25.09.2023 Тэгі: ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25 верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Чарговае затрыманне ў Лідзе
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа» з жыхаром Ліды Паўлам Клімашэўскім.
Ён быў затрыманы нібыта за тое, што ўдзельнічаў у «экстрэмісцкіх» Telegram-чатах, адтуль адпраўляў рэпосты сябрам, а таксама размяшчаў «экстрэмісцкія» матэрыялы ў сваіх сацсетках, піша "Суды, задержания. Гродно и область".
Затрыманне ў Кобрыне
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», раніцай 25 верасня затрымалі мясцовага жыхара. Крыніца, знаёмая з сітуацыяй, распавяла, што апошнім часам пад увагай і прэсінгам сілавікоў знаходзяцца ўсе затрыманыя падчас прагляду тэатра лялек «Батлейка» ў аграсядзібе «Стулы».
«Апошнім часам іх пачалі жорстка прэсаваць».
Крыніца: Новыя факты палітычнага пераследу беларусаў 25 верасня