайце і не правярайце". Што міліцыя выдаткоўвае 15% сваіх падаткаў на тое, каб субсідаваць нашы жыллёва-камунальныя плацяжы. Я таксама ў думках з гэтым быў не згодны.
Увогуле, я проста маўчаў на ўсе гэтыя нападкі, бо не бачыў сэнсу нават пачынаць нейкую гутарку, тым больш з такой безліччу хамства і мацюкоў. Калі яны скончылі мяне вінаваціць, я толькі сказаў адно: што ў такім тоне са мной размаўляў толькі адзін чалавек з майго атачэння – мая былая дзяўчына. І далей ад міліцыянтак зноў пасыпаліся пагрозы і мат.
Далей гэтыя інспектаркі пачалі здзіўляцца, чаму мне выпісана так шмат сутак. Казалі, што нічога зрабіць з памяншэннем колькасці сутак не могуць і г.д. Пасля мяне адвялі адкатаць адбіткі пальцаў. Потым я ледзь адмыў рукі ад гэтых чарнілаў. А пасля павялі ў ІЧУ – яго будынак быў за 20 метраў ад РАУС. Мяне перадалі дзяжурнаму міліцыянту. Пры праглядзе дакументаў ён толькі са здзіўленнем спытаў: "Ты ведаеш, калі ты выходзіш?" Я сказаў з уздыхам, што, так – 12-га траўня. Я бачыў, што ён быў таксама здзіўлены колькасцю сутак. Потым мяне зноў прымусілі цалкам распрануцца, прысесці і апрануцца.
"Мы доўга гэта будзем трываць? Доўга!"
Мяне адвялі ў камеру на два месцы. За час майго знаходжання ў камеры амаль увесь час было каля сямі-дзесяці чалавек. ІЧУ Мінскага раёна вельмі нагадвае Акрэсціна.
- Мясцовыя зняволеныя – добрыя і інтэлігентныя беларусы. Тут я ўбачыў настаўнікаў, студэнтаў, праграмістаў, дактароў, бізнесменаў, індывідуальных прадпрымальнікаў, інжынераў, кіроўцаў г.д. Мы часта нешта абмяркоўвалі, распавядалі адзін аднаму гісторыі, гулялі ў словы, у гульні на развіццё ўяўлення і г. д. Падтрымлівалі адзін аднаго. Дзяліліся вопытам па момантах на працы.
- Мясцовыя супрацоўнікі – звычайныя міліцыянты, але ўжо без масак, твары яны свае не хавалі – можа праз тое, што ўжо заплямілі сваю рэпутацыю, і ім было ўсё адно. Гэтыя супрацоўнікі зноў жа, пастаянна папракалі, асуджалі і абражалі людзей у камерах, яны грубілі і часта казалі жудасныя і зневажальныя словы пра тых, хто знаходзіцца ў камерах. Праверкі былі штодзень, але толькі раніцай. І адзін раз у пятніцу ўвечары, але не кожны тыдзень. Падчас такіх праверак людзям трэба было выйсці з іх клетак і ўстаць каля сцяны. Рукі трэба было трымаць проста ззаду. Ніякіх расцяжак, глядзець можна было па баках. Супрацоўнікі штодня нас абшуквалі, незразумела навошта. Таксама металадэтэктарамі, якія наўрад ці былі рабочымі, правяралі падэшву нашага абутку. Выглядала гэта ўсё накшталт паказальнай справаздачы на відэакамеры. Сядзець на ложках днём забаранялася. Калі хтосьці пра гэта забываў, то адразу прылятаў міліцыянт і пачынаў лаяцца матам, каб чалавек устаў альбо сеў на падлогу, альбо каля прыбіральні. Гэта было свайго роду паказальным прыніжэннем. Таксама маглі ўсіх прымусіць стаяць палову дня. Усе ложкі ў камерах драўляныя з металічным апраўленнем. Матрацы і пасцельныя прыналежнасці не выдавалі. Мы таксама не атрымлівалі пасцельную бялізну. Кожны спаў у сваім адзенні.
