24.09.2023 Тэгі: грамадства, культура, праваабаронцы Манаграфія даследчыцы Таццяны Астроўскай “Культура і супраціў. Iнтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968-1988)” атрымала прэмію Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі ў намінацыі “Гісторыя. Манаграфіі”. Абвяшчэнне пераможцаў прайшло 24 верасня ў Гданьску.
Кніга была выдадзеная Праваабарончым цэнтрам “Вясна” ў 2022 годзе. Яе рэдактарам з'яўляўся зняволены на вялікі тэрмін праваабаронца Алесь Бяляцкі. Пераклад на беларускую мову ажыццявіў Алег Жлутка.
Навукова-папулярнае выданне ўяўляе сабой беларускі варыянт перапрацаванай і дапоўненай для шырокага кола чытачоў манаграфіі даследчыцы Таццяны Астроўскай “Cultural Dissent in Soviet Belarus (1968—1988). Intelligentsia, Samizdat and Nonconformist Discourses”, абароненай ва Ўніверсітэце Грайфсвальда, Германія. Аўтарка ахоплівае шырокі спектр інтэлектуальных тэмаў і дыскурсаў, акцэнтуючы ўвагу на "нон-канфармізме", або “культурным іншадумстве”. Тэма надзвычай важная і актуальная для разумення гістарычных працэсаў і тэндэнцый, якія праектуюцца і на сучасны этап развіцця незалежнай Беларусі.
Кніга “Культура і супраціў. Iнтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968-1988)” дасяжнае для чытання па спасылцы.
Крыніца: "Культура і супраціў..." уганараваная прэміяй Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі