19.09.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, свабода слова, рэпрэсіі У Беларусі на сённяшні дзень не засталося бяспечных спосабаў адкрыта выказваць нязгоду з дзеяннямі ўладаў. За ўдзел у пратэсных акцыях трохгадовай даўніны на беларусаў да гэтага часу заводзяць крымінальныя справы па так званым "народным артыкуле". Пераслед за каментары ў інтэрнэце і нават за рэакцыі ў сацсетках толькі падкрэсліваюць жахлівыя масштабы рэпрэсій у нашай краіне. У 2021 годзе ў Беларусі крыміналізавалі заклікі да санкцый, а за публічную іх падтрымку беларусам цяпер пагражае да 12 гадоў няволі.

Распавядаем, як і каго ў Беларусі пераследуюць за "заклікі супраць нацыянальнай бяспекі", а таксама разбіраемся з юрысткай, ці з’яўляецца такі спосаб пратэста законным, як звязаныя заклікі да санкцый і свабода слова.

sudovae-pasjadzhenne-u-mezhakh-specyjaln
Судовае пасяджэнне ў межах спецыяльнай вытворчасці па крымінальнай справе супраць Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна. Фота: БЕЛТА

14 снежня 2021 года Лукашэнка падпісаў закон, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за заклікі да дзеянняў абмежавальнага характару (санкцый), скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь – артыкул 361 Крымінальнага кодэкса. За публічную падтрымку абмежавальных мераў ў Беларусі пагражае да 12 гадоў зняволення. У параўнанні з папярэдняй рэдакцыяй названага артыкула ў трэцяй яго частцы максімальны тэрмін пакарання павялічыўся на пяць гадоў.

Нярэдка палітычна матываваныя крымінальныя справы разглядаюцца ў закрытым рэжыме. Суды па артыкуле за заклікі да санкцый не выключэнне. Таму праваабаронцам застаюцца невядомыя абставіны некаторых справаў. 

Юрыстка "Вясны" Вікторыя Рудзянкова адзначае, што наяўнасць у заканадаўстве і актыўнае прымяненне на практыцы артыкула 361 Крымінальнага кодэкса з’яўляецца бясспрэчным парушэннем правоў чалавека.

"Фармулёўка дыспазыцыі артыкула занадта шырокая, што з’яўляецца характэрным для рэжыму. Бо гэта зручна: пад такую фармулёўку, як дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы дзяржавы, можа падпадаць амаль што заўгодна, што не падабаецца рэжыму. Любое іншадумства можа быць трактаванае як прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. Тое ж самае і з вызначэннем уласна нацыянальнай бяспекі. Сфармуляваць, абапіраючыся на заканадаўства Беларусі, што менавіта такое нацянальная бяспека – немагчыма"

Спроба вызначэння даецца ва Указе Лукашэнкі  № 575 "Аб зацвярджэнні Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь": "нацыянальная бяспека – стан абароненасці нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь ад унутраных і знешніх пагроз". 

Да ўвядзення санкцый у дачыненні да прамысловых прадпрыемстваў, спартовых арганізацый, дзяржслужачых заклікаюць лідары грамадзянскай супольнасці, кіраўнікі новых дэмакратычных арганізацый. Іх дзеянні нярэдка падтрымлівалі ў публічнай прасторы і простыя людзі. Пад крымінальны пераслед патрапілі і першыя і другія. Некаторыя з ініцыятараў на момант завядзення крымінальных справаў знаходзіліся за мяжою. Іх справы разглядалі ў завочным парадку. Адну з такіх завялі на кіраўнікоў Фонду спартовай салідарнасці.

На сённяшні дзень у Беларусі не менш за 85 асуджаных за заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі. Пераважную большасць з іх абвінавачваюць адразу па некалькіх "палітычных" артыкулах. На сёння вядома шэсць чалавек, асуджаных толькі паводле артыкула 361 КК: Аляксей Аляксейчык, Леанід Герасімлюк, Уладзіслаў Марціновіч, Аляксандр Мішук, Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін.