- З асабістых рэчаў дазвалялі толькі зубную шчотку, зубную пасту, ручнік і пару зменных майткоў і шкарпэтак. Таксама дазвалялі курткі – у іх усё і спалі. Спалі прама на падлозе, падкладаючы пад галаву то абутак, то ручнікі, то ніжнюю бялізну. На гэтых двух ложках таксама можна было спаць, але іх было ўсяго два. Спалі на іх па чарзе па некалькі чалавек.
- Не дазвалялася ніякіх прадуктовых перадач і лекаў. Ніякіх дактароў не было. Можна было толькі паклікаць міліцыянта, які мог выдаць пігулкі, калі рабілася сапраўды блага.
- Людзям не дазвалялі выходзіць на шпацыры (у мясцовы дворык), каб падыхаць свежым паветрам. Курцам цыгарэтаў таксама нельга было.
- Мыцца не вадзілі, у душ не выводзілі.
- Усе людзі проста сядзелі на падлозе з пастаянна ўключаным святлом, што не выключалася нават ноччу. Дадаткова ноччу будзілі па чатыры-пяць разоў, б'ючы дубінкамі ў дзверы, прымушалі падымацца і падыходзіць да дзвярэй, каб назваць свае дадзеныя – то артыкул, то прозвішча, імя і імя па бацьку, то дзень нараджэння. Спаць некаторым было вельмі цяжка, многія не высыпаліся і былі ў стрэсе. Дадаткова штораніцы і кожны вечар перад сном уключалі гімн. Скажу, што гэта ніяк не спрыяла яго ўспрыманню. Наадварот, гімн усе ўспрымалі вельмі негатыўна і як катаванні. Звычайна ўсе ўвечары падчас гімна ўставалі ў шарэнгу і спрабавалі яго перакрычаць словамі: "Мы доўга гэта будзем трываць? Доўга!"
- У кожнай камеры была рукамыйніца і кран, у якім толькі халодная вада. Таксама ў кожнай камеры была дзірка ў падлозе з яшчэ адным кранам, якія працавалі ў якасці прыбіральні. Гэта ўсе выгоды, што былі. Прасіць у камерах можна толькі мыла, туалетную паперу і ключ ад акна, каб адкрыць яго на праветрыванне. Прасіць такое кожны дзень для нас было прыніжэннем.
- Мясцовая ежа была жудасная. Людзі тут галадалі. На сняданак давалі розную кашу: аўсянку, манку або сечку. На абед – розныя супы, такія як боршч, гарохавы суп, капуста або бульбяны суп. Таксама на абед давалі другое: бульбу з паловай сасіскі, кіслую капусту ці макарону з каўбасой. На вячэру – зноў бульба з паловай сасіскі, кіслая капуста ці макарона з каўбасой. Адзін раз на тыдзень выдавалі яйка і катлету. Адзін раз у два тыдні давалі рыбу. Ніякага малака, ніякіх садавіны і агародніны і г.д. Кожны дзень даюць бохан хлеба. Таксама людзі атрымлівалі па траціне кубачка гарбаты адзін раз у дзень на сняданак. Часам вечарам вельмі рэдка выдавалі кампот або кісель. Ежы не хапала. Людзі елі ўсё запар праз што ў многіх былі праблемы з жыватом.
