22.09.2023 Тэгі: пераслед, ціск, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22 верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Журналісту Паўлу Падабеду пакінулі прысуд без зменаў
У Мінску ў чэрвені палітзняволенога журналіста і відэааператара Паўла Падабеда асудзілі да чатырох гадоў калоніі. Яму інкрымінавалі «стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» паводле ч. 3 арт. 364-1 КК. Справу разглядаў суддзя Яўген Пісарэвіч.
Падабеда абвінавацілі ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», а таксама ў падрыхтоўцы сюжэтаў для раследвальніцкіх праграм — у прыватнасці, пра знікненьне відэаапэратара Дзмітрыя Завадскага і забойства журналіста Паўла Шарамет.
Па інфармацыі @bajby, сёння Вярхоўны суд пакінуў прысуд палітвязня без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення. Рашэнне прымала судовая калегія пад старшынствам суддзі Юрыя Руткоўскага. Хутка Паўла перавядуць у калонію.
Падтрымайце палітвязня: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Паўлу Васільевічу Падабеду.
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 34 прозвішчы — сярод іх праўнук Якуба Коласа
22 верасня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці". Цяпер у спісе налічваецца 3324 чалавекі.
Сярод іншых, у спіс дадалі праўнука Якуба Коласа Мікіту Бруя, журналістку Ларысу Шчыракову, фігурантаў справы аб нападзе на амбасаду Беларусі ў Лондане Сяргея Рабушку, Аляксандра Напрэенку, Максіма Зуева і Вадзіма Багаўкова, музыку Мікіту Найдзёнава.
Сілавікі сцвярджаюць, што затрымалі праграміста EPAM з жонкай з фільма DELFI пра беларускія пратэсты
На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што працуе ў EPAM і мае вялікі заробак. Разам з жонкай яны «прызнаюцца» ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту — кадры з імі нібыта трапілі ў фільм DELFI пра беларускія пратэсты, так іх і знайшлі сілавікі.
Нагадаем, у ліпені на канале «RU Delfi Литва» быў апублікаваны фільм «Хронікі сучаснасці» Мікалая Мамінава пра беларускія пратэсты — у ім аўтары не хавалі твары пратэстоўцаў. Адразу пасля выхаду фільма ім зацікаваліся сілавікі і паабяцалі знайсці пратэстоўцаў.
У Гомелі затрымлівалі работнікаў банку
Затрыманні адбываліся ў галоўным філіяле Беларусбанку на вуліцы Фрунзэ напачатку бягучага тыдня. «Сілавікі» зладзілі дагляд смартфонаў работнікаў на працоўных месцах. Як мінімум тры работнікі не прайшлі «праверку», іх затрымалі.