 "Артыкул 361 прымяняецца для палітычнага пераследу аўтаномна толькі ў адзінкавых выпадках, што толькі пацвярджае яго інструментальнасць у мэтанакіраваным здушэнні свабоды слова, запужванні і пакаранні актыўных. У звязку з іншымі палітычнымі артыкуламі ён дае большы тэрмін зняволення, улічваючы, што пакаранне прадугледжвае пазбаўленне волі ад 6 да 12 гадоў.  Прысутнасць дадзенага артыкула у абвінавачанні чалавека стварае ўражанне, што ён узорны злачынца, а яго пазбаўляюць волі па канкрэтным у заканадаўстве з пэўным, хоць і беспрынцыпна шырокім, апісаннем злачынства. Палітычны пераслед у дадзеным выпадку накіраваны і на мэту запужвання: каб іншыя бачылі, што за заклікі да санкцый людзі сядзяць у турме рэальныя тэрміны", – каментуе сітуацыю Вікторыя.

Санкцыі супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі і першы прысуд у межах спецвытворчасці

herasimenja-apeikin.jpg
Аляксандр Апейкін і Аляксандра Герасіменя

На экс-старшыню Беларускага фонду спартовай салідарнасці, плаўчыху і трохкратную прызёрку Алімпійскіх гульняў Аляксандру Герасіменю і выканаўчага дырэктара Фонду Аляксандра Апейкіна ў красавіку 2021 годзе завялі крымінальную справу за заклікі да санкцый. Фонд з’явіўся ў 2020 годзе з мэтай дапамагаць спартоўцам, пацярпелым ад рэпрэсій. Кіраўніцтва арганізацыі абвінавацілі ў распаўсюджванні ілжывых звестак пра хаду вынікаў выбарчай кампаніі, а таксама ў закліку да іншых дзяржаваў і міжнародных арганізацый для ўвядзення санкцый. Таксама ім у віну паставілі заклік да санкцый супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, заклікі перанесці з Беларусі міжнародныя спартовыя мерапрыемствы.

26 снежня 2022 года Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна асудзілі да 12 гадоў калоніі кожнага. Гэта першы прысуд па крымінальнай справе, які быў вынесены ў межах спецвытворчасці.  Таксама ў Герасімені канфіскавалі маёмасць, у тым ліку кватэру і 48000 даляраў з асабістага рахунку.

Спартоўцы з верасня 2020 году знаходзяцца па-за межамі Беларусі.

Па гэтым жа артыкуле быў асуджаны і адвакат кіраўнікоў Фонду Аляксандр Данілевіч. Адваката затрымалі ў траўні 2022 года і абвінавацілі ў тым, што ён заклікаў да санкцый у дачыненні да беларускага спорту і займаўся "дыскрэдытацыяй айчынных прадпрыемстваў перад замежнымі партнёрамі".

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, адвакат "шляхам дачы парадаў, указанняў, прадастаўлення інфармацыі, аказання іншай дапамогі садзейнічаў Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны". Ён жа "падрыхтаваў і адрэдагаваў тэкст не менш як трох зваротаў ад прадстаўнікоў "стачачных камітэтаў", у якіх выклаў свядома ілжывыя звесткі аб палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сітуацыі ў Беларусі, заклікаў кіраўніцтва замежнай кампаніі спыніць дамоўныя адносіны з беларускім контрагентам".

У красавіку 2023 года Аляксандра асудзілі на дзесяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

Лідары дэмакратычнай супольнасці і справа "Каардынацыйнай рады"

zavoczny-sud_cikhanouskaja.jpg
Фігуранты справы "Каардынацыйнай рады"

Амаль ва ўсіх лідараў дэмакратычнай супольнасці фігуруе ў крымінальных справах артыкул 361. Так, па справе "Каардынацыйнай рады" ў завочным парадку шостага сакавіка 2023 года асудзілі  Святлану Ціханоўскую на 15 гадоў, Паўла Латушку на 18 гадоў, Вольгу Кавалькову, Марыю Мароз і Сяргея Дылеўскага – на 12 гадоў калоніі кожнага. Агулам ім інкрымінавалі 12 крымінальных артыкулаў.  