"Здавалася, што больш небяспечныя для дзяржавы каментатары, а не пратэстоўцы"
Калі я быў на Валадарцы, са мной побач былі людзі, што сядзелі па многіх палітычных артыкулах, але не было чамусьці каментатараў... Дакладней, быў адзін, але яго потым хутка забралі, пасля доўга шукалі, куды ён знік. Але цяпер не пра гэта. І толькі тут, на ІЧУ Мінскага раёна, я зразумеў, што ўсе людзі з каментарамі і абразамі ў інтэрнэце ўтрымліваліся на Жодзіна. Потым іх адтуль прывозілі сюды, дзе яны сустракаліся са следчымі і адвакатамі. Таксама іх адсюль вазілі на суды. Такім чынам я змог пазнаёміцца з яшчэ вялікай колькасцю цікавых і добрых людзей. І не разумеў, чаму іх аддзяляюць ад нас. Людзі з Жодзіна распавядалі, што там вельмі шмат каментатараў і наадварот амаль няма пратэстоўцаў (паводле майго 342-га артыкула). Таксама амаль усім каментатарам давалі па тры-чатыры гады калоніі, за нейкія 10-15 каментароў у інтэрнэце. А вось пратэстоўцам, амаль усім, наадварот, давалі абмежаванне без накіравання на два-тры гады ("хатнюю хімію"). І мы ўсе здзіўляліся: падавалася, што больш небяспечныя для дзяржавы каментатары, а не пратэстоўцы.
Палову месяца я ўвесь час і ўпарта прасіў вывесці нас на шпацыр, завесці ў душ, паведаміць пра мяне сваякам, павіншаваць маю дачку з днём нараджэння, але неўзабаве зразумеў, што абяцанні міліцыянтаў з'яўляюцца толькі адгаворкамі і хлуснёй. Я быў здзіўлены, што нават начальнік і намеснік начальніка ІЧУ згаджаліся, а потым нічога не выконвалі. Нам казалі, што дворыка няма, потым, што дворык на рамонце. Хоць пры гэтым штодня звычайных (не палітычных) затрыманых людзей вадзілі ў дворыкі па некалькі разоў – мы гэта выдатна чулі.
Таксама было і з душам – для нас ён то адсутнічаў, то быў зламаны, то там не было гарачай вады. Таксама на ранішніх праверках я казаў, што мне далі 30 сутак па нейкай памылцы, бо ў мяне нават улік яшчэ не пачаўся, прасіў супрацоўнікаў праверыць. Але ў адказ атрымліваў толькі абразы, альбо сцвярджэнні, што мяне ўжо паставілі на ўлік, альбо тое, што я павінен радавацца, што мне далі 30 сутак, а не 60, бо цяпер па іх распараджэнням такім людзям, як мы, могуць даваць і адразу 60 сутак запар.
"У ноч на 9-е траўня нам вырашылі зладзіць катаванні холадам"
Кожны дзень раніцай у сем гадзін выдавалі гель для ўнітаза і парашок (нейкая хлорка) для ракавіны. На Акрэсціна такога не было. Адчынялася акенца ў дзверы, і гэтыя дзве пластыкавыя тары ставілі на маленькае падваконне, якое фармавалася гэтым адкрытым акенцам. Мы імі карысталіся штодня, бо імкнуліся мінімізаваць антысанітарыю. Адразу пасля выкарыстання гэтыя сродкі забіралі. Але перыядычна, раз ці два на тыдзень, выдача сродкаў ператваралася ў здзек і катаванні. Замест таго, каб паставіць сродкі на міні-падваконне, дзяжурны міліцыянт прасоўваў у камеру руку з хлоркай і пачынаў трэсці сродак у розныя бакі. Ён сыпаў яго на падлогу, на сцяну, на ракавіну, прыбіральню (дзірку ў падлозе) і г.д. Стаяў шчыльны слуп хлоркі ў паветры. І адразу хутка рука прыбіралася, гель для ўнітаза, вядома ж, не выдаваўся, а акенца ў дзверы хутка зачынялася. Бывалыя людзі адразу раілі пачаткоўцам дыхаць праз вопратку ў рукавы. Мы спрабавалі хутка ўсё прыбраць, каб гэтым не дыхаць. Бо кожны дзень выдавалі гэтыя сродкі – ніякіх прусакоў і блашчыц у камеры не было. Венік і шуфлік выдавалі па запыце. І ў камеры таксама была нейкая ануча з тазікам для падлогі.
