25.09.2023 Тэгі: грамадства, палітвязні, праваабаронцы, салідарнасць Асобы: Алесь Бяляцкі У Віленскай прагімназіі імя Сымона Даўкантаса ў Дзень народзінаў Алеся Бяляцкага (25 верасня) прайшла сустрэча з мясцовым школьнікамі. Яе правяло Міністэрства замежных справаў Літвы ў падтрымцы праваабарочага цэнтра “Вясна”. Менавіта на будынку гэтай прагімназіі раней была створана фрэска з выявай Алеся  Бяляцкага.

ales-bialacki_freska.jpg
Фрэска з выявай Алеся Бяляцкага на будынку Віленскай прагімназіі імя Сымона Даўкантаса

Чаму для літоўскіх школьнікаў важна ведаць пра Алеся Бяляцкага і сітуацыю ў Беларусі, распавяла пасол па асаблівых даручэннях Аста Андрыяўскене:

2023-09-25_asta-andryjauskene.jpg
Пасол па асаблівых даручэннях Аста Андрыяўскене

"Літва — эта краіна свабоды. Мы самі мелі вельмі складаны і няпросты шлях да аднаўлення незалежнасці, да барацьбы за свабоду. Таму я думаю мы лепш, чым хто небудзь, разумеем сітуацыю ў Беларусі. І я думаю, што мы таксама зацікаўленыя ня менш, чым людзі ў Беларусі, у тым, каб у нас па суседзтве была свабодная, незалежная, надзейная краіна. Гэта наш інтарэс таксама. Дзеці гэта добра разумеюць", — адзначыла пасол.

Аташэ па стратэгічнай камунікацыі Юліус Мітэ звярнуў увагу дзяцей на тое, што Беларусь знаходзіцца зусім блізка ад Літвы:

2023-09-25_julius-mite.jpg
Аташэ па стратэгічнай камунікацыі Юліус Мітэ

"Да мяжы ўсяго 30 кіламетраў, і ў Беларусі ў зняволенні ёсць і падлеткі за тое, што змагаліся за дэмакратыю, за правы чалавека. Таму для нас мае надзвычайнае значэнне дапамагаць і падтрымліваць, наколькі гэта магчыма".

Напрыканцы дзеці паўдзельнічалі ў віктарыне з пытаннямі пра праваабарончы цэнтр “Вясна” і асобу Алеся Бяляцкага.

А таксама дезцям было прапанавана напісаць ліст з пажаданнямі Алесю Бяляцкаму на адным вялікім аркушы.

"Алесь, на сцяне нашай школы ёсць Ваш партрэт, і я гэтым вельмі ганаруся", — напісаў адзін з вучняў прагімназіі.

"Дзеці казалі, што ім было вельмі цікава, і я глядзела, што яны пісалі і малявалі: гэта і снегавік з чырвоным шалікам, і памідоры са смятанай — значыць яны пачулі тое, што было расказана, і гэта адбівалася ў гэтых малюнках і пажаданнях, — падзялілася Аста Андрыяўскене . —  Вельмі многія жадалі свабоды. Тое, што яны адчуваюць салідарнасць з тымі людзьмі, якія цяпер у турмах у Беларусі, гэта вельмі важна".

Крыніца: "Алесь, я вельмі ганаруся..." Літоўскія школьнікі павіншавалі Бяляцкага з Днём народзінаў