18.09.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Мінскім гарадскім судзе 18 верасня па гучнай справе "Чорнай кнігі Беларусі" да сямі гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі палітзняволенага былога мэнэджэра МТС і саліста музычнага гурта "Закон гуку" Аляксея Кузьміна. Негледзячы на тое, што ў ліпені палітвязень даў прапагандыстам "пакаяльнае інтэрв'ю", яго асудзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: за "дапамаганне ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці групай асоб" і "актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Суд над ім пачаўся 11 верасня пад пільнай увагай прапагандыстаў. Прысуд палітвязню вынес Сяргей Хрыпач.
Аляксея затрымалі 26 кастрычніка 2022 года і змясцілі пад варту. Згодна версіі абвінавачвання, Аляксей Кузьмін, з 9 жніўня 2020 года да 8 красавіка 2021 года, займаючы пасаду начальніка аддзела сістэм прадбілінга і тарыфікацыі кіравання тэлекам-рашэнняў Дэпартамента інфармацыйных тэхналогій СТАА "МТС" і маючы доступ да асабістай інфармацыі кліентаў аператара мабільнай сувязі, "зліваў" у Telegram-каналы "Чорная кніга Беларусі", "Карнікі Беларусі", "Все нарушения!". Па справе праходзіць не менш за 57 пацярпелых: сілавікі, праўладныя журналісты, чыноўнікі, суддзі, пракуроры і члены іх сем'яў. Сярод іх — прапагандыстка Людміла Гладкая, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч, бізнэсмэн Яўген Алексеюк.
Таксама палітвязня судзяць за ўдзел у акцыі пратэсту, доказам якога з'яўляецца яго фотаздымак на дарозе.
У выніку, Кузьміна абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (дапамаганне ў распальванні варожасці і варажнечы, учыненае групай асоб) і арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суд над ім пачаўся 11 верасня пад пільнай увагай прапагандыстаў.
На судзе Аляксей віну прызнаў цалкам і раскаяўся ў здзейсненым. Ён хадайнічаў аб правядзенні працэсу ў закрытым рэжыме, але хадайніцтва не задаволілі. Суд праходзіць у адкрытым рэжыме, на ім дапытваюць пацярпелых. Вядома, што пракурор запрасіў для Аляксея сем гадоў зняволення — менавіта такі тэрмін і прызначыў Сяргей Хрыпач.
Падтрымайце Аляксея грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксей Уладзіміравіч Кузьмін
Крыніца: Экс-мэнэджэра МТС і музыку Аляксея Кузьміна асудзілі да 7 гадоў калоніі