У ноч на 9-ае мая нам вырашылі зладзіць катаванні холадам. Ноччу адчынілі ўсе акенцы ў дзвярах у камеры, уключылі на максімум вентыляцыю і адчынілі ўсе дзверы ў калідоры. На вуліцы было вельмі холадна. Мы ўсе думалі, што проста папруцянеем ад холаду. Дадаткова кожныя паўгадзіны дзяжурны міліцыянт прабягаў па калідоры і лупіў з усёй сілы дубінкай і нагамі ў дзверы. Таму мы дрыжалі і прачыналіся. Некаторыя людзі на трэці раз ужо проста вырашылі не класціся і не спаць. Калі мяне клікалі да акенца ў дзверы – я запытваўся, навошта яны гэта ўсё робяць, бо гэта самыя сапраўдныя катаванні. На што мне адказвалі, што нам не варта было выходзіць на вуліцы ў 2020-ым годзе, што ў іх такія распараджэнні. Я пытаўся, што будзе, калі ім скажуць, каб нас перасталі карміць – але супрацоўнікі адказвалі, што будуць выконваць. І іх не будзе хваляваць, што мы будзем галадаць.
"Калі на праверках дзяўчаты размаўлялі на беларускай мове – міліцыянты здзекаваліся і пасмейваліся з іх"
За сценкай была такая ж камера, як у нас, але там сядзелі жанчыны па палітычных матывах. Мы з імі размаўлялі. Таксама была вялікая палітычная камера насупраць – там сядзела чалавек 20 па адміністрацыйцы за палітыку. Зразумелі мы гэта па тым, што ноччу будзілі толькі нашу камеру і тыя дзве. Чутныя былі слёзы і крыкі дзяўчат, а таксама просьбы людзей сталага веку. Калі на праверках выходзілі дзяўчаты і размаўлялі з міліцыянтамі на беларускай мове – міліцыянты здзекаваліся, жартавалі і пасмейваліся з іх беларускай мовы. Таксама былі чутныя знявагі.
Памятаю, быў такі выпадак, калі не працавала ацяпленне, было холадна, дзяўчаты з суседняй палітычнай камеры нейкім чынам выпрасілі матрац, бо на падлозе было невыносна халодна спаць. І вось падчас чарговай ранішняй праверкі дзяўчаты на беларускай мове сталі прасіць міліцыянтаў выдаць ім коўдры. Былі чутныя нават слёзы. У выніку пачаліся крыкі і пагрозы з боку міліцыянтаў. Потым мы пачулі, як падышоў начальнік ІЧУ. Ён іх выслухаў і абыякава сказаў: "Добра, дайце ім адну коўдру, а матрац у іх забярыце". Дарэчы, пра рэдкую выдачу кампоту і кісяля. На самай справе мы за месяц узялі яго толькі раз. Справа была ў прыніжэнні. Зрэдку прапаноўвалі, але пры гэтым выдавалі вельмі брудныя талеркі (так, менавіта ў талеркі нам прапаноўвалі наліваць кампот і кісель, не ў кубачкі). Г.зн. мы павінны былі прыняць брудныя талеркі, паспець вельмі хутка іх абмыць, а далей ужо ў іх налівалі кампот або кісель. Але талеркі да таго ж былі яшчэ і тлустыя, а ў камеры была толькі халодная вада – вымыць іх было проста нерэальна. І вось мы адзін раз узялі такім чынам ці то кампот, ці то кісель. А далей проста ў ступары стаялі і глядзелі на гэтыя талеркі з напоем і тлушчавымі разводамі... У выніку паўздыхалі і пайшлі дружна ўсё выліваць у дзірку ў падлозе. Я асабіста бедаваў, што нават у маіх гадаванцаў (у мяне котка, шыншыла, пяць хамякоў, два дэкаратыўныя трусы і пявучы папугай) міскі чысцей, чым нашы талеркі…