Згодна з абвінавачваннем"за некалькі дзён да выбараў Святлана Ціханоўская, Вольга Кавалькова, Марыя Мароз, а таксама асуджаныя Максім Знак і Марыя Калеснікава і іншыя асобы спланавалі і арганізавалі 9 жніўня 2020 года ў Мінску і іншых гарадах краіны несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы. Адзначаецца, што змоўшчыкі дзейнічалі сумесна з адміністратарамі і кіраўнікамі розных інтэрнэт рэсарсаў, у тым ліку тэлеграм-каналаў. Канчатковая мэта іх дзеянняў складалася ў адхіленні ад улады законна абраных і прызначаных асобаў у узвядзенне да ўлады іншых, у тым ліку на пасаду прэзідэнта ўдзельніцу змовы ЦІханоўскую".

Марыю Калеснікаву і Максіма Знака асудзілі на 11 і 10 гадоў калоніі адпаведна. Марыю і Максіма сярод іншага таксама абвінавацілі ў закліках да ўвадзення санкцый. 

Крымінальныя справы супраць стачкамаўцаў "Нафтана"

volha-brycikava_aljaksandr-kukharonak.jp
Вольга Брыцікава і Аляксандр Кухаронак

У жніўні 2023 года затрымалі  былую старшыню незалежнага прафсаюза "Нафтан" Вольгу Брыцікаву і стачкамаўца Аляксандра Кухаронка, які першы, хто ў 2020 годзе абвясціў стачку на прадпрыемстве. Стачкамаўцаў затрымалі за заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі. На сённяшні дзень яны ўтрымліваюцца ў СІЗА. 

Вольга адпрацавала на прадпрыемстве "Нафтан" 16 гадоў, але была звольнена, з-за выказвання сваёй пазіцыі. Палітзняволеную шмат затрымлівалі за выказванні супраць вайны і распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў. Цягам 2022 года яна правяла ў зняволенні 105 сутак, з іх – 75 запар. 

Заклікі да санкцый – палітычнае выказванне

На думку юрысткі "Вясны", заклікі да мераў абмежавальнага характару па сваёй сутнасці з’яўляюцца палітычным выказваннем, а наяўнасць адказнасці за іх – несхаванае здушэнне свабоды слова.

"Іншымі словамі, такія дзеянні, як заклікі да санкцый – гэта пэўныя спробы ўплыву на міжнародных актараў, якія маюць пэўныя стасункі з Рэспублікай Беларусь, дзе апошняй ёсць што губляць. А санкцыі накіраваныя на тое, каб змяніць паводзіны або палітыку дзяржавы. Так ці інакш, любыя выказванні наконт санкцый – гэта палітычная думка – і падпадае пад ахову артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах – права на свабоднае выказванне свайго меркавання", – гаворыць юрыстка.

Для пераследу дастаткова проста абмяркоўваць санкцыі

Фота
Старшынz Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук

Вікторыя адзначае, што ў асноўным, дзеянні, за якія людзей судзяць, гэта не ўласна заклікі да санцый, а іх абмеркаванне, то бок разважанні на палітычныя тэмы.

"Як, да прыкладу, гісторыя Аляксандра Ярашука, які зараз палітычны зняволены па артыкулах за масавыя беспарадкі і заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, у тым ліку заклікі да санкцый. Вядома, што гэты чалавек выступаў адкрыта супраць санкцый, то бок ён актыўна абмяркоўваў тэму санкцый і ніколі не заклікаў менавіта да санкцый. Паказальна: як гнутка выкарыстоўваецца артыкул, каб не гучалі меркаванні на непажаданыя тэмы".

Старшыню Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука затрымалі ў красавіку 2022 года. А ў лістападзе таго ж года стала вядома, што палітвязня абвінавачваюць у закліку да санкцый паводле ч . 3 арт. 361 КК. Пры гэтым сам прафсаюзны лідар адкрыта выступаў супраць санкцый.

26 снежня 2022 года Аляксандра асудзілі на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму.

Суровыя прысуды прафсаюзнікам

Генадзь Фядыніч, Васіль Бераснеў і Вацлаў Арэшка

Трох лідараў беларускіх незалежных прафсаюзаў Генадзя Фядыніча, Васіля Бераснева і Вячаслава Арэшку затрымалі 19 красавіка 2022 года. Іх усіх абвінавацілі ў закліках да мераў абмежавальнага характару, накіраваных супраць нацыянальнай бяспекі.  

Генадзь Фядыніч займаў пасаду кіраўніка незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), які 11 красавіка 2022 КДБ прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем". Васіль Бераснеў быў лідарам аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, а таксама выконваў абавязкі старшыні прафсаюзу. Палітолаг і грамадскі дзеяч Вячаслаў Арэшка таксама прафсаюзны лідар. 

