25.09.2023 Тэгі: праваабаронцы, умовы ўтрымання, справа Вясны, гісторыі вязняў Асобы: Алесь Бяляцкі Старшыні "Вясны" і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесю Бяляцкаму, асуджанаму да 10 гадоў калоніі за праваабарончую дзейнасць, 25 верасня спаўняецца 61 год. Іх ён сустракае ў калоніі строгага рэжыму ў Горках, працуючы на дрэваапрацоўцы. Былы палітвязень, які сустракаўся з Алесем Бяляцкім у СІЗА-1 у кастрычніку 2022 года, распавёў пра яго "Вясне". 

Алесь Бяляцкі на судзе
Алесь Бяляцкі на судзе

Каля двух тыдняў кастрычніка 2022 года былы палітвязень размаўляў з Алесем Бяляцкім кожны дзень. Праваабаронцу ўтрымлівалі ў двухмясцовай камеры на жаночым корпусе каля душавой. Паводле яго, большасць часу Алесь сядзеў адзін — часам да яго падсаджвалі людзей.

"Размаўлялі мы з Алесем на беларускай мове на розныя тэмы. Ён быў вельмі бадзёры і рашучы. Алесь казаў, што яму ўсяго хапае. Пра сваё заключэнне казаў, што гэта яго выбар і жыццё. Адзначаў, што яму ўжо 60 гадоў, жонка знаходзіцца ў бяспецы, а дзеці — дарослыя, таму яму ўжо няма чаго баяцца. Я яму вельмі ўдзячны, што ён усё гэта робіць з сумленнем і гонарам. Алесь цікавіўся навінамі наогул і ў прыватнасці пра Украіну, пра людзей у горадзе. Ён вельмі добразычлівы чалавек. Алесь шмат жартаваў. Калі я яму распавёў сваю гісторыю, то ён мне суперажываў, падтрымліваў мяне і казаў, што ўсё будзе нармальна. А я наадварот падтрымліваў яго і казаў, што ён робіць шмат для Беларусі.

На "Валадарку", калі хтосьці заязджае, то спрабуе расказаць усім апошнія праўдзівыя "экстрэмісцкія" навіны. Вось я так распавядаў усё Алесю.

Алеся ўвесь час выклікалі "на кабінеты" — ён знаёміўся з матэрыяламі крымінальнай справы. Ён казаў, што хацеў бы пачытаць справу на беларускай мове, але яму ў гэтым адмовілі. Алесь снедаў — яго адводзілі чытаць справу, потым прыводзілі на абед і на шпацыр, калі ён хацеў, пасля гэтага зноў да вечара чытаў крымінальную справу. У справе было каля 280 тамоў. Я ў яго спытаў, навошта ён гэта ўсё чытае. На што ён адказаў, што яму проста цікава, што пра яго прыдумалі. Алесь таксама адзначаў, што ён не паспявае чытаць усе гэтыя тамы".

Нагадаем, Алесь з калегамі быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года. Праваабаронцу абвінавацілі ў "кантрабандзе" і "фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і асудзілі да 10 гадоў калоніі. Бяляцкі не прызнаў віну ні па адным артыкуле, які ставіўся ў віну.

За гады сваёй дзейнасці Алесь быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі, ён з’яўляецца аўтарам некалькіх кніг, а ў мінулым годзе праваабаронца стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Гэта трэці, а ўлічваючы папярэдняе зняволенне, — ужо шосты, Дзень народзінаў, які Бяляцкі будзе сустракаць за кратамі.

Павіншаваць Алеся: ПК № 9, 213410, Горкі, Дабралюбава, 16, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

Крыніца: "Ён усё гэта робіць з сумленнем і гонарам", — былы вязень "Валадаркі" пра Алеся Бяляцкага