Быў таксама выпадак, калі да нас у камеру заехалі студэнты за тое, што ў іх былі кубачкі з "Пагоняй" на працы – абвінавачванне было такое: "пікетаванне ў грамадскім месцы". У выніку дзяжурныя пастаянна з іх здзекаваліся. Я не вытрымаў і пайшоў тлумачыць ім, што "Пагоня" з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, што БЧБ-сцяг дагэтуль не экстрэмісцкі і г.д. Не мог больш слухаць тое, што ўсё вакол забаронена. У выніку праз пяць хвілін да нас прыйшоў начальнік ІЧУ і спытаў, хто казаў пра бел-чырвона-белае. Я сказаў, што гэта быў я, і паспрабаваў яму нешта сказаць, але мне было сказана маўчаць і ехаць у Польшчу, каб там махаць сваёй "чырвона-белай анучай". І што калі я яшчэ хоць нешта скажу, то да нас падкінуць сем бяздомных. У выніку да нас закінулі толькі аднаго алкаголіка. З якім што робяць такія інтэлігентныя людзі, як мы? Вядома ж размаўляюць і спрабуюць паставіць на шлях праўдзівы. Гэта я да таго, што міліцыянты не чакалі, што мы з ім будзем мець зносіны і гуляць у гульні ў словы. Дарэчы, чалавек быў у мінулым пекарам і распавядаў нам шмат цікавых гісторый са сваёй прафесіі. Таксама яшчэ памятаю двух супрацоўнікаў, з якіх мы ўвесь час жартавалі праз тое, што яны з нас здзекаваліся. Гэта быў свайго роду супраціў. Мы ўвесь час прасілі іх то мыла, то туалетную паперу, то нешта перадаць, то нешта аддаць, то ключ ад акна, каб яго зачыніць, а потым праз 15 хвілін, каб яго закрыць. І так па колу. Мне гэта нават падабалася. Але я ўсім казаў, што не магу зразумець, як на такой працы, якую яны выбіраюць, можна працаваць.
Усе дзяжурныя міліцыянты, што збольшага працавалі ў калідоры, пастаянна мелі зносіны са звычайнымі камерамі, у якіх сядзелі людзі не па палітычных артыкулах. Міліцыянтам падабалася лаяць іх мацюкамі, жартаваць, яны з імі дзяліліся кантактамі, цыгарэтамі і нават называлі адзін аднаго сябрамі. Гэта значыць нармальнымі для міліцыянтаў былі ашуканцы, злодзеі, хуліганы і г.д. Да нашых палітычных камер супрацоўнікаў было не дазвацца. А вечарамі і начамі пастаянна каля нашай камеры праводзіліся нейкія экскурсіі, падчас якіх адкрываліся вочкі ў дзвярах, і нейкія людзі распавядалі пра нас, называлі нас "асаблівымі". Таксама людзі за дзвярыма выказвалі абурэнне, як можна спаць на падлозе і харчавацца тым, чым нас кормяць. Заставалася толькі здагадвацца, хто былі тыя людзі.
Мы ўвесь час банальна не ведалі, колькі было часу, бо на такія пытанні нам альбо не адказвалі, альбо ўвесь час са здзекам называлі час з галавы, альбо проста коратка адказвалі: "сёння". Гадзіннікаў ні ў каго не было, ды і яны не дазваляліся там.