У студзені 2023 года прафсаюзнікаў асудзілі да пазбаўлення волі паводле трох пртыкулаў, у тым ліку за заклікі да санкцый: Генадзя Фядыніча і Васіля Бераснева на дзевяць гадоў, а Вячаслава Арэшку на восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

Менеджар культуры, актывіст анархісцкага руху і студэнтка-выдатніца. Хто яшчэ асуджаны за заклікі да санцый?

peradnja_belavus_dzjadok.jpg
Асуджаныя палітвязні паводле арт. 361 КК Данута Перадня, Павел Белавус і Мікола Дзядок

Культурніцкага менеджара і заснавальніка крамы нацыянальнай сімволікі Symbal.by Паўла Белавуса затрымалі ў лістападзе 2021 года. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, стварээні экстрэмісцкага фармавання, здрадзе дзяржаве, а таксама ў закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі.

Як паведаміў Следчы камітэт, "пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх была змена дзяржаўнай улады ў Беларусі". Нібыта, Павел "стымуляваў варожасць суайчыннікаў у адносінах да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяннямі Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы".

11 траўня 2023 года Паўла асудзілі на 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Актывіст анархісцкага руху, блогер і журналіст Мікола Дзядок пісаў і здымаў відэа на грамадскага-палітычныя тэмы. Адміністраваў уласны тэлеграм-канал “Mikola”. Яго затрымалі ў лістападзе 2020 года пад Мінскам, падчас чаго моцна катавалі.

Паводле абвінавачванняў, "дляпрычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь Дзядок неаднаразова распаўсюджваў розныя матэрыялы на кіраваным ім тэлеграм-канале выкарыстоўваючы метады, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму".

Дзясятага лістапада 2021 года Міколу асудзілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў на пяць гадоў калоніі строгага рэжыму.

Студэнтку Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Дануту Перадню затрымалі ў лютым 2022 года, калі дзяўчына ехала маршруткай з Кіраўска ў Магілёў.

Данута – студэнтка-выдатніца факультэта рамана-германскай філалогіі пасля затрымання была адлічана. Яе абвінавацілі ў тым, што дзяўчына 27 лютага перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне. Таксама там утрымліваўся заклік да вулічных выступленняў і канстатавалася адсутнасць перспектыў у беларускай арміі ў выпадку яе прамога ўступлення ў вайну.

У выніку Дануту асудзілі па дзвюх артыкулах на шэсць з паловай гадоў агульнага рэжыму.

"Далей за абмежаванне беларускі заканадаўца не прасунуўся"

Юрыстка адзначае, што абмежаванне свабоды слова магчымае для названых уладамі мэтаў. Але гэтага недастаткова – любое падобнае абмежаванне мусіць праходзіць паверку адпаведнымі крытэрамі. 

"У той жа час, права на выказванне меркавання сапраўды можа быць абмежавана для мэты аховы нацыянальнай бяспекі. Але далей за гэта беларускі заканадаўца не прасунуўся, бо такога кшталту абмежаванні павінны яшчэ і адпавядаць крытэрам прапарцыйнасці, законнасці і неабходнасці у дэмакратычным грамадстве. 

Ні сама сутнасць так званага злачынства, ні зашырокая яго фармулёўка не спрыяюць таму, каб гэты артыкул быў прызнаны адпаведным канстытуцыі і міжнародным стандартам правоў чалавека. Фактычна, ужо ў тэксце артыкула можна прачытаць, што людзей пазбаўляюць волі менавіта за тое, што яны выказваюць сваё меркаванне наконт міжнароднай палітыкі (бо санкцыі – гэта і ёсць палітычны механізм). А артыкул з’яўляецца не больш, чым проста інструментам палітычных рэпрэсій і не адпавядае міжнародным стандартам правоў чалавека, якія дэкларуюцца ў Канстытуцыі Беларусі, а таксама ляжаць грузам адказнасці Беларусі фактам прыяднання да міжнародных дамоваў", –  прыходзіць да высновы Вікторыя.

Крыніца: "Любое іншадумства можа быць трактаванае як прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы". Як пераследуюць беларусаў за заклікі да санкцый