21.09.2023 Тэгі: суды, палітвязні, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма У судзе Ленінскага раёна Гродна з 10 жніўня па 1 верасня разглядалі новую крымінальную справу супраць палітвязня Дзмітрыя Сушчыка. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы). Суддзя Наталля Козел прызнала Дзмітрыя вінаватым і прызначыла яму ў дадатак да паўтара года зняволення яшчэ адзін год і 15 дзён калоніі. Пры гэтым Дзмітрый павінен быў у жніўні выйсці на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, але быў перазатрыманы па новай справе і змешчаны пад варту.
Жыхара Навагрудку Дзмітрыя Сушчыка 17 лютага 2022 года затрымалі расійскія памежнікі, калі той спрабаваў выехаць з Беларусі. Праваабаронцам вядома, што пасля затрымання з ім праводзілі "допыт" у лесе, падчас якога ўжывалі псіхалагічны і фізічны гвалт. Ужо праз месяц Дзмітрыя асудзілі паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў) на паўтара года калоніі.
Жыхару Навагрудка, які перажыў "допыт" у лесе, запіс "пакаяльнага" відэа і экстрадыцыю, прысудзілі 1,5 гады калоніі за абразу Лукашэнкі і апаганьванне герба і сцяга
Тэрмін палітвязень адбываў у аршанскай калоніі № 8, дзе адразу па прыбыцці на яго пачалі ціснуць: змяшчалі ў ШІЗА, а потым перавялі ў ПКТ. На пачатку верасня 2022 года ў Оршы адбыўся суд па ўзмацненні рэжыму палітвязню. Па рашэнні суда Дзмітрыя перавялі на турэмны рэжым і накіравалі ў гродзенскую турму № 1. Па прыбыцці туды яму адразу былі выпісаныя два парушэнні і змясцілі ў ШІЗА.
Тэрмін адбыцця пакарання ў Дзмітрыя сканчваўся 18 жніўня, але ён застаўся пад вартай у межах новай крымінальнай справы.
У судзе Ленінскага раёна Гродна 10 жніўня 2023 года над палітвязнем распачаўся суд паводле арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы). Справу разглядала суддзя Наталля Козел.
Ужо 1 верасня суд прызначыў прызначыў яму ў дадатак да паўтара года калоніі яшчэ адзін год і 15 дзён пазбаўлення волі.
Падтрымайце палітвязня:
Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава
Дзмітрый Васільевіч Сушчык
Крыніца: Палітвязня, якога перазатрымалі па заканчэнні тэрміну, асудзілі па новай крымінальнай справе