"Глядзелі праз вочка, каб ніхто не лёг спаць раней, чым скончыцца гімн"
Неяк увечары ўсе загадзя падрыхтаваліся спаць – памыліся і пачысцілі зубы. І проста чакалі адбою. І раптам уключылі гімн. Адзін чалавек па-хуткаму залез на верхні ложак і лёг. Астатнія яшчэ нешта абмяркоўвалі. І ў гэты момант міліцыянт вырашыў праверыць, што адбываецца ў нас у камеры. Ён адкрыў вочка і ўбачыў, што адзін чалавек ужо лёг і падрыхтаваўся да сну. Гэты супрацоўнік са злосцю расчыніў акенца ў дзверы, прасунуў руку з гумовым дручком і, неяк спрабуючы дастаць таго чалавека, які ўжо ляжаў на ложку, пачаў размахваць ім і крычаць, каб той устаў і слухаў гімн. А таксама нам прыгразілі, што мы паўночы будзем не спаць. Мы проста былі ў шоку ад таго, што гэта было. Далей мы доўга смяяліся і выказвалі здагадкі, што ж робяць паставыя і дзяжурныя міліцыянты падчас гучання гімна на калідоры. Пасля гэтага выпадку кожны вечар падчас гучання гімна на нас пастаянна глядзелі праз вочка, каб ніхто не лёг спаць раней, чым скончыцца гімн. Гэта было дзікунствам.
Таксама была гісторыя, звязаная з двух'ярусным ложкам у нашай камеры. На яго не дазвалялі нават прысаджвацца, не тое, што сядзець. Але людзі ўсё роўна ішлі ў разрэз з рэжымам і незразумелымі правіламі. Адзін з нас сеў на ложак. У гэты час адкрылася вочка, потым адчынілася акенца ў дзверы, і міліцыянт пачаў крычаць, каб той чалавек устаў. Чалавек вельмі павольна пачаў уставаць з ложка. Далей міліцыянт спытаў, чаму той сядзіць. Чалавек адказаў, што проста стаміўся стаяць і вырашыў перадыхнуць. Міліцыянт усклікнуў: "А мне што тады зрабіць?" І чалавек адказаў: "Масаж". Усе проста пакаціліся са смеху. Міліцыянт раз'юшыўся і пачаў пагражаць і абражацца таго чалавека. Але чалавек проста паглядзеў на яго, паслаў і адвярнуўся. Міліцыянт прыйшоў у лютасць. Пачаў крычаць на калідоры нешта. Далей акенца ў дзверы зачынілася. А праз 10-15 хвілін у нашу камеру адчыніліся дзверы – там ужо стаяў дзяжурны міліцыянт, той міліцыянт і яшчэ адзін. Дзяжурны дастаў гумовую дубінку і крыкнуў: "Каму тут зрабіць масаж?" Але з нас ніхто нічога не адказаў. Потым мы сталі сцвярджаць, што ніхто такога не казаў. Далей дзяжурны міліцыянт спрабаваў агледзець з дапамогай свайго калегі, дзе ж той чалавек, які гэта ўсё казаў. Але адбылася замінка – яны не памяталі, хто гэта быў. У выніку дзяжурны міліцыянт паказаў пальцам на першага чалавека, які трапіў у нашай камеры і спытаў: "Гэта ты паслаў майго калегу?" Але чалавек адказаў: "Не, навошта мне гэта трэба?" Па нашых тварах пракацілася ўсмешка. Гэта сапраўды быў неспадзяванка, і нам стала смешна. Міліцыянты выглядалі зусім па-дурному, але яны не разумелі гэтага. У выніку дзверы злосна зачынілі, а мы пачалі смяяцца і віншаваць таго чалавека, які паведаміў, што, маўляў, навошта яму гэта было трэба. Насамрэч гэта было трэба ўсім.
Яшчэ памятаю выпадак, як у нас забралі і выкінулі ўсе нашы курткі на падлогу ў агульным калідоры. Праблема была ў тым, што ў камеры быў кручок для куртак, але ён быў зламаны, і нам давялося скласці курткі на ложку... У выніку начальнік ІЧУ нічога не хацеў чуць пра зламаны кручок і проста крычаў, каб у нас ва ўсіх забралі курткі. Іх дэманстратыўна пры ім выкінулі на калідор і па іх патапталіся. Відаць, у яго проста быў дрэнны настрой. Балазе, на наступны дзень мы іх усе змаглі падняць з падлогі ў агульным калідоры, бо прыйшла прыбіральніца і пачала скардзіцца міліцыянтам, маўляў, як ёй памыць падлогу, калі па ёй раскіданыя курткі.
На 29-ы дзень майго арышту да мяне прыйшла інспектар з міліцыянтамі. Яна паставіла мяне на ўлік, а таксама прымушала падпісаць паперы па новых артыкулах. Пагражалі мне тым, што дачку забяруць у прытулак і я больш ніколі не ўбачу яе. Што мяне адправяць на месяц на лячэбна-псіхіятрычную экспертызу (у "Навінкі"). Што я адсюль не выйду яшчэ месяц. Што я адразу пайду ў калонію. Адначасна мяне абражалі і прыніжалі. Я ніяк не рэагаваў, спрабаваў толькі растлумачыць, што я звычайны чалавек і што вельмі люблю сваю дачку. У выніку ўсё скончылася тым, што мне сказалі "замкнуцца" і пісаць, што я адмаўляюся ўсё падпісваць. Момант быў вельмі напружаным. Я нават не разумеў, што будзе далей. Але далей мяне проста адвялі ў камеру са словамі, што цяпер я стаю на ўліку. Таксама смяяліся, што пакуль у мяне парушэнняў па адбыванні няма. А я толькі хацеў спытаць, чаму я тады сяджу тут 30 сутак, але вырашыў апусціць гэтае пытанне. Не хацелася яшчэ атрымаць вядро бруду ў свой адрас і дадатковыя суткі.
"Калі застануся, мяне чакае калонія, страта здароўя, зубоў, нерваў, часу..."
Усім людзям, якія адбывалі суткі ў ІЧУ Мінскага раёна, пад канец іх тэрміну адбыцця прыносілі квітанцыі аб аплаце. Кожныя суткі каштавалі нешта каля 30-ці рублёў. Мы яшчэ жартавалі над сумай, бо не разумелі, адкуль яна бярэцца, бо кармілі нас вельмі кепска. Мы меркавалі, што ў гэтую суму за дзень таксама ўваходзіць ацяпленне, якога няма, халодная вада і электрычнасць. Але толькі мне з усіх людзей квітанцыю так і не прынеслі. І я пачаў пра яе пытацца, бо ўжо зусім хутка падыходзілі мае 30-я суткі. Дзяжурныя запэўнівалі мяне, што хутка яе раздрукуюць і прынясуць. Але ў выніку я яе так і не атрымаў.
Прайшлі 30-ыя суткі. І мяне выпусцілі з ІЧУ Мінскага раёна. Дзяжурны мяне вёў па калідоры без кайданкоў, а я пытаўся ў яго пра плацёжку за суткі. У выніку ён спыніўся за дзвярыма ў зацішным месцы і ціха мне паведаміў, што калі мяне затрымлівалі – у мяне быў адзін артыкул, калі я сядзеў 30 сутак – артыкул змянілі, а цяпер мяне выпускаюць ужо па трэцім артыкуле, які не мае на ўвазе аплаты за суткі. Я гэтаму вельмі быў здзіўлены. Далей я выйшаў з будынка, сустрэўся са сваімі блізкімі і сябрамі. Патэлефанаваў па нумарах, якія мне паведамілі затрыманыя людзі з ІЧУ Мінскага раёна. Паведаміў іх родным умовы ўтрымання і сказаў, што з іх блізкімі, якіх затрымалі, усё ў парадку. Потым папіў каву ў маці з думкамі, чаму я павінен з'язджаць, а не яны. Нарэшце, памыўся, пагаліўся і пастрыг пазногці. Я разумеў, што калі застануся, то мяне чакае калонія, страта здароўя, зубоў, нерваў, часу... І я вырашыў збірацца з'язджаць…
Крыніца: "Гэта было пэўнага кшталту паказальным прыніжэннем". Мінчук распавёў пра ўмовы ў ІЧУ Мінскага раёна